Цяжкае шчасце Валодзіка

0

Валодзік пасля службы ў войску ўладкаваўся на «здыхаючае» прадпрыемства. Пайшоў, бо атрыманая да арміі спецыяльная адукацыя дазваляла працаваць майстрам толькі ў гэтай фірме.
Валодзік вельмі хацеў ажаніцца. Але першыя заробкі вымусілі заплакаць кракадзілавымі слязьмі. «З такімі грашыма не тое, што сям’ю пракарміць, самому б не здохнуць», — казаў ён. І адклаў жаніцьбу да лепшых часоў. З галавой пайшоў у працу, зрэдку абыходзіўся выпадковымі сувязямі, нават без знаёмства.
Праз год Валодзікава прадпрыемства раптам стрэліла такім росквітам прыбыткаў, што заробкі на былым флагмане самых адстаючых былі вышэйшымі па горадзе. Наш хлопец падняў галаву — стаў шукаць. Ён чамусьці думаў, што дзяўчына яго мары абавязкова будзе сядзець адна, з сумнымі вачыма за столікам у рэстаране, і адразу яго пазнае. І такая знайшлася — яе звалі Вольга.
Праз тры сумесных ночы яна абвясціла, што цяжарная ад яго. І ёй патрэбны грошы. Здзіўлены Валодзік даў грошай і развітаўся са сваёй марай.
Другую адзіноту ён знайшоў у магазіне. Яны пасядзелі ў кафэ, пагаварылі. Маша — бухгалтар. Будзе адкрываць свой бізнес. «Вось гэта ледзі!» — радаваўся Валодзік. Маша пагадзілася на сэкс не адразу. Толькі на трэці дзень. Валодзіку нават гэта спадабалася. «Вось правільная дзяўчына», — думаў ён. Аднак праз тры дні Валодзік пабег да венеролага. Набраў хабару, каб не паведамлялі на прадпрыемства, і пайшоў здавацца.
Потым была прадпрымальніца Юля, «прыпыленная» брунетка. З-за яе колькасць талерак у Валодзіка значна паменшала. Была Рая — настаўніца малодшых класаў. Ад яе мацюкоў нават Валодзік прысядаў і чырванеў. Яшчэ адну высокаадукаваную асобу ён сустрэў на вяселлі сябра. Яна намеснік дырэктара па маркецінгу. Эфектная і прыгожая. Валодзік ажно вочы заплюшчыў, калі яна адарыла яго сваёй увагай і пацягнула ў нейкі чулан. «Добрая жанчына, — думаў Валодзік, выходзячы з хованкі і зашпільваючы „маланку“ на штанах. — Мабыць ужо ўсіх тут адарыла. Такіх нам не трэба!»
За два гады такога рамантычнага жыцця чатыры дзеўкі патрабавалі на іх жаніцца, бо яны цяжарныя, нават пагражалі, тры — прасілі грошы на аборт, яшчэ тры — проста прасілі грошай і сэкса, а чацвёра званілі па тэлефоне і, цяжка дыхаючы, маўчалі…
Але жаніх не апускаў рукі. І, як аказалася, нездарма. Са сваёй будучай жонкай Валодзік пазнаёміўся выпадкова. Ён якраз быў «гатовы» для знаёмства: у гумавых ботах, ватніку (ездзіў маці бульбу капаць). Соні сказаў, што працуе электрыкам, зарабляе 500 тысяч «зайчыкаў». «І я пяцьсот, — абрадавалася Соня. — Будзе мільён, на сям’ю пакуль хопіць».
Першыя месяцы сумеснага жыцця Валодзік акуратна даваў жонцы не болей 500 тысяч, каб не сапсаваць канспірацыю. Соня ўдала з імі абыходзілася: хапала на самае неабходнае, і, як дазнаўся Валодзік, яна яшчэ адкладвала і яму на зімовую куртку.
Валодзік ажно праслязіўся і расказаў каханай, што не трэба эканоміць, што грошай хопіць. Яна нават пакрыўдзілася, але хутка Валодзік вымаліў выбачэння…
Дзе тут мараль? Наверсе. Хлопцы, не распавядайце жанчынам адразу пра ўсё, асабліва пра грошы! Кажыце, што працуеце дворнікам ці вартаўніком. Карыслівыя дзяўчыны надоўга не затрымаюцца!

Любоў Гарбуновіч

Малюнак: Вера Шут

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии