Грэск талентамі багаты

0

Паважаны «Кур'ер»! Родам я з Бокшыц, але так склалася, што ўжо больш за 50 гадоў жыву ў Грэску. З васьмі гадоў захапляюся музыкай, скончыў Маскоўскі ўніверсітэт мастацтваў і працаваў мастацкім кіраўніком Грэскага раённага Дома культуры, доўгі час выкладаў музыку і спевы ў Грэскай сярэдняй школе. Сярод маіх вучняў, напрыклад, Вольга Міхайлаўна Клебановіч, народная артыстка Рэспублікі Беларусь, якая працуе ў Рускім драматычным тэатры імя Максіма Горкага.
Нядаўна быў запрошаны на справаздачны сход працаўнікоў мясцовага сельскагаспадарчага вытворчага калектыву. Ведаеце, атрымаў вялікую асалоду як ад самога сходу, на якім падводзілі вынікі працы і віталі ветэранаў калектыву, так і ад святочнай канцэртнай праграмы, прапанаванай самадзейнымі артыстамі Грэскай дзіцячай школы мастацтваў. Гледачы цёпла сустракалі апладысментамі юных дыпламантаў абласнога і рэспубліканскага конкурсаў мастацкай самадзейнасці: Маргарыту Мяцельскую, Юлію Кандыбовіч, Насцю Барысавец, Іну Сасіновіч, Васілісу Федаровіч, Таню Страховіч, Надзю Крот, Насцю Панову, Валеру Філіповіча.
З вялікім поспехам выканала песні Святлана Васільеўна Лосік, настаўнік музыкі Грэскай сярэдняй школы. У яе рэпертуары былі, дарэчы, і песні на словы і музыку Міхаіла Міхайлавіча Вітко, настаўніка працы гэтай школы. Не менш працяглыя апладысменты сяльчан былі адрасаваны жаночай вакальнай групе, салістцы Жанне Анатольеўне Кудзёлка і ансамблю народных інструментаў.
Вялікі дзякуй усім, хто меў дачыненне да гэтага свята.

Васіль Цімафеевіч Капарыха, жыхар вёскі Грэск

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии