Пацалунак шчупака

1

Рака, якая працякала праз усю вёску Амговічы, раней была вельмі шырокай і глыбокай. У разводзіцу разлівалася да самых хат. Старыя людзі расказвалі, што ў вайну партызаны ўзарвалі мост і фашысты не маглі ніяк пераправіць сваю тэхніку на другі бераг ракі, пакуль не адбудавалі пераправу.
А колькі было рознай жыўнасці ў рацэ?! На мелкаводдзі хлапчукі тапталі ўюноў, а на правым, абрывістым беразе ў норах вадзіліся ракі. Трымаючыся за траву, малыя намацвалі нагою дзірку-нару, затым давалі нырца і хапалі рукою за спіну зялянаватага колеру пачвару з вялізнымі клешнямі. Іх выкідвалі на бераг, дзе меншыя хлапчукі складвалі ўлоў у торбу. Дарослыя дзядзькі таксама хадзілі на рыбу.
Аднаго разу мой сусед, Фёдар Прахарэвіч, і Аркадзь, па-вулічнаму яго звалі Сарафінчын, узяўшы “трыгубіцу”, намыліліся да ракі ды пазвалі нас, хлапчукоў, каб насілі рыбу за імі. Ад добрага ўлову і нам нешта перападала. За дзве гадзіны ў нашых торбах было ўжо шмат рыбы, Аркадзь з Фёдарам вырашылі зрабіць апошні заход.
Фёдар зайшоў ад сярэдзіны, а Аркадзь пачаў нацягваць “трыгубіцу” да карагі, якая тырчэла з вады каля берага. Раптам пайшла вялікая хваля, а потым Фёдар убачыў, што на яго нясецца «бервяно» — гэта быў вялізны шчупак. Фёдар са спуду пляснуў па вадзе калатухай, якую браў з сабою, каб заганяць рыбу ў сетку. Шчупак тыркнуўся з усяе сілы ў “трыгубіцу”, ды так моцна, што Фёдар не ўтрымаўся на нагах і даў нырца.
Рыбіна тым часам, запутаўшыся ў сетцы, вырвалася на волю, пляскаючы хвастом па вадзе. Вось пад такога «пляскача» папаў і Фёдар. Ён даў нырца ад такога «пачастунку», і Аркадзю прыйшлося выцягваць іх абодвух, і рыбака, і рыбіну. Добра што мы былі побач і дапамаглі цягнуць «улоў» з ракі, бо Фёдар таксама заблытаўся ў сетцы.
Тры дні Фёдар насіў на спіне «пацалунак шчупака» — чырвоную пляміну, а падпіўшы, хваліўся: «Во рыбіна папалася, з мяне ростам і вагой аж пад два пуды». І кожны раз прыбаўляў то рост, то вагу.

Мікола Корань

Малюнак: Вера Шут

Реклама
1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
wolf
wolf
25 ноября 2010 21:08

Раньше эта речка (Нижняя Весейка) дествительно была больше,чем Случь сейчас.По очертаниям старого русла речки ниже плотины за д. Омговичи видно.Благодаря мелиораторам из речек нашего района навсегда исчезли язь,голавль,налим,елец,сом.А в связи с изменением климата уже ничего не восстановишь,даже частично.