Самагонная бомба

1

У тую зіму на шостым годзе службы ў войску мне далі дзесяцідзённы водпуск. Бацька з такой нагоды вырашыў выгнаць самагонкі. Апарат у вёсцы прыжыўся даўно — нават у гады акупацыі 41−44 гадоў яго выкарыстоўваў хто хацеў, апарат хавалі ад паліцаяў і партызанаў. Бутэлька самагонкі тады нярэдка была сродкам улагоджвання няпрошаных гасцей з горада ці з лесу, свайго роду «адкупной» ад тых, хто кіраваў вока ў хлявы, каб забіць парсюка, ці забраць карову, а такое здаралася. А калі гаспадар прыносіў пару бутэлек першаку, што гарэў на агні сінім полымем, госці пакідалі двор без жывых трафеяў.

Тым ранкам бацька разбудзіў мяне, запрог у сані каня, якога прывёў з калгаснай стайні, вынес з кладовай і скаціў на дошцы на сані бражнік, запоўнены рошчынай, кацёл для падачы пары ў яго і іншыя прылады ад самагоннага апарату. Мы паехалі за кіламетр ад вёскі ў густы алешнік, выбралі невялікую палянку. Быў студзень месяц, з ранку мароз сягаў градусаў пятнаццаць, але бацька хутка распаліў вогнішча пад жалезным катлом, мы патоптвалі вакол яго, каб не замарозіць ногі.

Мо з паўгадзіны мы чакалі таго моманту, калі гатовая прадукцыя пачне капаць у пастаўленую на выхадзе бутэльку. Але не ўцяміў бацька — а я тым болей — што на марозе труба ад бражніка да сухапарніка можа замерзнуць так, што ходу ў ёй на выхад не будзе, а гэта небяспечна.

Реклама

Так яно і выйшла. Нечакана грумнуў выбух, нібы ад гранаты. Верх бражніка — а гэта быў драўляны круг — узляцеў у гору разам з верхнім, разагрэтым да кіпеню, слоем брагі. Добра, што мы стаялі паблізу, з паўметра. Бацьку кіпень толькі запэцкаў куфайку, а мне апаліў шчаку паблізу правай скроні, і я пайшоў дамоў, дзе маці змазала апёк нейкім тлушчам. Што было далей ў тым альховым лесе, не памятаю, але дні праз два, калі мароз упаў да нуля, бацька, адшукаўшы ў суседа другі бражнік, з таго начыння ўсё ж выгнаў літраў пяць ці шэсць добрай жытнёвай самагонкі. Я запрасіў на сустрэчу вясковых хлопцаў, дзяўчат. Маці накрыла стол, дружна адзначылі маё вяртанне дамоў.

Калі нехта з хлопцаў спытаў, што гэта за апёк у мяне на шчацэ, я адказаў, што выпадкова ашпарыў кіпенем з чайніка. З сабою на дарогу прыхапіў бутэльку першаку, ладны кавалак сала. Вярнуўшыся ў сваю часць, пачаставаў сяброў-аднагодкаў, расейскіх хлопцаў. Яны вельмі дзівіліся таўшчынёй слуцкага сала — думалі, што нехта склеіў яго з некалькіх кавалкаў. З’елі ў адзін прысест. А праз тры месяцы мяне ўжо дэмібілізавалі зусім.

Мікалай Барысевіч

Малюнак: Вера Шут

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
wolf
wolf
17 ноября 2010 23:30

Эх, где бы достать настоящего хлебного продукта, сделанного по старинной технологии. Может, кто подскажет хотя бы рецепт и чертёж устройства?