Ніву зжыналі паасобку, а малацілі гуртам

0

Пасля вызвалення Случчыны ад нямецкіх акупантаў летам 1944 года з нашай вёсачкі на 26 двароў ужо 4 ліпеня ў дзеючую армію мабілізавалі 16 мужчынаў прызыўнога ўзросту. Ахвярамі немцаў і паліцаяў у гады акупацыі сталі тры мужчыны сярэдняга ўзросту. Чацвёртага, 52-гадовага Амельку Сінькевіча, застрэліў у лесе п’яны партызан самапраўна, палічыўшы яго нямецкім шпіёнам, хоць у таго два сыны былі франтавікамі. Засталося ў вёсцы восем мужчынаў непрызыўнога ўзросту, з іх пяцёра мелі за 60 гадоў.

Таму, калі прыйшла пара жніва ўсе клопаты па жніву ляглі на плечы жанчынаў, убіраць павінен быў кожны двор на сваіх палосках, бо калгасную зямлю падзялілі яшчэ вясной 1942 года. Выходзілі зранку з сярпамі поруч з дарослымі і дзеці-падлеткі. Калі ж настаў час звозіць снапы па гумнах, іх тады ў вёсцы было аж 12, то жанчыны і нават мужчыны пенсійнага ўзросту прыйшлі да аднаго рашэння: паколькі малаціць снапы ў гумнах ручнымі цапамі справа мужчынская, жанчынам без таго клопатаў хапае, то рашылі звезці снапы ў два вялікія гумны. Каля аднаго з іх з даваеннай пары засталася конная малатарня. Не пагадзіліся толькі два мужчыны пенсійнага ўзросту — Міхал Малевіч і Рыгор Бялькевіч. Яны з уласных палосак снапы звозілі ў свае гумны, бо верылі, што пасля вайны калгасаў не будзе, маўляў, чулі гэта ад нашых салдатаў, што заходзілі ў вёску пасля таго, як немцаў адагналі на захад.

Адным словам, збожжавыя абмалацілі, частку зерня здалі ў нарыхтоўку па позве з сельсавета, рэшту падзялілі ў разліку на колькасць ядакоў у хаце. Усе былі са сваім хлебам аж да восені 1945 года, калі ўжо ва ўзноўленым калгасе зерне выдавалі на працадні - грамаў па 400 на кожны. Але ніхто не скардзіўся ні старшыні, ні ў раён начальству — баяліся. Бо не забыліся, як у 1931 годзе з вёскі ў «кулакі» запісалі і выслалі на Поўнач аж восем сем’яў з ліку найболей працавітых гаспадароў. Таго «працаднёвага» хлеба хапіла сем’ям толькі да вясны. Ужо летам 1946 года, як успамінае 87-гадовая жыхарка вёскі Марыя Юльянаўна Сінькевіч, вяскоўцы бралі ў складчыну ў калгасе грузавік і ездзілі за хлебам у Мінск, і не адзін раз.
Сёння той хлеб раз на тыдні прывозіць аўтакрама — бяры колькі хочаш. Ды старажыхароў той пары засталося толькі пяць чалавек, каму за восемдзесят.

Реклама

Міхась Тычына

Малюнак: Вера Шут

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии