Яўген Гучок: Не шкадуе сваё толькі лайдак, які нічога не мае

0

Яўгену Гучку, беларускаму паэту, перакладчыку, даследчыку, ураджэнцу Слуцка, 4 лістапада спаўняецца 70 гадоў.

Карэспандэнт «Кур'ера» патэлефанаваў юбіляру і пацікавіўся яго апошнімі дасягненнямі і планамі.
«Я заўсёды рад супрацоўнічаць з газетай „Інфа-Кур'ер“ — адзначыў Яўген Гучок, — і мне вельмі прыемна, што вы мяне не забылі. Што тычыцца дасягненняў, то нядаўна выдаў у Вільні сваю кнігу „Некропаліс“, былі публікацыі на розныя тэмы ў часопісах і альманахах.

Выйшла першая частка маёй невялікай брашуры „Чаму мы страцілі этнонім Літва, ці Да гісторыі аднаго рабства“, у якой я, абапіраючыся на лінгвістычныя дадзеныя, спрабую давесці да чытача, што летапісная „літва“ — племя не славянскае і не балцкае, а фіна-угорскае. Менавіта фіна-угорскае паходжанне было ў летапісных князёў Міндоўга, Гедыміна, Вітаўта. У нейкім сэнсе кніга ерэтычна-фантастычная і амаль правакацыйная. Раблю я гэта наўмысна, каб падштурхнуць даследчыкаў да больш дасканалага вывучэння нашых этнічных каранёў. Да публікацыі ўжо падрыхтавана другая частка брашуры. Цяпер вяду пошук сродкаў на яе выданне.

Реклама

Але галоўнай працай апошняга года лічу кнігу пра выдатнага слуцкага краязнаўцу Рыгора Родчанку. Я быў з ім добра знаёмы. Дапамаглі мне ў зборы матэрыялаў і шматлікія слуцакі. Мяркую, што жыхары Случчыны абавязаны знаць пра яе нястомнага даследчыка. Бо менавіта ён адрадзіў да новага жыцця слуцкую гісторыю. Цяпер яна ёсць у жыхароў Случчыны, як ёсць і тыя, хто працягвае справу Родчанкі. Трэба нагадаць, што не шкадуе сваё хіба толькі лайдак, які нічога не мае.

Планую выдаць кнігу невялікім тыражом у Маладзечна. А сёння прапаную яе „Краязнаўчай газеце“, „Народнай волі“; можа, і „Кур'ер“ зверне на яе ўвагу.

Вітаю слуцакоў і жадаю ім заўсёды ганарыцца гісторыяй свайго краю і яго дасягненнямі».

ЮБІЛЯР. Яўген Гучок і сёння поўны задумак, планаў і напрацовак. Фота: Алесь Дастанка

ЮБІЛЯР. Яўген Гучок і сёння поўны задумак, планаў і напрацовак. Фота: Алесь Дастанка

Да 70-годдзя паэта

У Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы да юбілея Яўгена Гучка пачала дзейнічаць невялікая выстава, на якой прадстаўлены кнігі паэта, выдадзеныя ў розныя гады.
Падрыхтаваны таксама бібліяграфічны агляд твораў нашага земляка пад агульнай назвай «Вершы — святло яго душы».
У дзень нараджэння Яўгена Сяргеевіча на радыё «Весткі Случчыны» прагучыць радыёгутарка «Я быць сабой імкнуся».
Акрамя таго, раённая цэнтральная бібліятэка выдала буклет «Штрыхі да творчасці паэта», дзе аўтабіяграфічна дадзены асноўныя жыццёвыя вехі Яўгена Сяргеевіча і зроблены кароткі агляд яго кніг.

Сяргей Багдашыч

Даведка «Кур'ера». Гучок Яўген Сяргеевіч нарадзіўся 4 лістапада 1940 года ў Слуцку. Працаваў у геалагічным атрадзе і на мэблявай фабрыцы. Служыў у Савецкай Арміі (1960 — 1963). Скончыў БДУ (1968). Настаўнічаў. Пасля заканчэння аспірантуры пры БДУ з 1971 года працаваў вядучым рэдактарам выдавецтва «Народная асвета». Вучыўся ва Усесаюзным паліграфічным інстытуце.
Пісаць вершы пачаў стыхійна ў шостым класе — падбіраў рыфмы, складаў радкі. Больш свядома да вершаскладання пачаў ставіцца ў 9 — 10 класах. Пісаў па-руску і па-беларуску. Друкавацца пачаў у 1959 годзе ў слуцкай раённай газеце «Шлях Ільіча». Выдаў кнігі: «Белое чудо» (1976), «Блакітныя чмялі» (1983), «Паэма дзяцінства» (1983), «Сэрцам і думкай» (1994), «Исток пути» (1997), «Формула травы» (1997, 2002 — другое выданне), «На патрэбу душы» (2004). Публікаваўся ў часопісах, альманахах, газетах і іншых выданнях як у Беларусі, так і за мяжой (Расія, Польшча, Чэхія, ЗША). Даследуе пытанні роднай гісторыі і культуры ў кантэксце сусветнага гістарычнага працэсу. Перакладае з рускай, польскай, крымска-татарскай, латышскай і грузінскай моваў.
У свой час браў удзел у арганізацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны», а таксама БНФ «Адраджэнне».

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии