Памяць мая здратаваная, не ўціхай

4

Гадоў дзесяць таму мне вельмі захацелася ўбачыць вёску Хацінаў, што ў Любанскім раёне, дзе нарадзілася мая маці. Пасля замужжа яны з бацькам ездзілі туды ў госці да маіх бабулі і дзядулі Чайкоўскіх. Мне ў той час было гадкоў тры-чатыры, і ні вёска тая, ні нават хата, дзе нарадзілася маці, у памяці не адклаліся. Але калі праз колькі гадоў, стаўшы ўжо пенсіянерам, я ішоў па вуліцы Хацінава, то адчуваў такі прыліў нейкай светлай радасці, што кожнае дрэва ўзбоч шашы здавалася родным.
І хоць на тым месцы, дзе стаяла бабуліна хата, не было ўжо ні дрэўца, ні кусціка, радасць сустрэчы з гэтай вёскай не пакідала мяне. Адчуванне ў душы было такое, нібы я выйшаў з царквы пасля споведзі і прычасці! І падалося, што тую радасць мне падарыла вёска нездарма: вучоныя ўжо схільныя лічыць, што душы памерлых могуць час ад часу сыходзіць з нябёсаў на зямлю, наведваць любыя ім пры жыцці мясціны.

Маладая сям’я

Пасля смерці маці ад «іспанкі» і бацькі ад запалення лёгкіх 18-гадовы хлопец Адам з вёскі Кутнеў Старобінскага раёна застаўся адзін з дзесяцігадовай сястрой Волькай. Ад бацькі, Майсея Феафілавіча, маладому гаспадару засталіся карова, конь, чарада авечак, чатыры гектары ворнай зямлі і столькі ж сенажаці - за дваццаць кіламетраў ад вёскі. І не было ад каго чакаць дапамогі! Выручыў хлопца далёкі сваяк па матчынай лініі: адвёз яго ў вёску Хацінаў на водведкі да дзяўчыны Марыі, якая была на год старэйшая за яго. Сустрэча, агледзіны былі нядоўгімі, і дзяўчына дала згоду на замужжа. Так зладзілася сям’я.
Пайшлі дзеці. Да калектывізацыі вёскі ў хаце ўжо было трое сыноў: старэйшаму шэсць гадоў, малодшаму — паўтара.

Матуліны трывогі

Добра, што поруч была бацькава сястра Вольга. Яна, як умела, даглядала дзяцей, бо бацькі з ранку да вечара працавалі на сваіх загонах. Неўзабаве ад недагляду мая маці перажыла першыя нярвовыя і душэўныя стрэсы, як сёння кажуць.
Спярша я, чатырохгадовы хлопчык, наступіў босай нагой на касу, якую бацька зняў з касільна і паклаў на прызбу, а сам кудысьці адышоў. З парэзанай правай ступні біла фантанчыкам кроў. Бацька схапіў мяне на рукі і подбежкам даімчаў у мястэчка Пагост, што за тры кіламетры ад вёскі. Доктар у амбулаторыі наклаў на рану швы.
Праз нейкі час старэйшы мой брат Антон усунуў левую руку ў сячкарню, што стаяла ля гумна, і вострае лязо парэзала яму скуру зверху. Зноў плач, і трывога маці, і паход бацькі да доктара.

Реклама

Турма, высылка, разлука

Пасля ўступлення ў калгас бацьку прыйшла позва ў аддзел ГПУ, што ў Старобіне. Там яго разам з іншымі вяскоўцамі трымалі ў нейкім хлеўчыку аж два тыдні на кавалку хлеба і селядцу на дваіх, з кубкам вады ў дзень. Выбівалі ў кожнага залатыя манеты: такі быў тады дэкрэт вышэйшай улады.
Праз тры гады за тыя дзве, не здадзенныя дабраахвотна манеткі, бацьку «уляпілі» два гады турмы. Не пашкадавалі і чацвярых малых дзяцей. Але маці мела рашучы, актыўны характар, дабілася, каб з бацькі знялі судзімасць, - і ён выйшаў са Слуцкай турмы.
Толькі жыць яму ў так званай «прыгранічнай зоне», што пралягала ад заходняй мяжы на сто кіламетраў, не дазволілі - прыйшлося з’ехаць з вёскі. Ён абжыўся ў Бабруйску, працаваў на нейкім заводзіку, закончыў курсы шафёраў. Але пяць з паловай гадоў зрэдку, толькі ноччу, вяртаўся дамоў, у Кутнёў, — праведаць дзяцей, жонку, закалоць вепручка.

Адна за ўсіх

Усе клопаты ў хаце і вакол яе ляжалі на матчыных плячах. У чатыры гадзіны раніцы яна ўставала, каб падаіць карову, выпаліць у печы, штосьці згатаваць са стравы. Потым, на хаду перакусіўшы, ісці на калгаснае поле, каб зарабіць нейкі працадзень, за які ў канцы года маглі выдаць грамаў чатырыста зерня і кілаграм бульбы. Але мы, дзеці, не чулі ад маці скаргаў, слоў адчаю — яна была ласкавай, чулай для кожнага з нас.
А ўжо ў 1938 годзе ў хаце вакол яе таўклося шасцёра дзяцей! Хіба не балела ў маці сэрца за нас, падчас галодных, на няшчымніцы? Хлеб на стале быў нячаста, затое суп з лебяды і крапівы мы елі не раз, закусваючы зваранай бульбай.
Толькі зімой 1940 года, калі «прыгранічная зона» адсунулася да Брэста, бацька змог звярнуцца дамоў, працаваў шафёрам у Слуцку, а маці адна цягнула нялёгкі сямейны воз.

