Капыльскі святар-пакутнік

1

У вёсцы Пясочнае на Капыльшчыне ў пачатку мінулага веку была праваслаўная царква. Сюды ў 1908 годзе, пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі, прыехаў святар Уладзімір Пастэрнацкі з жонкай Наталляй Сасіноўскай.

Прыезд іх туды быў невыпадковым: настаяцелем мясцовай царквы Святых Апосталаў Пятра і Паўла быў бацька жонкі, Феафан Сасіноўскі. Ён перадаў прыход 23-гадоваму зяцю.
У пачатку 20-х гадоў стараннасць Уладзіміра Пастэрнацкага па службе і аўтарытэт сярод прыхаджанаў заўважылі ў Мінскай епархіі, пасля чаго ён стаў благачынным усіх цэркваў на Капыльшчыне. Гэта не спадабалася новай уладзе, якая актыўна насаджала ў грамадстве атэізм — з закрыццём храмаў і арыштамі святароў.
Ганенне на айца Уладзіміра пачалося з таго, што ў 1931 годзе ў яго забралі карову, без якой у вёсцы, ды яшчэ з дзецьмі, цяжка пражыць. Таму восенню 1932 года ён пераехаў з сям’ёй у Капыль, дзе вёў службу ў Спаса-Вазнясенскай царкве. Праз год да айца Уладзіміра дайшла з Пясочнага трывожная чутка — атэісты разбурылі там царкву. Дарэчы, на той год у раёне былі зачынены ўсе храмы.
Восенню 1933 года айцец Уладзімір застаўся адзіным на Капыльшчыне святаром. Але і гэта не давала спакою мяс- цовым НКУСаўцамі. Айца Уладзіміра не раз выклікалі ў сваю ўправу, угаворвалі: «Отрекись от сана, мы тебе дадим место бухгалтера, будешь иметь твёрдый заработок».
Ён не паддаўся. Тады прыгразілі: «Не отречёшься — исчезнешь без следа!» Айцец Уладзімір адказваў, што будзе і далей заставацца верным Усявышняму і несці свой пакутны крыж.
Яго абклалі непасільным падаткам. Траіх дзяцей-школьнікаў выключылі са школы, царкву закрылі. Як жыць сям'і без капейкі грошай? Айцец Уладзімір стаў ездзіць па вёсках, хрысціў дзяцей, адпяваў нябожчыкаў. І прыхаджане, не страціўшыя веры ў Бога, дапамагалі яму чым маглі, каб сям’я магла выжыць.
У сакавіку 1936 года святара арыштавалі. Раённы суд прыгаварыў яго за забароненую ўладамі царкоўную службу на вёсцы да двух гадоў папраўча-працоўных работаў за межамі раёна. Капыляне не пакінулі ў бядзе яго жонку з дзяцьмі. Употай прыносілі хто паўмяха бульбы, хто торбу мукі, дзесятак яек, гладыш малака.
Праз год, у 1937 годзе, айца Уладзіміра выклікалі з лагера і ён мусіў пераехаць з сям’ёй у горад Рослаўль Смаленскай вобласці, дзе праз некалькі дзён быў зноў арыштаваны. Асобай тройкай НКУС 5 студзеня 1938 года айца Уладзіміра прыгаварылі да расстрэлу. Расстралялі свяшчэнніка 21 студзеня 1938 года. Рэабілітавалі ўжо пасля 1956 года.
У афіцыйнай паперцы, дасланай жонцы, бало пазначана: «Памёр ад паралічу сэрца». Такія адпіскі тады атрымлівалі родзічы соцен тысяч бязвіноўна расстраляных у гады вялікага тэрору.
Мяркую, было б вельмі добра, каб на будынку Капыльскай праваслаўнай царквы паявілася мемарыяльная дошка ў памяць аб святару-пакутніку Уладзіміру Пастэрнацкім, а адну з вуліц горада назвалі ягоным прозвішчам.

Міхась Тычына

Реклама

Малюнак: Вера Шут

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
wolf
wolf
27 ноября 2010 00:18

Вера сильнее пули и страха. Царствие Небесное мученику Божию.