Нязгасны боль жыхароў вёскі Круглае

1

У той сонечны красавіцкі дзень 1943 года, калі за невялікай, двароў на сорак, вёскай Круглае над палеткамі разносіўся вясёлы перазвон жаўранкаў, Стэфа Сушчынская, выходзячы з дому, не думала, што ўжо не вернецца да яго жывой. Напярэдадні вяскоўцы далі ёй наказ: размераць на дзялянкі, на кожны двор, палянку ўзбоч гравелькі, што вядзе з Урэчча да шашы-«варшаўкі» — пад ворыва.

З ёй выйшлі адзінаццаць вясковых хлопцаў ва ўзросце ад 13 да 18 гадоў. Яны павінны былі несці драўляныя калкі для вызначэння межаў кожнай дзялянкі. Прыхапіла Стэфа «казу"-рагульку для адмервання, і яны ўсе пакрочылі да той паляны. Праз некалькі хвілін у баку Урэчча грымнуў магутны выбух. Ніхто не падумаў, што следам ідзе смерць. Бо на гравельцы метраў за чатырыста ад вёскі на партызанскай міне падарваўся нямецкі легкавік, загінулі афіцэр і салдат-кіроўца. Следам ішоў грузавік, у кузаве якога сядзелі салдаты.

Машына спынілася, з кабіны вылез афіцэр, загадаў падабраць трупы і пакласці іх у кузаў. Абмінуўшы варонку ад выбуху, грузавік паехаў далей, у бок вёскі Круглае. Вось там у полі зроку таго афіцэра і трапілі хлапчукі і маладая жанчына. Ён замахаў ім рукой і загадаў ісці да яго: «Ком, ком!». Наўрад ці думала 34-гадовая Стэфа, а хлапчукі тым болей, што гэты немец будзе іх забойцам. Афіцэр тым часам дастаў з кабуры пісталет, загадаў хлапцам станавіцца на калені паблізу яго, у прыдарожнай канаве, і страляў у патыліцу.

Реклама

Жанчына ўсчала крык, прасіла не забіваць ні ў чым не вінаватых дзяцей, але забойца не слухаў яе. Потым перазарадзіў пісталет і стрэліў ёй у галаву. Пасля гэтага сеў у кабіну, і машына паехала далей.

Успамінае 77-гадовая жыхарка вёскі Яўгенія Гаўрылаўна Галагуцкая, сведка выніку той трагедыі.
«Мне тады было дзесяць гадоў. Добра памятаю, як з раніцы бацька сказаў, што пойдзе са Стэфаю размерваць зямлю за гравелькай. Але мой брат Лёнік — яму было трынаццаць гадоў - адпрасіўся пайсці замест бацькі. У вёсцы чулі стрэлы і крыкі, плач Стэфы Сушчынскай, але не чакалі бяды. Наш сусед запрог каня ў дробіны і прывёз адтуль дванаццаць акрываўленых трупаў. Сярод іх быў і наш Лёнік. Божачкі! Які плач усчаўся тады над вёскай! Галасілі не толькі маці забітых, а ўсе жанчыны, што падыйшлі да павозкі. Мусіць, і неба пачула гэты плач».
Пахавалі забітых на вясковых могілках, кожнага ў асобнай магіле. А ў 70-я гады мінулага стагоддзя на месцы расстрэлу быў пастаўлены гранітны помнік з выбітымі на ім прозвішчамі ўсіх дванаццаці ахвяр фашысцкага генацыду. 13 красавіка, у дзень іх гібелі, вяскоўцы ўскладваюць там кветкі.

Міхась Тычына

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
сергей
сергей
20 апреля 2011 16:36

Мне всегда была интересна история этого памятника.