Быў у Слуцку Ніжні замак

0

Тэрыторыю старажытнага Слуцкага дзядзінца цяпер амаль поўнасцю займаюць стары і новы карпусы Дома культуры. А некалі на гэтым месцы ўзвышаўся замак. Называўся ён Верхнім, бо побач з ім, на працягу ХVІ - ХVІІІ стагоддзяў, знаходзіўся замак Ніжні. Яны злучаліся між сабою мостам, перакінутым цераз роў, і складалі адзіны абарончы комплекс.

Сцены Верхняга замка (дзядзінца) за сваю гісторыю не раз адбівалі напады ворагаў. Ніжні ж замак, заснаваны пазней, варожых штурмаў не спазнаў.

У ХVІІ і ў ХVІІІ стагоддзях замкі, размешчаныя ў цэнтры горада, ужо не мелі стратэгічнага абарончага значэння. Яны ператварыліся ў палацава-замкавы ансамбль, дзе знаходзілася рэзідэнцыя слуцкага князя і яго адміністрацыя.
З’явіўся Ніжні замак на пачатку ХVІ стагоддзя. Слуцк у тыя часы адбудоўваўся пасля нападаў крымскіх татар. Як вядома, пасля смерці князя Сімяона Алелькавіча абаронай горада і краю кіравала яго жонка княгіня Анастасія. Яна ж потым займалася і справамі аднаўлення Слуцка, у тым ліку і пабудовай Ніжняга замка. «І зараз княгіня град каля града залажыла, і нізіну раўняць і падвышаць пачала». Гэтыя радкі са Слуцкага летапісу менавіта адносяцца да 1509 года.

Реклама

Замак заняў частку тэрыторыі пасада, што ляжаў на ўсход ад дзядзінца. Пад яго адышла пераважна гандлёвая плошча, што выклікала неабходнасць пераносу яе на новае месца. Ад Верхняга замка і пасада аддзяляўся пракапанымі равамі, якія злучаліся са Случчу і Бычком. У плане ўяўляў сабою няправільны прамавугольнік, быў умацаваны земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі.

Уяўленне аб тым, як выглядзалі слуцкія замкі ў другой палове ХVІ - пачатку ХVІІ стагоддзяў, можна зрабіць па спрошчанай, але несумненна адпавядаючай сапраўднасці, выяве горада на геаграфічнай карце, зробленай нясвіжскім мастаком Тамашам Макоўскім і выдадзенай князем Мікалаем Крыштофам Радзівілам у 1603 і паўторна ў 1613 гадах. Тут Ніжні замак паказаны меншым і ніжэй Верхняга. Па яго баках узвышаюцца дзве вежы (адна — высокая, другая — крыху ніжэй), накрытыя шатровымі дахамі.
Як сведчаць апісанні і планы горада, сярэдзіну замкавага пляцу займала плошча. Спачатку меўся адзін палац, які размяшчаўся на паўночнай частцы тэрыторыі. Па яго баках і ўздоўж вала стаялі гаспадарчыя пабудовы.

З другой паловы ХVІІ і на пачатку ХVІІІ стагоддзяў у Ніжнім замку ўжо меліся тры палацы — манументальныя аднапавярховыя шматпакаёвыя будынкі. Адзін з іх — вялікі палац — магчыма ўяўляў сабою перабудаваны першы палац Алелькавічаў. Стаяў ён па галоўнай восі ансамбля. Гэта быў крыты гонтай прамавугольны ў плане будынак, да якога сіметрычна па баках прымыкалі алькежы (самастойныя прыбудовы пад сваімі асобнымі дахамі). У палацавых пакоях палы былі паркетнымі, ацяпляліся яны печкамі, абліцаванымі белай і каляровай кафляй з выявамі гронак вінаграду, а таксама чорных арлоў - гербаых выяў Радзівілаў, якія тады былі ўладальнікамі горада. Побач з палацам знаходзілася студня, пад валам стаяла скарбніца, за ровам над Бычком — лазня.
Два другія палацы размяшчаліся па баках галоўнай восі, амаль насупраць адзін аднаго. Паміж імі ляжала прамавугольная плошча. Пакоі палаца, што стаяў бліжэй да Верхняга замка, мелі размалёўку. Трэці палац згадваецца як невялікі, таксама з алькежамі. Ён быў атынкаваны, пры ім меўся невялікі агародзік.
Пры мосце, што вёў да Верхняга замка, стаяў кухонны дом. Уздоўж вала размяшчаліся іншыя гаспадарчыя пабудовы. Некалькі гаспадарчых будынкаў (пякарня, стайня, іншага прызначэння дамы), да якіх цераз канаву вёў масток з парэнчамі, знаходзіліся на беразе ракі. Над самай вадой размяшчаўся бровар.
З горада ў замак можна было трапіць па драўляным масту з пад’ёмам, які ўпрыгожвалі выразаныя выявы львоў і арлоў. Мост падводзіў да размешчанай у земляным вале брамы з праходам і памяшканнямі для варты. Над брамай узвышалася вежа з гадзіннікам са звонам, яе купал завяршаў флюгер з двума арламі - чорным і чырвоным.
З 1669 па 1744 гады за замкамі даглядалі княжацкія эканомы, бо гаспадары ў азначаны перыяд жылі ў Германіі.

Ажыўленне і новае будаўніцтва ў замках назіраецца ў 1744 — 1760 гады, калі ўладальнікам горада і княства быў князь Геранім Фларыян Радзівіл. Пасля яго смерці Слуцк перайшоў ва ўласнасць нясвіжскіх Радзівілаў. Іх родавым цэнтрам быў Нясвіж, а дакладней нясвіжскі замак. А ў слуцкіх замках жыццё пачало пакрысе заміраць.

На планах горада канца ХVІІІ - пачатку ХІХ стагоддзяў можна бачыць вялікі палац, які цяпер з тыльнага фасаду меў два бакавыя рызаліты і паўкруглы выступ пасярэдзіне. Другога палаца, што стаяў з боку Верхняга замка, ужо не было. Колішні трэці палац значна павялічыў свае памеры за кошт бакавых прыбудоў. Цяпер з горада ў замак вялі два ўваходы. Адна з брам, якая была вышэйшай, мела тры ярусы, ад яе можна было трапіць на Падзамчышча да Бернардзінскага кляштара і, кіруючы ў бок ракі, па Малому масту выйсці ў Новы горад. Другая брама размяшчалася паўночней, паміж вялікім і малым палацамі.

Пасля далучэння краю да Расійскай імперыі замкі апусцелі і паступова прыходзілі ў заняпад. Інвентар за 1815 год паказвае замкавыя палацы ў паўразбураным стане. Па загаду гарадской адміністрацыі ў 1820 годзе вежы, гаспадарчыя і жылыя замкавыя пабудовы былі разабраны, рвы пачалі засыпацца. Засталося толькі некалькі будынкаў, якія выкарыстоўваліся для жылля. Напрыклад, у 1860-я гады на месцы Ніжняга замка было некалькі жылых дамоў і фруктовы сад, якія знаходзіліся ва ўладанні маршалка слуцкай шляхты Тадэуша Вайніловіча. Аднак пасля пажару, які знішчыў згаданую забудову, тэрыторыя пачала аднаўляцца па новаму плану. Да пачатку ХХ стагоддзя ад усяго комплексу Верхняга і Ніжняга замкаў амаль што нічога ўжо не заставалася.
Цяпер тэрыторыю, дзе некалі знаходзіўся Ніжні замак, займаюць будынкі рэстарана «Вежа града», узведзенага напрыканцы 1980-х гадоў на месцы сталовай № 1, і Цэнтра карэкцыйнага развіцця і навучання.

Ігар Ціткоўскі


Сілуэты Слуцкіх замкаў на геаграфічнай карце 1613 года.


Ніжні замак на плане пачатку XVIII стагоддзя.
а. Вялікі палац
б. Другі палац
в. Малы палац
г. Уваходная брама
д. Мост, што злучаў Ніжні замак з Верхнім
е. Гаспадарчыя будынкі

ПІШЫЦЕ. Аб якіх памятніках мінуўшчыны ці знакамітых людзях Вы жадаеце прачытаць на старонках «Кур'ера». Наш адрас: а/я 53, 223 610, Слуцк-9, або info@kurjer.info

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии