Пяць школаў Анастасіі Паўлаўны

0

Анастасія Паўлаўна Дамарад — адна са слуцкіх настаўнікаў-старажыхароў. Летась яна адзначыла сваё 90-годдзе. Акрамя родных і блізкіх, колішніх калег па працы, да яе на юбілей завіталі 68-гадовыя пенсіянеры — у 1949 годзе юбілярка ў 1-й сярэдняй школе, цяперашняй гімназіі, прымала іх у першы клас.

Прапануем чытачам размову з гэтым цікавым чалавекам.

— Наша першае знаёмства з вамі, Анастасія Паўлаўна, адбылося позняй восенню 1951-га года, калі пасля дэмабілізацыі з арміі ў раённым аддзеле адукацыі мне прапанавалі ў 1-й школе месца лабаранта. На настаўніцкай вечарыне мужчыны-калегі лічылі вас самай прыгожай жанчынай. Вы, напэўна, памятаеце той вечар?
— У маладосці, а мне тады было 32 гады, усё добрае адкладваецца ў памяці глыбей. Тады я была ўжо замужам, у нас з мужам падрастала трое дзяцей. А ў першую школу прыйшла ў 1949 годзе пасля яе капітальнага рамонту, бо немцы пры адступленні ў 1944-м годзе спалілі будынак. Прыняла першы клас з дзяцей, што нарадзіліся ў нялёгкім   1942-м годзе.

Реклама

— А дзе пачынаўся ў дзяцінстве ваш паход у навуку?
— Бацькі мае жылі ў вёсцы Бярозаўка, адтуль я хадзіла за тры кіламетры ў суседнюю вёску Мялешкі ў школу-пачаткоўку. Як скончыла яе, то бацька наняў у Слуцку кватэру, каб я магла вучыцца далей. Там скончыла сямігодку і рашыла стаць настаўніцай, балазе ў горадзе мелася педвучылішча. Яго і закончыла, атрымала накіраванне на работу ў вёску Шапчыцы Старадарожскага раёна, прыняла школу-пачаткоўку.

— Ці не ваш бацька быў млынаром у даваенныя гады? Памятаю, вятрак махаў крыламі ўзбоч дарогі, што вяла на Вясею, на пагорку.
— Так, мой бацька Павел Цімафеевіч Масюк у канцы 20-х гадоў з родным братам купілі дзесьці ветравы млын, разабралі і перавезлі бліжэй да сваёй вёскі, сабралі, і людзі ім былі ўдзячнымі. Але па даносу нейкага злаўмысніка бацьку ў 1933 годзе арыштавалі і асудзілі на высылку на тры гады. Трапіў на будаўніцтва канала Масква-Волга. Выжыў там таму, што яго, як граматнага і талковага, а бацька да рэвалюцыі скончыў гімназію, назначылі дзесятнікам. Калі адбыў тэрмін, вярнуцца дамоў не дазволілі — жыць прадпісвалі толькі ў так званай прыгранічнай зоне, за сто кіламетраў ад заходняй дзяржаўнай мяжы. А дома чакалі жонка-калгасніца з дзецьмі. Абжыўся ў вёсцы Бабічы на Гомельшчыне. Калі ў 1941-м годзе пачалася вайна, вярнуўся пяшком дамоў.

— Чым запомнілася вам у тыя даваенныя гады вёска Шапчыцы, дзе пачыналі свой працоўны шлях?
— Сяляне там жылі беднавата, як і вакол у вёсках, але школа мясцілася ў новым драўляным будынку, дзеці былі паслушныя, цікаўныя. Там і замуж выйшла за ўчастковага міліцыянера Мікалая Піліпавіча Дамарада. Калі пачалася савецка-фінская вайна ў 1939-м годзе, яго прызвалі ў армію. Ён зведаў там нямала ліха, але выжыў. Як толькі стала вядома ў чэрвені 1941-га года, што немцы ўжо занялі Слуцк, муж выпрасіў у старшыні калгаса каня з павозкай — мы паехалі ў бок Бабруйска, дабраліся да Рэчыцы. Там начальнік мясцовай міліцыі забраў нас абедзвіх у сваю легкавушку «эмку» і мы прыехалі ў горад Рослаўль. У эшалоне з таварных вагонаў з бежанцамі з Беларусі я апынулася ў ліпені ў Тамбоўскай вобласці. А мужа прызвалі ў войска.

— Якім падалося вам жыццё на Тамбоўшчыне? Ці знайшлася работа па прафесіі?
— Трапіла я ў вёску Златаустава Спаскага раёна, падсялілі да салдацкай удавы. Назначылі мяне загадчыцай пачатковай школы, а заадно падрабляла рахункаводам у калгасе, бо заробак настаўніцы быў невялікі. Выдавалі мне на дзень па літры малака і па пуду зерня — на месяц. Мы яго малолі ў жорнах і пяклі хлеб. Не галадалі. Муж нейкім чынам даведаўся, дзе я знаходжуся, і разы тры прыязджаў з Масквы, сёе-тое з прадуктаў падкідваў. А вярнулася ў сваю Бярозаўку восенню 1944-га года. Пайшла працаваць у Вясейскую школу, вяла пачатковыя класы аж чатыры гады. Пяшком два кіламетры ў адзін бок, два — назад.
Пасля таго, як у 1946-м годзе вярнуўся з арміі муж, ён з маім бацькам узвялі ў Слуцку драўляны дом. Ужо праз год я ў ім нарадзіла сына Анатоля, праз год — дачку Тамару, потым — Валянціну.
Муж пайшоў шафёрам у райкам партыі працаваць, а я ў 1949-м годзе — у першую школу, прыняла першы клас. Хоць і голадна тады яшчэ было, але на работу я ішла з радасцю.

— І колькі гадоў адпрацавалі там? Няўжо не было жадання павысіць завочна кваліфікацыю педагога і пайсці ў старэйшыя класы?
— Паверце, не было такога жадання, бо любіла я сваіх першакласнікаў, хоць пасля вайны не ўсе яны былі паслухмяныя, многія выраслі без бацькі, што загінуў на фронце. Але любіла іх усіх, а яны мяне таксама, што тут утойваць. Вось гэтая ўзаемная любоў і сагравала маё сэрца. Пасля таго, як выйшла на пенсію, яшчэ два гады адпрацавала ў першай школе, а потым два наборы першакласнікаў вяла ў 10-й сярэдняй школе, паўгода замяняла там выбыўшую ў дэкрэт настаўніцу. То набралася ўвогуле аж сорак гадоў працоўнага стажу, гэта без уліку двух гадоў у Шапчыцкай школе, іх мне не залічылі…

— У вас за домам агарод дагледжаны, яблыневы сад, свая прысядзібная гаспадрака. Ёсць дзе пенсіянерцы прыкласці рукі, унукам даць урок працы.
— Само сабой, зямля, гаварыў мой бацька, не павінна пуставаць, я і цяпер вясной пакрысе раблю градкі. Але без занятку за межамі дома не магла — пайшла вартаўніком у дзіцячы сад, гадоў сем адпрацавала.
Дачка Валянціна закончыла гандлёвае вучылішча ў Бабруйску, рабіла прадаўцом. Тамара працавала на Слуцкай ткацкай фабрыцы майстрам, начальнікам цэха. Сын Анатоль па прызыву ў войска стаў дэсантнікам, іх часць з-пад Полацка ў 1970-я гады накіравалі ў Кустанайскую вобласць на ўборку ўраджаю цаліннага. Там яго ўкусіў клешч, ад чаго сын захварэў на энцэфаліт з паралічом левага боку. Пятнаццаць гадоў прабыў паралізаваным і ва ўзросце 37 гадоў памёр. Гэта і па сённяшні дзень мая мацярынская незагойная боль. Толькі ўнук Андрэй скончыў Мазырскі педінстытут і працуе ў Слуцку на станцыі юных тэхнікаў майстрам, вядзе аўтагурток. У мяне зараз два ўнукі і дзве ўнучкі, адзін праўнук — ёсць чым ганарыцца бабулі. Не забываюць мяне.

Міхаіл Тычына

СЯМЕЙНЫ ПАРТРЭТ. На здымку (злева направа) Анастасія Паўлаўна Дамарад з дачкамі Валянцінай і Тамарай. Фота з сямейнага архіва (канец 1960-х гадоў).
СЯМЕЙНЫ ПАРТРЭТ. На здымку (злева направа) Анастасія Паўлаўна Дамарад з дачкамі Валянцінай і Тамарай. Фота з сямейнага архіва (канец 1960-х гадоў).

ПІШЫЦЕ. Калі ў Вас ёсць матэрыялы аб цікавых людзях, то дасылайце іх на адрас: а/с 53, 223610, Слуцк-9.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии