Уздзенскі інтэрнат — школа майго жыцця

0

І сапраўды, выхаванцы Уздзенскай школы-інтэрната жылі разам, як адна сям’я.
Па-рознаму склаўся іхні лёс. У аднаго загінулі бацькі, у другога яны былі асуджаны, у трэццяга была вялікая сям’я, і маці адна не магла цягнуць гэту лямку.

З непрывычкі, пасля вольнага жыцця, цяжка прывыкаць да «абшчака». У палове сёмага пад’ём, фізічная зарадка на вуліцы, пасля якой прыходзілася мыцца халоднай вадой і, горш за ўсё, шоркаць у роце зубной шчоткай з нейкім пахучым парашком. Яшчэ неабходна было коўдрай захіснуць ложак так, каб палоскі ад першага ложка супадалі з палоскамі апошняга. Жыло ў кожным пакоі па шаснаццаць гаўрыкаў. Дзяўчаты пражывалі ў другім крыле. У палове восьмага дзеці ішлі снедаць, а роўна ў восем званок абвяшчаў пра пачатак заняткаў.

Інтэрнат у далёкія шасцідзесятыя гады быў на частковым самаабслугоўванні. Дзеці самі прыбіралі тэрыторыю вакол школы, чысцілі рыбу ды бульбу, мылі посуд. У пакоях, дзе яны жылі, і ў класах усё зіхацела. Вельмі весела было ў суботу — дзень генеральнай уборкі. Па ўсёй школе стаяў вэрхал: дзяўчаты мылі вокны, хлопцы насіліся з вёдрамі, поўнымі вады, мылі з мылам сцены, падлогу, леснічныя прыступкі, адным словам, жылі, як у арміі. Пасля ўборкі выхаванцы ішлі ў лазню, якая знаходзілася ў падвальным памяшканні, потым вячэралі.

Реклама

Кожны вечар у фае каля сталоўкі ішоў так званы “разбор палётаў”: адзін клас здаваў дзяжурства другому. Гэты рытуал перадачы праходзіў вельмі бурна, таму што кожнаму класу ставіліся адзнакі за чысціню і паводзіны. Потым падлічвалі адзнаку і ў канцы месяца выяўлялі клас-пераможцу, якому ўручалі чырвоны вымпел.

Нядзеля была самым жаданым днём: пасля снедання ўсе вучні з першага па дзесяты клас ішлі ў кінатэатр. Але не для ўсіх гэты дзень быў радасным: хто не паспяваў у вучобе ці меў якія-небудзь правіннасці, сядзеў у класе і скрозь горкія слёзы «грыз» граніт навукі. І паспрабуй дзесьці памыліцца пры адказах на пытанні выхавацеля — будзеш займацца да самага адбою.
Можа, таму дзевяноста працэнтаў выпускнікоў паступалі ў ВНУ. Цяпер толькі, з вышыні пражытых гадоў, разумееш, што для цябе гэта была сапраўдная школа: школа-сям’я, школа-дом.
Нізкі вам паклон да самай матухны-зямлі, паважаныя нашы выхавацелі і настаўнікі Уздзенскай сярэдняй школы-інтэрната!

Мікола Корань


АДНА СЯМ’Я. Толькі цяпер, з вышыні пражытых гадоў, разумееш, што для цябе была гэта школа: школа-сям’я, школа-дом.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии