«Я проста ў далёкай вандроўцы…»

2

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінске 6 кастрычніка адкрылася выстава славутых выцінанак Вячаслава Дубінкі «Я проста ў далёкай вандроўцы.», прысвечаная памяці знакамітага майстра. На адкрыццё выставы ў музей завіталі сябры, родныя аўтара, землякі і прыхільнікі яго творчасці. Госці ўспаміналі майстра добрым словам і фатаграфаваліся побач з яго самабытнымі творамі.

Народжаны ў старажытным і вольналюбівым Слуцку, Вячаслаў Дубінка быў і застанецца унікальным для Беларусі творцам. Гэты шчодра надзелены разнастайнымі талентамі, магутным жыццёвым аптымізмам і неадольнаю прагаю падарожжаў чалавек стаў сябрам чатырох творчых саюзаў: журналістаў, пісьменнікаў, мастакоў і народных майстроў.

Але найбольшую вядомасць прынесла Вячаславу старадаўняе мастацтва выцінанкі. Менавіта ён вярнуў беларускую выцінанку з нябыту і стварыў яе цэлую сучасную школу.

Реклама

Тадэвуш Стружыцкі, намеснік міністра культуры, у сваёй прамове на адкрыцці выставы заўважыў: «Мы не заўсёда аддаем належнае мастакам, творцам пры жыцці, але дай Бог, што хапае розуму, памяці аддаваць гэта пасля таго, як гэтыя людзі пайшлі. Наш абавязак не толькі памятаць, але і рабіць усё неабходнае, каб іх творчыя дасягненні, здабыткі былі нашымі агульнымі».

Мастак-графік Уладзімір Басалыга ўспамінаў, як сустрэўся з Вячаславам Дубінкам у гуртке Уладзіміра Садзіна пры Слуцкім Доме піянераў.

— У далёкія 50-ыя гады — Божа мой, як гэта далёка было! — мы прыйшлі туды з вялікімі надзеямі, што сапраўдны мастак будзе нас вучыць. У тыя часы мы былі як сляпыя кацяняты, таму што ў Слуцку не было дзе паглядзець, як малююць алоўкам, як працуюць пэндзлем. Мы вобмацкам шукалі свой шлях. Славу было трохі цяжэй, бо не ўсё, што выкладаў настаўнік, адпавядала яго задумам. Але ён разумеў, што без пошукаў, без самастойнай упартай працы немагчыма чагосьці ў жыцці дамагчыся.

…Шкада, што Бог забраў чалавека занадта рана. Але будуць жыць яго творы, будуць напамінаць аб мастаку, які ў пасляваеннай галечы і нішчымніцы здолеў утрымаць у сабе святло. Дзякуючы такім людзям, як Слава, жыве наша Беларусь і будзе жыць доўга.

Стэфана Эрыксана, пасла Швецыі ў Беларусі, запрасіў на адкрыццё выставы пісьменнік Уладзімір Арлоў. Эрыксан упершыню пабачыў выцінінкі і назваў іх унікальнай з’явай у беларускай культуры. «Я вельмі рады, што сюды патрапіў і атрымаў магчымасць пазнаёміцца з творчасцю Вячаслава Дубінкі», — адзначыў амбасадар.

Выцінанкамі Дубінкі не раз ілюстраваліся кнігі. Шмат хто з беларускіх дзяцей мае цудоўна аздобленую майстрам кнігу Артура Вольскага «Жывыя літары». Ажылі і самі творы Вячаслава Дубінкі. На іх аснове рэжысёр-мультыплікатар Міхаіл Тумеля здымае цыкл фільмаў «Беларускія прымаўкі». Першыя з іх ужо здабылі ўзнагароды на міжнародных конкурсах і фестывалях.

З Вячаславам Дубінкам Міхаіла Тумелю пазнаёміў наш знакаміты зямляк Уладзімір Цэслер

— Калі я раіўся, у якой тэхніцы я буду рабіць свой наступны фільм, Цэслер сказаў мне: «Ты не ведаеш Славу? Табе трэба з ім хутка пазнаёміцца». Так я трапіў у дзіўную майстэрню Вячаслава Дубінкі, — расказаў Тумеля.

Майстра натхніў рэжысёра, і ў выніку з’явіліся два мультфільмы на тэму выцінанак. У адным з іх зняўся і сам Вячаслаў Дубінка. Міхаіл Тумеля прапанаваў гасцям выставы паглядзець мульцік «Выцінанка-выразанка» з удзелам майстра.

Вячаслаў Дубінка глядзеў на жыццё заўсёды крыху здзіўленымі незамглёнымі вачыма дарослага дзіцяці. У сваім апошнім інтэрв'ю ён сказаў, што жыве, кожны дзень чакаючы дзіва. Цяпер з дзівам, падараваным ягоным унікальным талентам, сустрэліся мы самі. На вялікі жаль, без майстра. Але хіба сапраўдны талент памірае?..

Выстава выцінанак Вячаслава Дубінкі будзе працаваць да 24 кастрычніка.

Фота: Таццяна Гусева

ВІТРАЖЫ, ЯКІЯ СВЕЦЯЦЦА. З імі Аляксей Марачкін, старшыня суполкі «Пагоня» Саюза мастакоў Беларусі, параўнаў выцінанкі Вячаслава Дубінкі

Фота: Таццяна Гусева

Фота: Таццяна Гусева

Фота: Таццяна Гусева

Фота: Таццяна Гусева

Фота: Таццяна Гусева

Фота: Таццяна Гусева

Фота: Таццяна Гусева

Фота: Таццяна Гусева

Фота: Таццяна Гусева

Фота: Таццяна Гусева

Фота: Таццяна Гусева

Фота: Таццяна Гусева

Фота: Таццяна Гусева


2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Ян
Ян
14 октября 2010 21:08

Шкада што так і не адбылося пры жыцці мастака ні воднай выставы на радзіме — у Слуцку.

Ксения
Ксения
20 октября 2010 21:34

а у нас при жизни мало ценят. к большому сожалению.