Ваенныя гады

А колькі бяссонных часоў перажыла маці з вясны 1943 па ліпень 1944 гадоў? Па тры разы на тыдні па начах яе будзіў моцны стук ботамі ў дзверы і прыцішаны голас: «Хозяин, открой!»
Бацька і брат Тоня (яму было сямнаццаць гадоў) зладзілі схованку ў гумне і там начавалі. Маці сустракала партызанаў адна, з малымі дзецьмі. Запальвала лямпу і глядзела моўчкі, як госці шнырылі па кутах, заглядвалі ў шафу, уздымалі вечка куфра, каб нешта выбраць, вартае для сябе.
Аднойчы вясной 1943 года я прыйшоў з гумна, дзе заначаваў, і ўбачыў маці ў слязах, з дрыжачымі рукамі. Яна паведала, што ноччу ў хату завіталі партызаны: ураджэнец суседняй вёскі Мялешкі Пятрусь Праневіч са сваім сябруком. Запатрабавалі, каб маці аддала ім хромавую тужурку, якой у нас ніколі ніхто не бачыў - яе не мелася. Маці адказала.
Тады Праневіч вывеў яе ў двор і, дастаўшы з ножнаў шырокі нямецкі штык, прыставіў яго вастрыё да матчынай шыі і спытаў: «Что тебе, стерва, дороже, жизнь или тужурка?» І толькі, калі да плачучай маці далучыліся з крыкам дзеці, марадзёр адпусціў яе.
А колькі гора прынесла ёй зімой 1945 года паштоўка з ваенкамата, што яе сын, Антон Тычына, прапаў без вестак?
Толькі ў 1970-я гады я даведаўся, што брат загінуў 17 студзеня 1945 года ў баях за Варшаву. Там жа і пахаваны.

Я памятаю

Маці трагічна памерла ў 47-гадовым узросце. Больш чым паўвека мінула, але як сёння памятаю маці, якая ляжала на шырокай лаве. Васковая свечка гарэла каля яе галавы, а рукі, спрацаваныя на калгасных палетках і дома, ляжалі на грудзях — нібы два пярэвяслы на полі жніва. Не забыць, якім прасветленым, без адзінай маршчынкі, такім маладжавым быў яе твар. І не хацелася верыць, што яна хутка назаўсёды пакіне і сваю хату, і пяцярых дзяцей, і яшчэ не старога мужа-калгасніка.
Запрошаны са Слуцка святар адпяваў нябожчыцу — і гэта яшчэ болей сведчыла пра наша хуткае з ёй развітанне. Назаўсёды.
***
І прыпамінаюцца мне цудоўныя, кранаючыя да слёз радкі з «Паэмы жніва» вядомай беларускай паэткі Ніны Мацяш, прысвечаныя памяці яе маці, якая таксама рана адышла ў іншы свет:
А ты ж і не ведаеш, мама,
што з табой адбылося,
Не ведаеш нават, што ўсё,
з чым зжывалася ты,
чым жыла, ад цябе адцялося.
Што раптам пайшлі ад цябе
ўсе дарогі твае і сцяжыны.
Пакінулі ўсе — па пяклівай расе,
па іржэўніку, па ажавінні.
Не ўціхай толькі,
памяць мая здратаваная,
прытаўчу, прытапчу безнадзей
гадаўё…
Свецяць, мамачка, рукі твае
спрацаваныя.
Мама, свеціць трывушчае
сэрца тваё.

Міхась Тычына


МАЯ СЯМ’Я. Бацька Адам Тычына, маці Марыя і старэйшы брат Антон. 1926 год.

4 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Лобанов
Лобанов
3 февраля 2011 07:58

Нравятся мне эти уменьшенные фотки к статьям на главной! Как по Стивену Кингу.

сергей
сергей
3 февраля 2011 09:14

Нда… Мне знакомая рассказывала, что ее бабуля тоже самое рассказывала про партизан. Она говорила, что, может, немцы, «где кого и постреляли, а мы от них ничего плохого не видели, а вот партизаны…» Обе мои бабушки жили на оккупированной территории: одна в городе (Слуцке), а другая в деревне недалеко от Гомеля, где вокруг не было лесов. Так что, слава Богу, с партизанами они не сталкивались. А оба деда прошли войну и вернулись живыми. Так что моей семье, в этом смысле, повезло.

сергей
сергей
3 февраля 2011 09:20

Очень интересно было прочитать. История — в судьбах людей, а не выкладках историков в школьных учебниках. Да и историки, как мы знаем, бывают разные :).

Ольга
Ольга
3 февраля 2011 17:37

Согласна, очень интересно. И про войну, и про человеческие истоки. Корни моего дедушки — из соседней деревни возле Хотиново. Поэтому эти места мне тоже знакомы и близки на каком-то необъяснимом уровне. Т.к. мой дедушка не жил там уже с 60-х годов, построил дом и переехал с семьей жить в Слуцк. И приезжали мы туда на несколько часов, пару раз в год навестить родственников. Но все равно ощущается какая-то необъяснимая связь с этими местами — где родилась и жила моя прабабушка, где ходил в лес на охоту мой дед. Вот уж и правда — есть у человека малая родина, и не обязательно жить там. Это то место, куда приезжая ты чувствуешь какое-то особое спокойствие и покой, где тебе легко и хорошо дышать, куда тебя просто тянет… ну,. это не объяснить обычными словами, это… Подробнее »