Каардынатары грамадзянскай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» упэўнены, што мы яшчэ доўга будзем асэнсоўваць падзеі, звязаныя з выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія завяршылі 2010 год.
Жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі пратэсту, што адбыўся на Плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня, збіццё яе ўдзельнікаў, адміністрацыйны і крымінальны пераслед грамадзянаў, па іх меркаванням, сталі адлікам новага перыяду ў гісторыі краіны.
Грамадзянская ініцыятыва «Праваабаронцы за свабодныя выбары», мэтамі якой з’яўляліся назіранне за выбарамі, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, праводзілася на працягу трох месяцаў — з моманту абвяшчэння даты выбараў.
У маніторынгу бралі ўдзел 80 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія былі размеркаваны па ўсёй тэрыторыі Беларусі і зарэ-гістраваны ў тэрытарыяльных камісіях, а таксама 630 назіральнікаў, якія сачылі за ходам галасавання на 315 выбарчых участках ва ўсіх рэгіёнах краіны ў апошнія 6 дзён.
На прэс-канферэнцыі па выніках назірання за папярэднім галасаваннем, якая прайшла 19 снежня 2010 года, праваабаронцы адзначылі, што прэзі-дэнцкія выбары характарызаваліся шэрагам пазітыўных зменаў у параўнанні з папярэднімі, у тым ліку — большай павагай да грамадзянскіх і палітычных правоў пад час перадвыбарчай кампаніі.
У цэлым жа выбарчы працэс, па іх меркаванням, не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў, датычных дэмакратычных выбараў: адсутнічаў роўны доступ да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, недэмакратычна былі сфарміраваны выбарчыя камісіі, выкарыстоўваўся адміністратыўны рэсурс на карысць дзеючага Прэзідэнта, і самае галоўнае — не было празрыстага падліку галасоў.
Вялікае сумненне выклікала ў назіральнікаў правільнасць захоўвання бюлетэняў пад час папярэдняга галасавання. Часам памяшканне са скрынямі для галасавання апячатвалася, а часам — не. Міліцыянеры дзесьці знаходзіліся каля будынку, дзе праходзіла галасаванне, а дзесьці — у будынку. У некаторых выпадках яны заставаліся на ноч непасрэдна ў памяшканнях са скрынямі.
Тое самае тычылася і месцазнаходжання членаў камісій пад час перапынку ў іх працы і пасля галасавання. Што яны рабілі за зачыненымі дзвярыма без назі-ральнікаў (бо, згодна з артыкулам 13 Выбарчага кодэксу, назіральнікі маюць права назіраць за выбарчым працэсам толькі пад час галасавання), апошнія бачыць не маглі. Гэта не спрыяла, на думку праваабаронцаў, даверу да чэснай працы выбарчых камісіяй.
Незалежныя назіральнікі звярнулі асаблівую ўвагу на «просьбы» прыняць удзел у датэрміновым галасаванні, назваўшы іх адкрытым выкарыстаннем адмі-ністрацыйнага рэсурсу, бо выбары ў нашай краіне — справа добраахвотная, і грамадзянін мае права не галасаваць зусім альбо галасаваць у абраны дзень.
Праваабаронцы заявілі, што асноўная праблема заключаецца ў агульнай атмасферы стаўлення да выбараў, якая не давала падставаў казаць пра адкрытасць і празрыстасць працэсу волевыяўлення беларускіх грамадзянаў. І сам разгон мірнай дэманстрацыі, і паслявыбарчыя падзеі, на іх думку, яскрава прадэманстравалі, што час лібералізацыі скончыўся, сітуацыя з правамі чалавека значна пагоршылася, улады вярнуліся да палітычнага пераследу сваіх апанентаў.
Гэтыя падзеі былі шокам для замежных назіральнікаў і паслужылі адной з прычынаў непрызнання выбараў місіяй АБСЕ (Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе) свабоднымі і дэмакратычнымі.
«Беларусі яшчэ трэба будзе прайсці вялікі шлях, каб выканаць яе абавязацельствы ў рамках АБСЕ», — адзначыў Тоні Лойд, кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіраль-нікаў БДІПЧ АБСЕ.
Беларускія ўлады прынялі рашэнне зачыніць офіс АБСЕ ў Мінску.
Алесь Бяляцкі, адзін з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», 27 студзеня на прэс-канферэнцыі Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта Міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, характарызуючы сітуацыю, што склалася на дадзены момант, зазначыў: «Надзвычай жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі, у выніку чаго ў маладых дзяўчат і хлопцаў разбітыя галовы, зламаныя рукі і ногі, — паказчык страху ўладаў. А дэманстрацыя на самой справе была мірнай. Абсалютная большасць удзельнікаў нават і не бачыла і не чула, што купка невядомых людзей, чалавек у трыццаць, біла ў Доме Урада шыбы. І міліцыя ім не перашкаджала да пэўнага часу. Выглядае на тое, што гэта была правакацыя. Ніхто не чакаў, што пасля запужванняў і строгіх папярэджванняў столькі людзей выйдзе на вуліцы Мінска.
Таму зараз, лічу, усё нацэлена на тое, каб падавіць грамадскую актыўнасць і знішчыць усе незалежныя грамадскія арганізацыі. Грамадзянская супольнасць супраціўляецца. Простыя людзі жадаюць дапамагчы пацярпелым. Стаяла чарга, каб перадаць вопратку тым, хто патрапіў на суткі.
Ціск працягваецца, допыты і вобшукі лічацца ўжо сотнямі. У тым ліку вобшукі прайшлі на офісах Беларускага Хельсінкскага Камі-тэту і Праваабарончага цэнтру «Вясна», якія пад час гэтай прэзідэнцкай кампаніі займаліся толькі назіраннем.
Я назваў бы гэтую сітуацыю бойкай паміж праўдай і няпраўдай. Сілы няроўныя. Але на нашым баку маральнасць, праўда, ісціна. Беларуская грамадзянская супольнасць гатова перажыць гэтую цяжкую часіну. У афіцыйную версію падзеяў мала хто верыць.
Шмат хто гаворыць, што гэта была няўклюдная правакацыя. Мне падаецца, што любому цвяроза мыслячаму чалавеку цяжка паверыць у «сусветную змову» супраць Беларусі, якую арганізавалі перад выбарамі Польшча і Германія».
Яніна Стэфанчук
ПІШЫЦЕ. Падзяліцеся сваімі меркаваннямі, як Вы ставіцеся да апошніх рашэнняў Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі — info@kurjer.info
Гэта хлусня!Хто не бачыу шэдэур нашага тэлебачання «Железом по стеклу»?Колькi у нас шпiёнау з Польшчы i Германii?Нi пералiчыць.Трэба усiх,хто галасавау супраць Прэзiдэнта,узяць на улiк у КДБ.З улiкам палiтычных поглядау разглядаць iх справы на працоуным месцы цi на месцы навучання.Не згодных з палiтыкай улады перавесцi на працу у сяло,бо там адчуваецца недахоп працоуных.Забаранiць iм збiрацца больш 3 чалавек.Частку iх заробку пералiчваць у фонд прэзiдэнцкай адмiнiстрацыi на будаванне лядовых палацау.Толькi тады мы зможам з вялiкай хуткасцю iсцi да светлай будучынi.А на Захад трэба трэсцi кулаком i паказваць вялiзарныя дулi…