«Марозастойкі» пенсiянер

0

Зімовы ранак, мароз градусаў пад пятнаццаць. Мне насустрач у цэнтры горада ідзе хударлявы мужчына гадоў за семдзесят на выгляд, у тонкім хатнім світары, без рукавіц, на галаве кепачка-блін. Прыпыніў я крок перад дзядулем, павіншаваў яго з Новым годам. З нейкай весялосцю ён адказаў на маё пытанне, ці не холадна яму ў хатнім адзенні: «А я не баюся марозу даўно, з маладых гадоў, калі раніцай на балконе выліваў на галаву вядро халоднай вады. І летам, і зімой. Ніколі не ведаў прастуды».

Разгаварыліся, мужчына запрасіў да сябе дадому. І дадаў: «У маёй маці было дзевяць дзяцей, восем сыноў і дачка -будзе што паведаць, калі цікавіцеся».

Реклама

Праз дзён два я завітаў да Уладзіміра Піліпавіча Курыльчыка ў яго трохпакаёўку. Яму ўжо семдзесят пяць споўнілася, жыве адзін. Адзінаццаць гадоў таму памерла жонка, дзеці не забываюць, праведваюць.
Нарадзіўся ён у недалёкай ад горада вёсцы Прошчыцы. Бацькі былі калгаснікамі, працавалі ў палявой брыгадзе за працадні, жылі бедна.

«Памятую тыя асеннія дні, калі маці пасылала нас, падлеткаў, у недалёкі ад вёскі лес, дзе раслі векавыя дубы, збіраць пад імі жалуды. Яна сушыла іх на печы, малола ў жорнах і пякла блінцы, бо мукі не было ні грамачка: на працадні выдавалі тады грамаў па трыста зерня, а ў хаце адзінаццаць едакоў, — расказвае Уладзімір Піліпавіч. — Добра запамятаваўся летні ранак 1941-га года, калі маці пайшла даіць карову, а насустрач ёй падбеглі два палонныя чырвонаармейцы. Яны папрасілі схаваць іх, бо збеглі з будынка школы ад вартавога. У сенцах у нас на нарах дашчаных спалі ўсе дзевяцёра дзяцей, паміж імі прылеглі і тыя палонныя. Хутка ў хату завіталі два немцы з аўтаматамі і загадалі палонным устаць. А маці паставілі да сцяны — хацелі застрэліць. Дзеці прачнуліся, сталі плакаць. Тады адзін немец сказаў, што, каб не „кіндэры“, растраляў бы яе, а так хай жыве.

Памятаецца лета 1944 года, калі Чырвоная Армія падыйшла да Слуцка. Па поўдню 29 чэрвеня да вёскі пад’ехалі нашы кавалерысты. Немцы на ўскраіне вёскі адкрылі стральбу, але хутка замоўклі. Ад выбуху снарада крайняя хата загарэлася, агонь перакінуўся яшчэ на дванаццаць суседніх. Згарэла цалкам і наша хата, ацалела толькі істопка, што ў двары.
Пасля я налічыў узбоч дарогі дванаццаць трупаў у шэрых мундзірах. Але адзін з немцаў засеў на бярозе з вінтоўкай і паспеў зрабіць некалькі стрэлаў па нашых салдатах, затым злез і ўзняў рукі. Яго тут жа прыстрэлілі.
Бацька выразаў тры вакны ў істопцы, што ацалела, склаў з абвугленай цэглы печ. Два гады мы жылі ўпрогалад, спалі адзін пры адным на падлозе ў істопцы. Пасля вайны вярнуўся з арміі брат Павел і разам з бацькам збудаваў на пажарышчы новую хату. Пазней тата прастудзіў ныркі, цяжка захварэў і памёр у 54-гадовым узросце. Маці амаль трыццаць гадоў без мужа цягнула сямейны воз.

Па-рознаму склаўся лёс маіх братоў і сястры. Старэйшы, Іван, пасля вайны жыў у Расіі, потым вярнуўся і да канца сваіх дзён працаваў мулярам у Салігорску. Павел да пенсіі рабіў трактарыстам у сваім каўгасе. Абодва браты ўжо памерлі. Астатнія пяцёра не збочылі з жыцёвай дарогі, кожны працаваў па выбранай прафесіі. Сястра Галя, 1945 года нараджэння, да пенсіі працавала паштальёнам. Жыве ў Прошчыцах у матчынай хаце.

Што датычыцца мяне, то пасля службы ў арміі на Далёкім Усходзе я скончыў Слуцкае вучылішча механізацыі і курсы шафёраў. Ажаніўся, пайшоў працаваць на цукрова-рафінадны камбінат вадзіцелем грузавіка. Нам з жонкай выдзелілі ў інтэрнаце аднапакаёвую кватэру з кухняй на дзевятнаццаць сем’яў. Пражылі там дзесяць гадоў. Раніцай я абліваўся на балконе вядром халоднай вады і ішоў на работу. Пазней гарсавет выдзяліў мне гэту трохпакаёўку. Два разы на тыдні шаснаццаць гадоў запар я едзіў на грузавіку ГАЗ-51 у Мінск і прывозіў балоны з кіслародам для зварачных работ. Закончыў свой працоўны стаж вадзіцелем самазвала ў вайскавым гарадку, вазіў вугаль для кацельні. Пенсіі ў 600 тысяч рублёў на пражыццё мне хапае.

Дзяцей у нас з жонкай трое. Дачка Наташа бібліятэркай у вёсцы Селішча робіць, жыве ў Слуцку. Ала па прафессіі - сацработнік, таксама случчанка. Сын Васіль жыве ў Грэску, працуе ў будаўнічай брыгадзе.
На камбінаце, дзе працаваў, мяне не забываюць: дапамагаюць ветэрану, калі ёсць у чым патрэба».

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии