Успамін пра Караля Падчашынскага

0

7 лістапада споўнілася 220 гадоў з дня нараджэння знакамітага архітэктара Караля Падчашынскага (7.11.1790 — 26.03.1860). Хаця яго творчасць працякала ў Расійскай імперыі, аднак належыць яна, перадусім, беларусам, літоўцам і палякам. Дзейнасць Караля была звязана пераважна з Вільняй — там ён і пахаваны. Свой след майстар пакінуў і ў Беларусі, у тым ліку ў Слуцку.

З архітэктурай лёс майстра звязаны не выпадкова. Будаўнікамі былі бацька і дзед, справа гэта была вядома з дзяцінства. Яго дзед Павел добра рамантаваў палацы і храмы, за што быў заўважаны Радзівіламі і пастаўлены імі наглядчыкам за будаўнічымі работамі ў сваіх маёнтках.
З часам ён стаў набліжаным да княжацкага двара, атрымаў пасаду падчашага. А яго сын Ян стаў княжацкім архітэктарам. За дасягненні на гэтым месцы Караль Станіслаў Радзівіл паспрыяў таму, каб у 1772 годзе Ян атрымаў шляхецкае званне. З гэтага часу Ян стаў Падчашынскім — пад такім прозвішчам засталіся вядомымі і яго нашчадкі. У гонар свайго дабрадзея Ян назваў сына Каралем.

З жыцця майстра

Нарадзіўся Караль Падчашынскі ў вёсцы Жырмуны, што непадалёку ад Ліды, дзе яго бацька незадоўга перад тым скончыў будаўніцтва касцёла. Па яго жаданню вучыўся ў Брэсце, у 1813 годзе скончыў ліцэй у Крамянцы і паступіў у Віленскі ўніверсітэт.
Да таго часу бацькі ўжо не было, і на дапамогу разлічваць не прыходзілася. Таму Караль не толькі старанна пазнаваў навуку, але і сам здабываў грошы — у тым жа ўніверсітэце пачаў даваць урокі малявання і чарчэння.

Реклама

Універсітэцкае кіраўніцтва заўважыла таленавітага і стараннага студэнта, i з 1814 года яму назначылі стыпендыю, а ў хуткім часе далі магчымасць удасканальваць навуку ў Санкт-Пецярбургу.

У 1816 годзе, пасля сканчэння вучобы ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, дзе за свае архітэктурныя кампазіцыі ён атрымаў два сярэбраныя медалі, Караль вярнуўся ў Вільню з мэтай заняцца выкладаннем ва ўніверсітэце. Аднак маладога спецыяліста зноў пасылаюць у вандроўку: ён спачатку вучыцца ў Парыжы, пазней накіроўваецца ў Італію. Па вяртанні, з 1819 года выкладае ў Віленскім універсітэце, пазней становіцца кіраўніком кафедры архітэктуры.
Караль Падчашынскі быў прадстаўніком  класіцызму. Ён актыўна займаўся навукова-тэарэтычнай дзейнасцю (пісаў трактаты, даследаванні, падручнікі для студэнтаў) і пасля 1832 года, калі Віленскі ўніверсітэт па загаду цара быў закрыты.

Зарэкамендаваў ён сябе і як выдатны практык. У асноўным, увага яго была скіравана на Вільню; шэраг аб’ектаў быў узведзены ў Расіі, Украіне, Польшчы. На Беларусі да гэтага часу захаваўся пабудаваны па яго праекту Жыліцкі палацава-паркавы комплекс. Ён аўтар некалькіх праектаў навучальных устаноў, у тым ліку мураванага будынка кальвінскай гімназіі ў Слуцку.

Слуцкая гімназія

Навучальная ўстанова была заснавана ў ХVІІ стагоддзі Радзівіламі. Разам са слуцкай кальвінскай абшчынай, у сваёй дзейнасці яна падпарадкоўвалася Кальвінскаму Сіноду, які размяшчаўся ў Вільні.
Драўляны аднапавярховы вучэбны корпус у ХІХ стагоддзі ўжо не задавальняў, таму напрыканцы 1820-х гадоў Сінод заказаў знакамітаму архітэктару  праект новага мураванага школьнага будынка.

