Народны тэатр паставіць спектакль, які выкрывае чыноўнікаў-функцыянераў

1

Слуцкі народны тэатр драмы і камедыі імя Галубка працуе над пастаноўкай «Мудрамер» па аднаіменнай п’есе Міколы Матукоўскага. Гледачы убачаць спектакль 27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра.

На думку Аляксандра Туміловіча, рэжысёра тэатра, п’еса, напісаная больш за дваццаць гадоў таму, актуальная і сённня. «За гэты час практычна нічога не змянілася», — лічыць суразмоўца.

Сюжэт спектакля такі. У міністэрства ўзгаднення прыходзіць вынаходнік, які сканструяваў адмысловы прыбор — мудрамер. Гэты апарат вымярае чалавечую дурноту. Калi у крэсла садзiцца таленавiты чалавек — гучыць арыя князя Iгара, калi дурань — ліюцца гукi паланеза Агiнскага. Дзея адбываецца ў кабінеце міністра, які прапануе спачатку пратэсціраваць апарат на сваіх падначаленых. Але тыя адмаўляюцца вымяраць прыборам узровень свайго інтэлекта і некуды знікаюць. Каб вырашыць, ці пускаць мудрамер у серыйную вытворчасць, міністр апрабоўвае апарат на наведніках…

Реклама

П’еса выкрывае чыноўнiкаў i функцыянераў, якiя спрабуюць у сучасным жыццi іграць першыя ролi.

У спектаклі занятыя Уладзімір Вяршынін, Уладзімір Машко, Наталля Дубалека, Зінаіда Заяц, Яўген Макаранка, Мікалай Курбыка, Юрый Арол, Вольга Буглак, Галіна Бабаджанава.

У гэтым годзе Слуцкі тэатр драмы і камедыі імя Галубка паставіў два спектаклі: «Вяселле» па Чэхаву і «А зоры тут ціхія» па п’есе Барыса Васільева. Абедзве пастаноўкі мелі поспех у гледачоў. Як запэўніла карэспандэнта «ІК» Людміла Мазнікава, пастаноўка «А зоры тут ціхія», прэм’ера якой адбылася летам, па просьбах гледачоў будзе паўтарацца. «Зараз у нас праводзіцца шмат мерапрыемстваў, таму сцэна занятая, — сказала Людміла Мазнікава. — Хутчэй за ўсё, спектакль пакажам да 23 лютага. Не выключана, што яго пабачаць і гледачы рэгіёна».

Таццяна Гусева

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
сергей
сергей
22 октября 2010 15:45

Мудромер. Я смотрел в школе, когда Купаловский театр его в Слуцк привозил. Оч такая советская пьеса, я бы сказал.