Тайна забытага кар’ера

2

Леў Максімавіч Цярэшка, жыхар вёскі Селішча Слуцкага раёна, верагодна, апошні жывы сведка трагічных падзей, якія адбываліся каля гэтага населенага пункта пад час Вялікай Айчыннай вайны. Ён таксама адзіны чалавек, які можа паказаць месца пахавання трох тысяч савецкіх ваеннапалонных, дзе сёння няма ніякага помніка ці знака.

А пачыналася гэта гісторыя з таго, што я заглянуў у кнігу «Памяць» — гісторыка-дакументальную хроніку Слуцкага раёна. На старонцы 315-й увагу маю прыцягнуў надрукаваны дробным шрыфтам акт раённай камісіі па ўстанаўленню і расследванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі тагачаснага Івана-Агародніцкага сельсавета ад 29 верасня 1944 года — праз тры месяцы пасля вызвалення Случчыны ад акупантаў.

Таямнічая яма

У тым акце названы члены камісіі: землеўпарадчык, доктар-хірург, намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў. Акт завераны старшынём райсавета Розавым, які ў гады акупацыі быў камандзірам партызанскай брыгады імя Чкалава, што дзейнічала і на Случчыне. Раследванне было зроблена ва ўрочышчы Гараваха, дзе было абследавана семь магілаў кожная памерам ад 50 да 40 метраў удаўжыню і 3−6 метраў - ушырыню. У іх фашысты ў канцы кастрычніка 1941 года растралялі 8712 чалавек — жыхароў Слуцка, яўрэяў з гета, сярод якіх было не меней дзвюх тысяч дзяцей. Цяпер там стаіць гранітны помнік ахвярам Халакосту.
У тым жа акце яшчэ адзначана, што ў сіласнай яме ля вёскі Селішча немцы спалілі каля трох тысяч савецкіх грамадзян, на месцы спальвання засталіся жалезныя бочкі з пад гаручай вадкасці. Хто былі тыя грамадзяне — у акце ні слова, што мяне і зацікавіла, як журналіста.

Реклама

Дапамога старшыні

Пазваніў па тэлефоне старшыні Акцябрскага сельсавета Наталлі Леанідаўне Вайцаховіч, папрасіў адшукаць сярод сталых жыхароў вёскі Селішча (цяпер там 256 двароў і 592 жыхары) тых, каму за 80 гадоў - хто мог памятаць аб тым страшным месцы масавага спалення людзей.

Папярэдне спаслаўся на кнігу «Памяць». Яна навяла даведкі і паведала, што сярод мужчынаў такога ўзросту застаўся на ўсю вёску адзін чалавек — 83-гадовы Леў Максімавіч Цярэшка. А наконт сіласнай ямы Наталля Леанідаўна зазначыла, што паблізу вёскі яе не было да вайны. Толькі паміж дарогай на вёску Машчыцы і вясковымі могілкамі, што ў метрах чатырохсот ад вёскі Селішча, быў даволі буйны кар’ер, у ім сяляне з усіх навакольных вёсак здаўна капалі гліну для збудавання ў хатах печаў. Магчыма, у адным з паглябленняў да вайны і закладвалі сілас для калгаснай фермы.

Расказ сведкі

Аб тым, каго канкрэтна ў кар’еры немцы спальвалі, мне расказаў Леў Максімавіч. Пад час трагедыі яму было 15 гадоў.
«Зімой і вясной 1942 года да кар’ера немцы на грузавіках часта прывозілі памерлых савецкіх ваеннапалонных з канцлагера, што быў у першым ваенным гарадку Слуцка. Яны ўтрымліваліся там з восені 41-га. Большасць паміралі, як чуў я ад вяскоўцаў, ад тыфу, а немцы вельмі баяліся гэтай хваробы. Вось і звозілі ў кар’ер не толькі памерлых, а і хворых, яшчэ жывых, іх прыстрэльвалі. Палівалі затым нейкай гаручай вадкасцю з бочак і падпальвалі. Над тым месцам днём і ноччу клубіўся чорны дым. А потым абгарэлыя трупы пасыпалі нейкім белым парашком, але калі вецер дзьмуў з таго боку, то да вёскі даносіўся непрыемны пах гарэлых трупаў. Калі выпадаў час, што немцы не прывозілі палонных, я хадзіў да кар’ера і бачыў тое страшнае месца. Пазней, калі вясной пацяплела, немцы наспех прысыпалі яго зямлёй. Вяскоўцы пазабіралі жалезныя бочкі і ладзілі з іх печкі-буржуйкі. Цяпер там роўнае ворнае поле, кар’ер зраўнялі пасля вайны бульдозерам — і знаку не засталося. Але калі каму спатрэбіцца, магу дакладна пазначыць тое месца». Дарэчы, Леў Максімавіч 37 гадоў адпрацаваў у калгасе камбайнёрам.

P. S. Што б хацелася пажадаць Наталлі Леанідаўне Вайцаховіч, старшыні сельсавета, адшукаць спонсараў і ўвекавечыць памяць трох тысяч ахвяраў фашысцкага генацыду мемарыяльнай плітой з адпаведным тэкстам на ёй — напамінкам усім нам і нашым нашчадкам пра апошні іх пакутны шлях на зямлі ў вечнасць.

Міхаіл Тычына

Фота: Андрэй Беляеў

СВЕДКА ТРАГЕДЫІ. Леў Цярэшка кажа, што кар’ер, дзе фашысты спальвалі савецкіх ваеннапалонных знаходзіўся недалёка ад селішчанскіх могілак.

ПІШЫЦЕ. Калі Вы ведаеце аб невядомых фактах Вялікай Айчыннай вайны, то інфармацыю аб гэтым Вы можаце даслаць на адрас: а/с 53, 223 610, Слуцк-9, ці па тэлефоне (8 1 795) 5 24 07.

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
apolllo
apolllo
19 декабря 2010 11:47

вырос в этой деревне, а про карьер не знал. СПС за статью

wolf
wolf
24 декабря 2010 21:31

А сколько их ещё карьеров? Сталинских, например. А могут быть скоро и ещё…