Пятроў крыж

0

Дзве аўтаматныя чэргі за вёскай зрэзалі напавал двух конных немцаў, што вярталіся ў той шэры, з прыцемкамі, снежаньскі дзень у свой гарнізон у вёсцы Вясея. Партызаны забралі іх вінтоўкі, патроны, шынялі, а трупы скінулі ў рэчку Слівянку, што струменіць метраў за трыста ад нашай вёскі. А вось коней партызаны пакінулі - лішні клопат. І тыя вярнуліся ў свой гарнізон, мінуючы тры вёскі па шляху. Ад аўтаматнай кулі на шыі аднаго каня рана засведчыла, што верхавыя трапілі ў засаду.

Вёска ў тую ж ноч апусцела: мужчыны з дзецьмі выбраліся ў лес, што цямнеў за сядзібай у нейкім кіламетры, у хатах засталіся толькі жанчыны. Трывога жыхароў была апраўданай: вясной ў недалёкай вёсачцы Падлошыца за тое, што ноччу партызаны спілавалі восем ці дзесяць тэлеграфных слупоў узбоч шашы-«варшаўкі», немцы днём вывелі на вуліцу семярых пажылых, ад 57 да 82 гадоў, мужчын (маладзейшыя пахаваліся дзе хто мог) і растралялі ва ўпор з аўтаматаў пасярод вуліцы. Віна іх была ў тым, што вёсачка тая знаходзілася ў паўкіламетры ад шашы, і слупы былі спілаваны якраз насупраць яе! Для немцаў гэта быў повад для помсты.

А тут, ля нашай вёскі, партызаны збіваюць двух нямецкіх салдат. Мужчыны зразумелі - пакарання ім не мінаваць, калі не схаваюцца. Толькі наш сусед, Пятрусь Кунцэвіч, не схацеў пакідаць хату, хоць жонка Волька і настойвала: «Збірайся і ідзі хутчэй у лес, усе мужчыны выбраліся, не наклікай бяду на хату». Пятрусь катэгарычна заявіў: «Нашто я, пажылы чалавек, патрэбен тым немцам? Нарыхтоўку ім я здаў ужо, буду сядзець дома, не ўсе немцы дрэнныя».
Пятрусь у 30-я гады доўга не хацеў уступаць у калгас, хоць лічыўся самым бедным у вёсцы, хадзіў зімой у лазовых лапцях, меў гектараў два ворнай зямлі. Не было ў яго нават свайго гумна, таму звозіў снапы з палетка ў суседскае гуменца. Пасля таго, як у 1937 годзе яго стрыечнага брата Кастуся Кунцэвіча ноччу забраў «чорны воран» і след чалавека згінуў, Пятрусь пазваляў сабе нават у мужчынскіх кампаніях выказваць не лепшыя словы ў адрас ўладаў, бальшавікоў, называў іх «антыхрыстамі». Але яго не чапалі.

Реклама

…На наступны, пасля забойства ля рэчкі дзень, у вёску на трох падводах прыехала каля пятнаццаці немцаў з таго Вясейскага гарнізона з двума ручнымі кулямётамі. Двое з іх абыйшлі ўсе да адной хаты — шукалі мужчын, аглядалі ўсе закуткі і вуглы ў хатах, сенцах, а потым злосныя выходзілі. І напэўна ні з чым і вярнуліся б у свой гарнізон, калі б на вуліцу не выйшаў той Пятрусь Кунцэвіч, у лапцях, ватнай світцы і шапцы-аблавушцы. Афіцэр паклікаў яго да сябе і праз перакладчыка-паліцая запытаў, ці можа ён паказаць месца, дзе загінулі нямецкія салдаты. Пятрусь адказаў, што пакажа, хоць акрамя стрэлаў партызанскіх болей нічога не чуў і не ведаў. Немцы павялі яго за вёску, у бок рэчкі. Праз некалькі хвілін адтуль пачуўся адзінокі вінтовачны стрэл, на які ў вёсцы ніхто не зрэагаваў - ці мала тады хто страляў! Але жыхар суседняй вёскі Папоўцы Цімох Калядка, пачуўшы стрэл за аселіцай і ўбачыўшы праязджаўшыя ў бок Вясеі падводы немцаў, прыкмеціў там агонь на зямлі - штосьці гарэла. Падыйшоўшы да таго касцёрчыка, убачыў труп Пятруся з разварочаным ад разрыўной кулі тварам. Світка яго гарэла зыркім полымем — немцы аблілі яе бензінам. Затушыўшы агонь, Цімох прыйшоў у вёску і перадаў сумную вестку пра ўбачанае. Пасля пахавання Пятруся нашы мужчыны яшчэ дзён два ці тры адседжваліся ў лесе, а ноччу выстаўлялі на канцы вуліцы, ад рэчкі, вартовага, каб той папярэдзіў людзей, пачуўшы гоман нязваных карнікаў.

А мне зараз, праз гады, падумалася: хацеў таго ці не хацеў, але Пятрусь у той апошні свой зямны дзень стаў закладнікам у немцаў і пайшоў на крыж, чым уратаваў жыццё 24 мужчынам, палавіна з якіх потым, летам 1944 года, была прызвана ў дзеючую армію, пяцёра загінулі на франтах пад Варшавай і ва Усходняй Прусіі. У іх ліку быў і сын Пятруся Кунцэвіча — Мікалай, дзевятнаццацігадовы хлапец. Куля яго скасіла на Сандамірскім плацдарме за Віслай.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии