Прыёмным сем’ям будуюць дамы

0

У Салігорскім раёне нядаўна пачаў дзейнічаць трэці па ліку дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе выхоўваецца шасцёра дзяцей.

У гэтым доме гаспадараць маладыя бацькі - Сяргей Клімаў, працаўнік «Беларуськалія», і яго жонка Аксана, настаўніца-дэфектолаг.

«У мяне з Аксанай двое сваіх дзяцей — дзесяцігадовая дачка Валерыя і сямімесячны сынок Елісей, — расказвае мнагадзетны бацька. — Неяк сынок апынуўся ў бальніцы. Там я пазнаёміўся з прыгожым хлопчыкам Андрэйкам, ад якога адцураліся родныя бацькі. Ён так мне спадабаўся, што я прапанаваў жонцы забраць яго ў сваю сям’ю.»

Реклама

Па словах Аксаны Клімавай, пазней па Салігорскаму тэлеканалу было аб’яўлена, што ў райвыканкаме бяруць на ўлік тых, хто жадаў бы ўзяць дзяцей на выхаванне.

«Я пачала рыхтавацца стаць мнагадзетнай мамай, — расказвае Аксана. — А калі стала вядома, што ў вёсцы Краснадворцы з’явіцца сямейны дзіцячы дом, мы папрасіліся ў гэтую вёску.
Цяпер у нашай дружнай сям'і жывуць двое намі народжаных і чацвёра прыёмных дзяцей: васьмігадовая Віка, трынаццацігадовы Дзіма, шасцігадовая Аня і двухгадовы Андрэйка».

Дзяржава выдзеліла Клімавым новы двухпавярховы дом з усімі выгодамі: ёсць вада, каналізацыя, прыродны газ.
Як паведамілі карэспанденту «ІК» у Салігорскім раённым аддзеле адукацыі, сёння сямейнага прытулку і бацькоўскай ласкі чакаюць 280 дзяцей.

Уладзімір Амяльчэня

Фота: Уладзімір Амяльчэня

Фота: Уладзімір Амяльчэня

ДРУЖНАЯ СЯМ’Я. Двое сваіх і чацвёра прыёмных дзяцей гадуюць Сяргей і Аксана Клімавы.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии