Бізнесмены перабудовы

0

Няўмольна бяжыць час. Цягнік гісторыі пад назвай «20-е стагоддзе» адышоў ад станцыі і паціху набірае разгон у будучыню. Апошнія дзесяць гадоў таго стагоддзя былі вельмі бурлівымі, а лепей сказаць, вар’яцкімі.
Пачалося ўсё з перабудовы. Затым пятнаццаць сясцёр, пятнаццаць рэспублік захацелі жыць самастойна і збеглі з савецкага гарэма. Людзям далі волю-дэмакратыю, але, што з ёю рабіць і як ёю карыстацца, ніхто дасканала не ведаў. Крыху больш «кемлівыя» кінуліся ў бізнес — раней гэта называлася спекуляцыя, а зараз бізнес.
Імчыць цягнік, цягне за сабою вагоны на былы Ленінград і Маскву з Салігорска, стукаючы сваімі ПіR-квадратамі на стыках рэльсаў.
У вагоне № 13 стаіць пах вэнджанай каўбасы, сыроў і другой кісла-малочнай прадукцыі. Паліцы трэцяга ўзроўню забіты чамаданамі, заплечнымі мяхамі, бауламі. Тое самае робіцца і пад спальнымі лаўкамі. А народу набіта бітком. Каго тут толькі няма: ад слесара-сантэхніка да кандыдата навук, усе сталі «бізнесменамі».
На шостым і сёмым месцах сядзяць бацька з сынам, вязуць у паўночную сталіцу сыры, дабытыя ўсімі праўдамі і няпраўдамі. На Беларусі з харчамі яшчэ ўсё нармальна, а вось у Піцеры слаба. Прадаўшы сёе-тое можна і капейку збіць (наварыцца), беларуская прадукцыя натуральная — карыстаецца попытам.
Прапару-афганцу пашчасціла вярнуцца жывым дадому, хоць і інвалідам. На пенсію не надта пажыруеш, ды і дзяцей трэба вучыць — вырашыў таксама заняцца бізнесам.
Мінулі Магілёў. Цягнік пачаў прыпыняцца, а потым і зусім стаў - мытня. «Таможня», — паняслося па вагоне. Людзі збянтэжана замітусіліся, разбіраючы свае клункі. «Будзе шмон», — сказала жанчына, якая везла мо сотню кілаграмаў розных мясных прысмакаў. Яна не хвалявалася за свой «тавар», бо ў яе на руках была тэлеграма з запрашэннем на вяселле дачкі.
— Вашы дакументы і рэчы для дагляду. Так, інвалід… Афганец? А не цяжка такая паклажа? А дзе дазвол на вываз? — рыкнуў капітан-мытнік.
— Слухай, капітан, можа…
Але мытнік не даў дагаварыць. Па вагону панясліся не зусім літаратурныя словы і мытнік шпурлянуў сумку з сырамі ў праход: «На выхад, марш». Сам жа, наступіўшы на выпаўшы з сумкі сыр, згубіў раўнавагу і ўсім сваім двухмятровым ростам пляснуўся на жанчыну з каўбасамі. Зноў па вагоне панесліся словы, якіх у літаратуры няма і блізка.
І раптам нехта крыкнуў: «Пажар!» У тамбуры і па вагоне пацягнулася дымка. Мацюкаючыся, капітан пабег у бок пажару, а наш гора-бізнесмен, сабраўшы сыры, з сынам пайшлі ў другі бок і схаваліся ў прыбіральню, закрыліся там на ўнутраны замок.
Яшчэ 20 хвілін вагон гудзеў як вулей, аднак раптам усё сціхла: цягнік спачатку тузанула, а затым, набіраючы хуткасць, ён рушыў наперад.
Да Ленінграда дабраліся нармальна. Аднак на вакзале чакала другая «таможня», брытагаловая. У каго было многа клункаў, той плаціў 5 а то і 10 долараў. Прапара з сынам прапусцілі, мабыць, з-за формы і што прыкульгваў.
Тавар яны здалі тут жа «оптам», за добрую цану. Адразу пайшлі ў вакзал, узялі білет на вячэрні цягнік і без прыгод дабраліся да дому.
Прапаршчык больш не захацеў займацца такім «бізнесам», трошкі падлячыўшыся, пайшоў працаваць у вартаўнікі.
А жыццёвы цягнік шпарка імчыць далей, у дваццаць першем стагоддзе.

Мікола Корань

Малюнак: Вера Шут

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии