Цытадэль няспраўджанай сталіцы

1

Шмат бедаў беларускім землям прынеслі паўстанні і войны сярэдзіны XVII стагоддзя. Тады многія гарады былі знішчаны ворагам, насельніцтва ж краіны зменшылася больш чым на палову. Заможны Слуцк мог падзяліць лёс такіх магутных, але захопленых і разрабаваных гарадоў, як Вільня, Магілёў ці Полацк. Аднак ў гэты час слуцкім князем стаў Багуслаў Радзівіл, адзін з найбольш знакамітых прадстаўнікоў гэтага роду.

Амбіцыйны малады князь доўгі час правёў у замежных вандроўках, дзе атрымаў надзвычай карысныя веды і вопыт у вайсковай справе і фартыфікацыі. Таму ў 1649 годзе, калі суседняя Украіна была ахоплена казацкім паўстаннем, у прадчуванні небяспекі для свайго горада Багуслаў Радзівіл пачаў непасрэдна займацца ўмацаваннем Слуцка. З паўночнага боку ракі Случ бастыённымі ўмацаваннямі старагаландскага тыпу (яны каштавалі нядорага і ўзводзіліся за кароткі час) была абнесена старая частка Слуцка.

Вайна з Маскоўскай дзяржавай, якая пачалася ў 1654 годзе, таксама несла вялікую пагрозу. Ваенныя кампаніі 1654 і 1655 гадоў сталі няўдалымі для нешматлікага войска ВКЛ, якое ўзначальваў Януш Радзівіл, стрыечны брат Багуслава. Таму вясною 1655 года, вяртаючыся пасля няўдалай аблогі занятага непрыяцелем Магілёва, Багуслаў Радзівіл затрымаўся ў Слуцку, каб давесці да канца фартыфікаванне Слуцка і падрыхтаваць яго да варожай аблогі. Даволі хутка пад кіраўніцтвам начальніка слуцкага гарнізона Вільгельма Патэрсана былі ўзведзены бастыённыя ўмацаванні вакол зарэчнай часткі Слуцка, а таксама магутная чатырохбастыённая цытадэль, ці Новы замак. Ужо ў тым жа годзе Слуцк паспяхова вытрымаў аблогу войскаў ваяводы рускага цара Івана Хаванскага.

Реклама

Дзякуючы сваім умацаванням, роўна як і моцнаму гарнізону, Слуцк застаўся адзіным незахопленым горадам на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Аднак на сваю магутную фартэцыю на Случы амбіцыйны Багуслаў Радзівіл ускладаў і надзеі іншага кшталту. Па рангу, як князь Свяшчэннай Рымскай імперыі, ён стаяў вышэй за іншых магнатаў ВКЛ і таму ў час ваенных завірух, калі Швецыя і Расія фактычна падзялілі Рэч Паспалітую і Вялікае Княства Літоўскае, выступіў з планам стварэння ўласнай дзяржавы. І менавіта добра ўмацаваны Слуцк мусіў стаць асновай для рэалізацыі гэтага праекта. Багуслаў Радзівіл добра разумеў, што моц дзяржавы трымаецца на магутных фартэцыях з добра ўзброеннымі гарнізонамі.

Аднак акрамя ўмацавання горада і абароны яго ад непрыяцеля трэба было яшчэ здолець утрымаць у цяжкі час горад у падпарадкаванні. Менавіта для гэтага ў Слуцку была ўзведзена цытадэль (Новы замак). Найбольш вялікай небяспека згубіць горад паўстала ў 1659−1660 гады, калі ўсходнія і цэнтральныя землі Беларусі былі зруйнаваныя, а войска ваяводы Хаванскага пасля спусташальнага рэйду на Берасцейшчыну і Падляшша пачало аблогу суседняга Ляхавіцкага замка. Слуцкае мяшчанства, прадчуваючы блізкую капітуляцыю Ляхавічаў, было гатова дамовіцца з Хаванскім аб здачы горада. Аднак Ляхавіцкі замак вытрымаў, маскоўскае войска было разбіта, і да канца вайны варожыя войскі да Слуцка больш не падступалі.

Слуцкая цытадэль была ўзведзена па старагаландскай фартыфікацынай сістэме і мела выгляд правільнага квадрата з чатырма бастыёнамі. Узведзеныя з добра ўтрамбаванай зямлі валы шырынёй 14 і вышынёй 6 метраў маглі вытрымаць агонь цяжкай артылерыі. На бастыёнах, якія таксама называліся ў тагачасных крыніцах батарэямі, размяшчалася артылерыя. Да слова, палова слуцкай артылерыі, у тым ліку цяжкія гарматы, размяшчаліся на бастыёнах цытадэлі ці ў яго цэйхгаўзе (арсенале). Звонку курціны (валы між бастыёнамі) былі ўмацаваны дадатковым нізкім валам, на якім размяшчаліся стралкі з гакаўніцамі і мушкетамі (віды ручной агнястрэльнай зброі). У курціне з боку горада была збудавана драўляная брама, звонку прыкрытая дадатковым трохвугольным земляным умацаваннем - равелінам. З іншага боку цытадэлі было ўзведзена яшчэ большае па плошчы ўмацаванне -хорнверк з двума паўбастыёнамі.

Каб трапіць у замак, трэба было прайсці па драўляным мосце, які вёў на равелін і закрываўся драўлянымі варотамі. З равеліна па гэтым жа мосце, які меў даўжыню каля 20 метраў і ўзвод (пад'ёмны мост) пасярэдзіне, можна было трапіць непасрэдна да драўлянай брамы, якая закрывалася магутнымі драўлянымі варотамі.

Унутраны двор, ці дзядзінец, меў плошчу каля 1 гектара і быў заняты драўлянымі збудаваннямі. Адзіным выключэннем быў мураваны парахавы склад унутры аднаго з бастыёнаў. За брамай, з правага боку, знаходзілася кардыгарда — будынак для варты. Астатнія збудаванні размяшчаліся паўз валы-курціны. Паўз левую курціну быў узведзены доўгі драўляны цэйхгаўз (арсенал), у якім захоўвалася артылерыя і амуніцыя. Непасрэдна насупраць стаяў двухпавярховы драўляны палац Багуслава Радзівіла, які можна пабачыць на планах пачатку XVIII стагоддзя.

У горадзе ад Новага замка ў бок Вялікага моста вяла шырокая Сенатарская (цяпер Камсамольская) вуліца. Яна з’яўляецца фактычна першым на тэрыторыі Вялікага княства (а значыць, і Беларусі) праспектам. Такія шырокія вуліцы ў Еўропе пачалі з’яўляцца ў эпоху абсалютызму і прызначаліся для правядзення вайсковых парадаў, якія дэманстравалі магутнасць уладальніка горада. У час парадаў (а яны не былі рэдкасцю ў горадзе, асабліва ў XVIII стагоддзі), жаўнеры слуцкага гарнізона ўрачыста маршыравалі па Сенатарскай вуліцы з Новага замка да Вялікага моста, а адтуль да Старога замка.

Па многіх прычынах планы Багуслава Радзівіла па стварэнні ўласнай дзяржавы, падобна таму, як зрабіў яго стрыечны брат брандэнбурскі электар Фрыдрых Вільгельм, стварыўшы магутную Прускую дзяржаву, засталіся нерэалізаванымі. Аднак умацаванні Слуцка доўгі час заставаліся гарантам бяспекі горада. У ХІХ стагоддзі цытадэль, як і іншыя гарадскія ўмацаванні, згубіла абарончыя функцыі і была паступова знішчана.

Падаецца неверагодным, аднак Новы замак як цэнтр магутнай Слуцкай фартэцыі мог стаць падмуркам новай дзяржавы Багуслава Радзівіла. Заснаваная на прынцыпах абсалютызму, якія князь «не хаваў», гэтая дзяржава магла б прыйсці на змену слабай Рэчы Паспалітай і даць адпор ваяўнічым суседзям — такім чынам, захаваць незалежнасць нашых зямель.
***
Для тых, хто зацікавіўся Новым замкам, прапануем дадаткова пазнаёміцца з размешчанай у інтэрнэце распрацоўкай аўтара: wouk.livejournal.com/tag/СЛУЦАК

Мікола Волкаў


ВЫГЛЯД ЦЫТАДЭЛІ Ў XVII СТАГОДДЗІ. 1. Драўляны палац Багуслава Радзівіла. 2. Драўляны цэйхгаўз (арсенал). 3. Брама і кардыгарда. 4. Перадбрамны равелін. 5. Хорнверк. Аўтар рэканструкцыі: М. Волкаў

ПІШЫЦЕ. Пра якія помнікі мінуўшчыны ці знакамітых людзей Вы жадаеце прачытаць на старонках «Кур'ера». Наш адрас: а/я 53, 223 610, Слуцк-9, або info@kurjer.info

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
wolf
wolf
10 марта 2011 18:52

Гэта быу вельмi цяжкi час для нашай краiны. Спачатку казакi на працягу 6 гадоу рабавалi, а потым прышлi расейцы. Яны знiшчылi амаль палову насельнiцтва Беларусi. Гэта была самая жудасная вайна у гiсторыi нашага народа…