Праектная дакументацыя, зробленая Падчашынскім, захавалася. Будынак быў узведзены без значных адступленняў ад яе. У адпаведнасці з патрабаваннямі класіцызму, кампазіцыя школы будавалася па прынцыпу сіметрыі.
Пасярэдзіне галоўнага і тыльнага фасадаў размяшчаліся ўваходы. Першы і другі паверхі мелі планіроўку калідорную, з двухбаковым размяшчэннем памяшканняў. На першым паверсе калідор правага крыла завяршаўся дадатковым уваходным праёмам у тарцовай сцяне (цяпер ён закладзены і ператвораны ў вакно).
На другім паверсе, з боку галоўнага фасаду, пасярэдзіне арганізавана актавая зала, якая аддзяляецца ад калідора чарадой калон. Адсюль меўся выхад на балкон, які навісаў над галоўным уваходам. Фотаздымкі пачатку ХХ стагоддзя паказваюць будынак гімназіі без балкона, аднак на малюнку, зробленым мастаком Напалеонам Ордай у 1860-я гады, мы яго бачым. Прадугледжваў праект і невялікі склеп.

Будаўніцтва вучэбнага корпуса пачалося ў 1829 годзе i, з-за недахопу належных сродкаў, вялося да 1838 года. Паставілі яго паралельна вуліцы Шырокай (цяпер Камсамольская), побач са старым драўляным будынкам. Як сцвярджае літоўскі даследчык гісторыі архітэктуры В. Левандаўскас, праект гімназіі зроблены ў стылі класіцызм з рысамі рамантызму.
Праз дзесяць год побач з гімназіяй паўстаў эклектычны, з перавагай гатычных рысаў, мураваны будынак кальвінскага храма. Будынкі ўдала дапоўнілі адзін аднаго і стварылі самы значны архітэктурны ансамбль Зарэчча. Узведзены храм быў па праекту Казіміра Хршчановіча.

Можна лiчыць у нейкай ступенi знамянальным знаходжанне побач будынкаў, спраектаваных гэтымі архітэктарамі.  Хршчановіч і Падчашынскі былі не толькі сучаснікамі, але адзінадумцамі і магчыма нават сябрамі. У свой час яны разам працавалі над праектамі вучылішчаў у Бабруйску і ў Невелі. А ў Слуцку дапоўнілі адзін другога сваімі арыгінальнымі творамі.

Лёс будынкаў

Кальвінская гімназія з другой паловы   ХІХ стагоддзя стала дзяржаўнай класічнай гімназіяй, пасля рэвалюцыі тут размясцілася гарадская школа №1, якая дзейнічае да нашага часу, у 1998 годзе змяніўшы свой статус — цяпер яна зноў называецца Слуцкай гімназіяй №1. І хаця ў 1980 годзе побач быў ўзведзены новы сучасны вучэбны корпус, візітоўкай гімназіі ўсё ж застаецца гістарычны будынак.

Кальвінскі храм пасля рэвалюцыі быў закрыты — тут арганізавалі электрастанцыю. Будынак быў разбураны ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Моцна пацярпеў у час вайны і вучэбны корпус, але, адрамантаваны, ён служыць да нашага часу. На сёння гэта адзін з самых значных помнікаў архітэктуры горада. Несумненна, што праз нейкі час ён, ў выніку рэстаўрацыі, паўстане ў сваім першапачатковым выглядзе. А побач з прозвішчамі знакамітых выпускнікоў Слуцкай гімназіі абавязкова будзе ўпамінацца і імя выдатнага архітэктара, наяўнасцю твора якога ў нашым горадзе мы павінны ганарыцца.
Аднак хочацца спадзявацца, што ў нейкі час побач з вучэбным корпусам адродзіцца і кальвінскі храм — твор Казіміра Хршчановіча, сябра Караля Падчашынскага. I Слуцк, як і некалі, будзе мець выдатны гістарычны архітэктурны ансамбль — помнік гісторыі нашага горада і помнік выдатным творцам, якія сваёй працай імкнуліся пераўтвараць гарады нашай краіны па законам прыгажосці.

Ігар Ціткоўскі

СЛУЦКАЯ ГІМНАЗІЯ. Унутраны від залы, дзе праходзілі ўрачыстасці. Пачатак XX стагоддзя. Фота: Самір Юхнін
СЛУЦКАЯ ГІМНАЗІЯ. Унутраны від залы, дзе праходзілі ўрачыстасці. Пачатак XX стагоддзя. Фота: Самір Юхнін

ПІШЫЦЕ. Аб якіх знакамітых людзях, якія пакінулі след у гісторыі Случчыны, Вы жадаеце прачытаць на старонках “Кур’ера”.
Наш адрас: а/я 53, 223610, Слуцк-9 ці info@kurjer.info

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии