Самавысылка выратавала сям’ю

0

Алесь Заброцкі не думаў, што яго з жонкай і трыма малымі дзецьмі ўключаць у спіс на раскулачванне, якое пракацілася ўжо па іх вёсачцы, зламаўшы лёсы пяці сем’яў. Ніхто з вяскоўцаў не лічыў гэтакімі багацеямі, бо мужчыны ў тых «кулакоў» зімой хадзілі ў лазовых лапцях — як і ўсе ў вёсцы. Алесь прыслухаўся, што гавораць суседзі, чаго чакаюць ад улад. І бачыў у вачах людзей трывогу, бо ніхто не забыў горкага плачу жанчын, якія з малымі дзецьмі пакідалі вёску, не ведаючы нават, куды іх з мужчынамі павязуць.

Хатнія разважанні

Калі Алесь вяртаўся з водведкаў, Анюта, яго жонка, гаварыла:
— Якія мы з табою кулакі? Зямлі маем няшмат, гумно, двое коней рабочых, карова. Хіба ж гэта багацце? Нам баяцца высылкі не трэба.
— Могуць прычапіцца, што хату маем большую, чым у суседзяў: дзве палавіны, падзеленыя сенцамі. Такая ў вёсцы толькі ў Івана Малевіча, але ж яго ў кулакі не залічылі, — заўважыў Алесь.
На тым размова і закончылася, абое палічылі, што бяда іх мінуе. Але дзён праз тры ў хату зайшоў сусед, Ёсіп Жаўрыд, і ціха, каб не чулі дзеці, сказаў, што ён чуў ад дасведчанага чалавека, сябра старшыні сельсавета, што Заброцкіх чакае высылка.

Уцёкі ў Асіповічы

Пахаладзела на душы Алеся і Анюты. Баяліся не за сябе, а за дзяцей, бо старэйшаму Ваньку было шэсць гадкоў, а малодшым Уладзіку і Тамары чатыры і два, пешша пад стол абое хадзілі. Дальняя дарога на Поўнач — а што раскулачаных менавіта туды вязуць у вагонах-цялятніках, каб высадзіць потым у тайзе, яны ведалі - дзеці не вытрымаюць, паўміраюць ад холаду і хваробаў.
Параіўшыся з жонкай, Алесь сказаў:
— Выеду я ў Асіповічы, там жыве мой стрыечны брат, на чыгунцы робіць, пажыву ў яго, не прагоніць. Ён з жонкай мае свой дамок, дзяцей у іх няма. Работа для мяне знойдзецца.
— А як нам быць? — спытала жонка. — Могуць згрэбці ўсіх на воз і адвезці ў Слуцак, у камерцыйнае вучылішча. Чула, што там збіраюць на высылку ўсіх раскулачаных.
— Не адправяць, можа, пашкадуюць малых дзяцей, толькі каб не прагаварыліся, куды я паехаў, — адказаў Алесь. А ноччу, прыхапіўшы ў рэчавы мех сёе-тое з белізны, адзення, прадуктаў на дарогу, пайшоў да чыгуначнага прыпынку каля Паўстыні, што ў сямі кіламетрах ад іх вёскі. Сеў раніцай у поезд, які ішоў са Слуцка на Асіповічы, і праз тры гадзіны быў у брата. Той дапамог уладкавацца яму рабочым-пуцейцам на станцыі.

Реклама

Цяжкае дзесяцігоддзе

А дзён праз пяць, раніцай, у хату Заброцкіх зайшлі трое мужчын. Адзін быў вайсковец у шынелі і шапцы з чырвоным аколышам. Ён спытаў у Анюты:
— Где ваш муж Александр? Позовите, если вышел.
— Не ведаю, дзе ён, кудысьці сышоў з дому, ужо які дзень няма, — адказала Анюта.
Незнаёмцы агледзелі абедзве палавіны хаты, зайшлі ў склеп для захоўвання гародніны, у гумно, у хлявы, дзе стаялі два кані і карова, але зніклага не выявлілі.
— Передайте вашему мужу, что, если не заглянет в хату, мы его найдём как миленького — не таких брали, — строга заявіў той, і ўсе трое выйшлі.
Але ночаў дзве ці тры Анюта бачыла ля брамкі з выхадам са двара на вуліцу незнаёмага мужчыну, які напэўна спадзяваўся, што сустрэнецца з Алесем. Потым знік, але старшыня сельсавета папярэдзіў Анюту, што, паколькі сям’я Заброцкіх падлягала на высылку, але стала няпоўнай без гаспадара, то мы забіраем у вас хату, якая з печчу, для часовага пражывання пераехаўшай з Любанскага раёна сям'і.
А вы будзеце жыць у другой палове хаты.
— Там жа няма печы, толькі грубка для сугрэву зімой. Дзе ж я буду дзецям поліўку варыць? — ледзь не з плачам спытала Анюта.
— Новыя гаспадары дазволяць карыстацца печчу, абавяжам іх, — адказаў старшыня.
— А можна мне запісацца ў калгас? Жыць жа з чаго трэба, коней ад мяне ўжо забралі, — спытала жанчына.
— Вось гэтага вам не дазволім, пакуль не вернецца муж, так і перадайце яму, — адказаў старшыня і выйшаў.
І мусіла Анюта хадзіць штодня за восем кіламетраў у саўгас «Махорты», дзе працавала ў палявой брыгадзе за мізерны заробак. Уставала ў чатыры гадзіны раніцы, каб падаіць карову, згатаваць што-небудзь дзецям на абед, сабе ў торбачку клала акраец хлеба з кавалачкам сала, і ў дарогу. І так шэсць гадоў. Толькі ў 1937-м яе ўсё ж прынялі ў калгас. Яна ўжо жыла ў большай палове сваёй хаты пасля выхаду любанскіх падсяленцаў.
Алесь тым часам не забываў родны кут, сям’ю. Зімой не часта, а летам болей рэгулярна ноччу, сыйшоўшы з вагона на паўстанку Паўстынь, прыходзіў дамоў. Дзеці радаваліся яму, туліліся да бацькі. Ён раздаваў ім па кульку цукерак, пячэння, жонцы сёе-тое з бялізны, абутку. А на досвітку, абыйшоўшы гумно на дальнім падворку, шыбаваў напрасткі па балоту да знаёмага паўстанка.

Вяртанне дадому

Вярнуўся Алесь дамоў летам 1941 года пасля таго, як Асіповічы занялі немцы. Праз год яму, як і ўсім вяскоўцам, пасля падзелку калгаснай зямлі далі тры з паловай гектары яе, столькі ж і сенажаці. За дзесяць гадоў адлучкі падраслі дзеці, сын Ваня ў 1940 годзе добраахвотна паступіў у школу ФЗН, вучыўся ў Ленінградзе, там жа працаваў на ваенным заводзе, перажыў блакаду. Пасля вайны выехаў на пражыванне ў Асіповіцкі раён. Другі сын, Уладзімір, стаў калгаснікам, ажаніўся з дзяўчынай з суседняй вёсцы Папоўцы і рана, не дажыўшы да пенсіі, памёр. Дачка Нюра выйшла замуж у недалёкую вёску.
Летам 1944 года, як многіх вясковых мужчын, у дзеючую армію Алеся не ўзялі па ўзросту і стану здароўя — не падыйшоў. Ён да канца сваіх дзён разам з жонкай працаваў у калгасе: ён — конюхам, яна — у палявой брыгадзе. Анюта нават лічылася ўдарніцай.
Цяпер на іх колішняй сядзібе пустка, нават цаглінкі на печышчы не ацалела, ні кала, ні двара — быццам не жыў тут ніхто.

Міхаіл Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии