Помнік эпохі індустрыялізацыі

1

Адным з галоўных дзеючых аб’ектаў у Слуцку напярэдадні зімовых халадоў і наступлення ацяпляльнага перыяду становіцца кацельня. Арыгінальны корпус гарадской кацельні № 1 па вуліцы Камсамольскай — высокі чырвоны будынак — вядомы амаль усім. Сталыя жыхары горада памятаюць яго як будынак слуцкай электрастанцыі.

Фото: Игорь Титковский

ПРЫКМЕТЫ ЧАСУ. У 1930-я гады будынак электрастанцыі стаў важнейшай архітэктурнай дамінантай ў забудове Слуцка.

Реклама

Не закранаючы пытанні функцыянавання гэтага важнейшага аб’екта камунальнай гаспадаркі, звернем увагу на гістарычны будынак як на цікавы аб’ект прамысловай архітэктуры нашага горада, які ў поўнай меры вобразна адлюстроўвае характар той эпохі, калі ён быў узведзены.

ПРА ПАЧАТАК ЭЛЕКТРАФІКАЦЫІ ГОРАДА. Першая дынама-машына, якая выпрацоўвала электрычны ток, у Слуцку з’явілася ў 1916 годзе. Яна забяспечвала энергіяй прыватны кінематограф. А ў 1920-я гады ў будынку гарадской лазні быў усталяваны дызель з генератарам пераменнага току, які ўжо працаваў на патрэбу горада. Аднак магутнасць яго была невялікай.
У 1925 годзе для электрастанцыі пачалі прыстасоўваць будынак закрытага кальвінскага збору. Гэта электрастанцыя ўступіла ў эксплуатацыю ў лістападзе 1926 годзе. Яна была ў тры разы мацней за арганізаваную ў лазні, тут працавалі дызелі з генераторамі 150 и 75 кВт.

У сярэдзіне 1930-х гадоў на правым баку вуліцы Камсамольскай, насупраць былога кальвінскага збору, пачалі ўзводзіць адмысловы корпус электрастанцыі, які быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1936 годзе. Тут працавалі два котлы з турбінамі па 500 кВт. Для іх цвёрдае паліва дастаўлялася па пракладзенай з Гацука вузкакалейнай чыгунцы.
З гэтага часу горад ужо поўнасцю быў электрафіцыраваны, электрычнасць атрымалі прадмесці і навакольныя вёскі.

НОВАЯ ЭЛЕКТРАСТАНЦЫЯ. Новы будынак электрастанцыі стаў значнейшай архітэктурнай дамінантай у забудове вуліцы Камсамольскай (былой Шырокай). Яму, размешчанаму ў гістарычнай частцы горада, насупраць знакамітых гімназіі і кальвінскага збору, несумненна, акрамя чыста функцыянальнага, надавалася і важнае значэнне з пункту гледжання ідэалогіі. Гэты будынак павінен быў вобразна сцвярджаць наступленне новай эпохі, таму адпаведная ўвага надавалася эстэтычным якасцям яго вобліка. Як і ў іншых пабудовах, што з’явіліся ў нашай краіне на мяжы пераходу ад архітэктуры функцыяналізма да так званага савецкага класіцызму, тут заўважым прыкметы і аднаго і другога архітэктурных напрамкаў.

Выкладзены з чырвонай цэглы магутны кубападобны трохпавярховы аб’ём мае значны схіл даху з боку тыльнага фасаду. Па баках да яго прымыкаюць, завяршаючыяся вышэй галоўнага аб’ёму, прамавугольныя ў плане вежападобныя аб’ёмы, у якіх размяшчаюцца лесвічныя маршы. Галоўны фасад будынка электрастанцыі з іх дапамогай атрымаў выразную сіметрычную двухвежавую кампазіцыю. Падобны архітэктурны прыём, дарэчы, у той час быў даволі распаўсюджаным. Дастаткова згадаць аналагічны па рашэнню (з двухвежавым завяршэннем) фасад Дома Чырвонай Арміі ў Мінску (цяпер Цэнтральны Дом Афіцэраў), які скіраваны ў бок ракі Свіслач. Урачыстыя двухвежавыя рашэнні атрымлівалі злучэнні вуліц з галоўнымі плошчамі (напрыклад, Прывакзальная плошча ў Мінску, плошча Леніна ў Віцебску).

Сцены галоўнага і бакавых фасадаў будынка праразаюць вертыкальныя і гарызантальныя аконныя праёмы. Разам з прамавугольнай формы нішамі і вертыкальнымі выступамі-лапаткамі яны надаюць выгляду будынка лаканічны і адначасова выразны рытмічны строй.

З ГІСТОРЫІ БУДЫНКА. Выпрацоўка электраэнергіі тут працягвалася і падчас Вялікай Айчыннай вайны. Аднак на пачатку снежня 1942 годзе гарадскімі падпольшчыкамі была праведзена дыверсія па вываду электрастанцыі са строю.

У хуткім часе пасля вызвалення горада ад акупантаў, 3 верасня 1944 годзе электрастанцыя зноў пачала выпрацоўваць ток. У лістападзе 1945 годзе была здадзена яе 2-я чарга. Магутнасць прадпрыемства цяпер перавышала даваенную ў паўтары разы.

З пачатку 1960-х гадоў у Слуцку пачала развівацца сетка цэнтральнага ацяплення. Адначасова гарадскія электрасеткі далучаліся да ствараемай агульнадзяржаўнай сеткі энергазабеспячэння. Было арганізавана новае прадпрыемства — ПЭС. З’явілася магчымасць карыстацца электрычнасцю, якая выпрацоўвалася на буйных электрастанцыях ў іншых рэгіёнах. У сувязі з гэтым дзейнасць слуцкай электрастанцыі змянілася. Яе ператварылі ў гарадскую кацельню і цяпер замест электраэнергіі яна забяспечвае цяплом жылыя будынкі, установы і прадпрыемствы. У сувязі з неабходнасцю павялічваць магутнасць, побач са старым былі ўзведзены новыя прамысловыя карпусы.

Аднак час ішоў і зноў узнікла мэтазгоднасць у выпрацоўцы сваёй электраэнергіі. Таму ў красавіку 2001 года ў гарадской кацельні № 1 быў устаноўлены і ўведзены ў эксплуатацыю турбагенератар «Кубань», магутнасцю 750 кВт, выраблены на Калужскім турбінным заводзе. Такім чынам, у нейкай меры гісторыя слуцкай электрастанцыі працягваецца і сёння. А гістарычны будынак былой слуцкай электрастанцыі, які па праву заслугоўвае звання помніка эпохі індустрыялізацыі ў нашым горадзе, несумненна патрабуе нашай павагі і пашаны.

Ігар Ціткоўскі

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
артём
артём
22 декабря 2010 17:11

а кстати наша котельная имеет отношение к титанику