Гарбузовая гарэлка

4

Бабіна лета выдалася надзвычай цёплае. На палетках амаль нічога не засталося. Збожжа абмалочана, ляжыць у засеках. Бульба перабрана ды знесена ў пограб, а на градзе засталася стаяць капуста, ды на раллі ляжалі, як бочкі, незвезеныя гарбузы. На яблынях позніх сартоў красаваліся, моцна ўчапіўшыся, чырвонабокія яблыкі.

На двары цяплынь. Сонца ўжо высока пераваліла за поўдзень. Нядзелька. Ля магазіна, як і належыць, у цэнтры вёскі, стаяць мужыкі і падлічваюць тое, што наскрэблі ў сваіх кішэнях.
Даўгавязы Іван, гадоў за сорак, вывудзіў з усіх кішэняў аж цэлых два рублі. Васіль таксама дадаў да «абшчака» больш за два рублі, але самым «багатым» аказаўся Сцяпан-бабыль, у якога пасля хаўтуры засталася траячка. Скінуўшыся, мужыкі вырашылі: сёння возьмем благародную — беленькую, ды яшчэ на пляшку «чарніла» хопіць. Узялі. Выйшлі з крамы.

— Ну і дзе ж мы гэта апрыходуем? За вуглом неяк брыдка, мы ж не хлапчукі на фэсце, — сказаў Сцяпан, — да мяне ісці няма чаго, прыткнуць няма чым, мышы нават збеглі з хаты.
— Не, толькі не да мяне, вы ж ведаеце, якая мая Маруся, што не так, дык адразу за чапялю, — сказаў Іван.
— Ну што ж, тады да мяне пайшлі, толькі ўгавор: маёй Гамоні трэба будзе кілішак наліць, каб вэрхал не падняла, ды я якраз на тым тыдні парсючка закалоў, свежыняцінкі пакаштуем.

Реклама

Мужыкі добра ведалі характар Васілёвай Гамоні: скнара была яшчэ тая, але «на халяву» любіла пасядзець. Уся троіца рушыла да Васіля, жыў ён недалёка, трэцяя хата ад магазіна.

Па двары паважна, ад’еўшы вальякі, перавальваючыся з лапы на лапу, тупалі качкі, грэліся на сметніку куры.
Першым у сенцы ўвайшоў гаспадар, за ім Сцяпан, а потым і даўгавязы Іван. На шастку ў сенцах віселі каўбасы, штук трыццаць, ды вялізны кіндзюк, загорнуты ў марлю. Пах ад прыпраў казытаў нос.
Іван не стрымаўся: ведаючы Васілёву скнару, што ім нічога не перападзе ад гэтай смакатэчы, працягнуў руку да шастка, сарваў два кальцы каўбасы ды непрыкметна паклаў у кішэню.

Пра сябе падумаў: «Вось і закусь будзе». Пераступіў парог хаты і, як ні ў чым не бывала, прывітаўся з гаспадыняй.
— Ну што, саколікі, зноў сабраліся, — прабурчэла яна. Але яе вочы выдавалі аб тым, што гаспадыня не супраць прапусціць чарку на халяву.
— Ну вось, ты, гэта, пастаў на стол прыткнуць чаго, ды і сама прысядзь да нас. Нядзелька сёння, свята, значыцца.

Пакуль мужыкі сасмакталі па цыгарцы, Гамоня збегала ў пограб, набрала салёных гуркоў ды шаткаванай капусты. Паставіла на стол, заліўшы капусту алеем, ды і сама прытулілася на лаўцы збоку.

Гаспадар, нарэзаўшы хлеба, хацеў нешта сказаць, ды толькі адкрыў рот, як Гамоня грозна зыркнула на яго — ён і закрыў сваю зяпу. Іван гэтую сцэну прыкмеціў, але нічога не сказаў, а дастаў з кішэні кальцо каўбасы:
— Вось, прыхапіў, як ведаў, што «згарбузуем» па рублю. На, Васіль, парэж.

Гарэлку разлілі на чацвярых, выпілі, кракнуўшы, занюхалі кавалкам хлеба ды прыняліся частавацца Іванавай каўбасой.
— Смачная, смачная, — хвалілі мужыкі, толькі адна Гамоня прыслухоўвалася, жуючы добры кавалак каўбасы.
«Ну, мабыць, я згарэў, — падумаў Іван, — будзе вэрхал». — Але Гамоня, пракаўтнуўшы каўбасу, сказала:
— Канешне смачная, толькі мая смачнейшая.
У Івана адлягло на душы.
— Па-першае, не хапае солі, па-другое, нейкая яна сухая, здору малавата далі, а па-трэцяе, малавата прыпраў, — вынесла свой вердыкт Гамоня ды працягнула руку за другім кавалкам Іванавай каўбасы.
Іван ледзьве стрымаўся ад смеху, ад таго, як гаспадыня сваю каўбасу «хваліць».

Апаражніўшы яшчэ пляшку віна, мужыкі загаманілі за жыццё і пра палітыку, як заўсёды гэта бывае пасля дзвюх-трох чарак.
— Эх, каб яшчэ столькі, дык было б якраз, — выказаў думку Сцяпан.
— У мяне ёсць, — сказаў Іван. Ён нядаўна схаваў ад Маруські літр самагону. Калі гнаў, дык Маруська заснула, а ён у той час, падкінуўшы добра дроў, заставіў апарат выдаць хутчэй гарэлку. Толькі бражкі трохі наперла, дык самагонка зрабілася жаўтаватая, але была моцная, добра брала за вантробу.
— Ты, Гамоня, падкінь свежыны на патэльню, а я зараз завіхнуся, — сказаў Іван ды выйшаў з хаты.
Іван хутка адкапаў у дрывотніку заначку. Маруські дома не было, пайшла на ферму паіць цялятак.

Праз пятнаццаць хвілін Іван зноў апынуўся на Васілёвым падворку. У хаце смачна пахла свежыной. Ля стала завіхалася расчырванелая ад выпітага Гамоня. Іван паставіў на стол літровую пляшку.
— Нейкая яна ў цябе жаўтаватая, — сказала Гамоня.
Іван не разгубіўся. Ён быў мастак на розныя выдумкі, падумаў: «Я ж цябе правучу, скнара ты гэтакая».
— Дык гэта ж гарбузовая гарэлка.
— Гарбузовая? Як гэта гарбузовая? — зацікавілася, нічога не падазраючы, гаспадыня.
— Ну, — пачаў Іван, — вы ж ведаеце, у гэтым годзе вельмі вялікія гарбузы ўрадзілі, дык я думаю, каб не прапалі, дай, зраблю гарбузовую гарэлку. Я калі служыў у войску, адзін хахол навучыў, як з гарбуза гарэлку рабіць. Вось і зрабіў, толькі яна нейкая жаўтлявая атрымалася, але моцная.

Гаспадыня тым часам паставіла на стол сквырчашчую патэльню ды прысела бліжэй да Івана, які ўжо разліваў па стаканах «гарбузовую». Усе выпілі, хвалячы «гарбузоўку»: «Пякучая, зараза».
— Слухай, Іванка, а як жа яе робяць, раскажы, падзяліся сакрэтам, — лісліва запытала Гамоня, відаць было, што яе зачапіла, што дармавая гарэлка, бо гарбузоў у яе таксама многа ўрадзіла.
— Ды вельмі проста, — схітрыкаваў Іван, — ты каўбаскі падрэж, вып’ем яшчэ, ды я і падзялюся сакрэтам.
Хаця гаспадыні было шкада каўбасы, але ўсё ж такі яна нырнула ў сенцы. Дапілі мужыкі Іванаву «гарбузоўку», прыткнулі пальцам пханаю ды пачалі слухаць Іванаў «сакрэт».
— Спачатку трэба выбраць спелы гарбуз. Потым зрабіць у ім дзірку, засыпаць цукру ды трошкі дражджэй, а дзірку закаркаваць бярозавымі коркамі і паставіць на цёплую печ. Праз нядзелю дастаць коркі, адцадзіць праз марлю і пі на здароўе.

Мужыкі яшчэ трошкі пагаманілі ды разышліся па сваіх дварах. На вуліцы вечарэла. Сонца сваім чырвоным дыскам напалову схавалася за вёскай, а Гамоня з Васілём рабілі ўжо трэці заход з поля, возячы па тры гарбузы ў хату.
— Ну і цяжэрныя, — лаяўся Васіль, укочваючы дзевяты гарбуз на печ. — Запальвай у печы, я ўжо апошні корак забіў у гарбуз.
Тры дні гаспадары добра палілі ў печы, у хаце было так горача, што спалі на падлозе. Вёска, стомленая дзённай працай, таксама спала. Толькі адзін месяц нёс сваю варту над хатамі ды дзе-нідзе цяўкне спрасонку сабака. У хаце цішыня, пасапваюць на ложках дзеці, Васіль ды Гамоня. Але, што гэта там на печы? Спачатку нешта засіпела, зашавялілася, а потым пачалося… На печы стралялі … гарбузы.

Гамоня спрасоння, нічога не разумеючы, залямантавала, Васіль ад гэтага ляманту і выбухаў на печы зваліўся з ложка. Дзеці, затаіўшыся пад коўдры, таксама галасілі. Садом з Гамораю ды і толькі. А па хаце плыў пах брагі. Васіль кінуўся да выключальніка, запаліў святло. Ля печы, уся ў гарбузовай мякаці і гарбузіках, з раскрытай зяпаю, стаяла Гамоня. Яна дрыготкім пальцам паказвала на печ, з якой сцякала гарбузовая рака.

Тры дні вёска рагатала з бедалаг аж да колікаў у жываце. І прыліпла да Васіля з Гамоняй мянушка — «гарбуз». Нават потым на дзяцей перакінулася гэтая мянушка. «А чый гэта хлапчук?» — «А Васіля — гарбуза». Ці «Вунь „гарбузова“ дачушка пайшла».
Цэлы год Гамоня і Васіль не размаўлялі з Іванам. А падпіўшыя мужыкі, бывала, пілі ды падначвалі Гамоню: «Гамоня, можа пачастуеш гарбузовай гарэлкай?».
І па сённяшні дзень у вёсцы памятаюць пра гарбузовую гарэлку ды Івана-штукара.

Мікола Корань

4 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Китаец
Китаец
19 января 2011 16:57

Женский алкоголизм ужасен.

hulio
hulio
19 января 2011 17:39

А как обстоит дело с женским алкоголизмом в Китае?

hulio
hulio
19 января 2011 23:23

Пьяница мать — горе в семье

wolf
wolf
23 января 2011 20:48

Вось гэта-клас!Вельмi парагатау…