Жаночае шчасце. Прысвячаю жонцы да Залатога вяселля

0

Хто здольны намаляваць шчасце, ды яшчэ жаночае? Немагчымая гэта справа, бо шчасце такое няўлоўнае. Часам толькі працягнуў рукі, каб хапнуць яго, — ды міма. А бывае і наадварот, як расказваюць людзі, ці нават у песнях спяваюць: пойдзе дзяўчына па ваду, а зловіць казака.

«Так ці не так?» — разважала жанчына пасля тэлефоннай размовы з малодшай дачкою, якая знайшла сваё шчасце ў далёкай Германіі. Дачушка тэлефанавала, што збіраецца прыехаць з мужам і сынам да бацькоў, бо так вырашылі ўсе дзеці. Калі яшчэ будзе падстава сабрацца ўсім у бацькавай хаце!

Жанчына вязала зяцю-немцу цёплыя шкарпэткі, і ўспаміны пра жыццё цягнуліся нібы ніткі: часам скручаныя ў вузел, часам роўнаю сцежкай. Вось-вось споўніцца пяцьдзесят гадоў, як выйшла замуж — на дзіва вяскоўцам і настаўнікам школы - за хлопца, якога ў вёсцы не чулі - не бачылі, а чакалі вяселля з маладым настаўнікам, які так заляцаўся да яе. Двойчы з нічым адпраўляла яна сватоў - нават маці стала гаварыць, ці не прагадае дачка. А ўсё ж нешта невядомае стрымлівала ад рашучага кроку -асабліва пасля таго, як прыходзіла пісьмо з далёкай Поўначы, на зваротным адрасе якога значыўся нумар паштовай скрынкі: пісьмо было з лагера ад незнаёмага хлопца.

Реклама

Гэта быў пачатак пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, нават тысячагоддзя, калі яна і яшчэ некалькі такіх вясковых дзяўчат вучыліся ў Слуцкім педвучылішчы і жылі ў бараку ў канцы Камсамольскай вуліцы. Сёння смешна ўспамінаць, якія былі неразумныя. Але тады кружыліся і спявалі, што будуць «любіць і дружыць мацней, чым Рамэо з Джульетай». Пасля заняткаў кожная з Джульет па чарзе павінна была здабываць бохан хлеба, бо купіць, як сёння, яго было немагчыма. У той дзень чарга была яе. На вуліцы Леніна сустрэла будку з хлебам, якая рухалася ў бок плошчы. Яна ўчапілася за задок будкі ў спадзеве, што пры разгрузцы ў краме і ёй дастанецца бохан хлеба. Раптам будка прыпынілася. Нехта крута павярнуў каня з цэнтра вуліцы ў бок, і кола наехала на нагу. Ад болю яна ўскрыкнула і села ў мокры снег.

Калі натоўп разышоўся, перад ёю стаяў малады юнак у расхрыстаным салдацкім шынялі, а побач — двое з вінтоўкамі ў руках, а трэці ваяр — па-за юнаком. Яна не паспела зразумець, адкуль узяліся гэтыя людзі, хто яны такія. Юнак у расхрыстаным шынялі зрабіў крок да яе і спытаў: «Завуць цябе як?» — «Лола, — адказала скрозь слёзы. — З інтэрната педвучылішча». Трое ваяроў са стрэльбамі піхнулі юнака і павялі ў бок гарадскога парку. Толькі пазней зразумела, што юнака вялі са Слуцкага суда ў турму.
Позней восенню яна атрымала ліст з далёкай Комі ССР на імя Лолы, «у якой вочы па яблыку». Другой такой Лолы ў інтэрнаце не было. Так пачалося ліставанне.

…Калі працавала настаўніцай, пачынаў будавацца Салігорск. У вёску наязджала мноства рознага люду. Аднойчы на вечарыне геолаг спяваў пад гітару песню пра савецкіх арыштантаў, якіх штодня адпраўляюць на Варкуту. Яна расказала пра сваё незвычайнае знаёмства і пра тое, што перапісваецца з юнаком, які далёка на Поўначы. Геолаг ухваліў ліставанне.
Равесніцы выходзілі замуж, яна адказвала сватам: «Да восені».

Аднойчы, у ноч пад Шчодрыка, прысніўся сон: яна бегла ўздоўж берага ракі насустрач да яго. На другім беразе стаяў ён у расхрыстаным шынялі, з працягнутымі да яе рукамі, але кладкі не было. Гэты сон прыдаў больш упэўненасці адказаць сватам «да восені».

Пяць з паловай гадоў прайшло з той сустрэчы на слуцкай вуліцы. І аднойчы, калі школьнікі разышліся пасля заняткаў, у настаўніцкай адчыніліся дзверы. На парозе стаяў хлопец, у руках трымаў шапку, нібыта той школьнік. «Я прыйшоў!» — рашуча сказаў ён і змоўк. Хутка адбылося вяселле. Аднавяскоўцы і настаўнікі дзівіліся: «За каго ідзеш замуж?»… І вось яно — Залатое вяселле.

Раптам зазвінеў дамафон. «Вам ліст з Германіі». Яна выйшла насустрач паштальёну. Ліст быў ад нямецкіх сватоў. З хваляваннем чытала: «Libe Oma und Opa…(Дарагія бабуля і дзядуля) Шлём Вам сардэчнае прывітанне з Рэгенсбурга… Мы шчыра дзякуем Вам за Вашу цудоўную дачку, якая з’яўляецца лепшай нявесткай у Еўропе і клапоціцца аб нас…» Далей літары заскакалі ад слёз.
Калі нямецкі зяць забіраў дачку, спытала: «Ты не баішся выходзіць замуж?». У адказ пачула: «Успомні, з кім паехала ты па белым свеце». Дзякуй Богу, у Германіі падрастае цудоўны ўнучак, жывуць добрыя зяць і сваты. У старэйшай дачкі ў Мінску таксама добрая сям’я. Унук вучыцца ў ваеннай Акадэміі. Сын у Маскве стаў дзедам — мае сваю ўнучку. Усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю… Адным словам, тады ў Слуцку, пайшоўшы за хлебам, не размінулася са сваім шчасцем. Якое яно? Паспрабуй намалюй.

Уладзімір Дамель

ЯК У ПЕСНІ. Пайшла дзяўчына па воду, а злавіла казака. Фота: Уладзімір Амяльчэня
ЯК У ПЕСНІ. Пайшла дзяўчына па ваду, а злавіла казака.

ПІШЫЦЕ. Калі вы ведаеце цікавыя гісторыі сумеснага жыцця знаёмых людзей, дасылайце на адрас info@kurjer.info

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии