Тры дні сталічнай волі абудзілі хлопчыка

0

Для адзінаццацігадовага вясковага хлопчыка, які далей Слуцка і мястэчка Урэчча нідзе не быў, вестка, што яго, як выдатніка вучобы і атрымаўшага пахвальную грамату за чацвёрты клас, адпраўляюць у трохдзённую экскурсію ў Мінск, была нечаканай і радаснай. Пачуў я яе надвячоркам чэрвеньскага дня 1938 года, калі прыгнаў з лесу статак кароў аднавяскоўцаў.

Да таго часу ўжо два з паловай гады жыў у бабулі з дзядулям і іх дарослым сынам. Мяне маці мусіла адправіць да іх нездарма — на яе ўтрыманні было яшчэ чацвёра дзяцей, ад двух да трынаццаці гадоў. Без мужа, які працаваў рабочым у Бабруйску як «неблаганадзейны», не меў права наведвацца ў так званую «прыгранічную зону», на Случчыну. Маці было нялёгка, бо за калгасныя працадні ў канцы года атрымлівала мех жыта, якога да новага году хапала толькі на хлеб і зацірку.
У бабулінай хаце я пражываў як дармовы работнік, хоць меў па прыбыцці ўсяго дзевяць гадкоў. Мне даручалі пасвіць свінню з парасятамі, авечак і кароў, а калі прыходзіла чарга, то насіў у хату дровы з павецця, ваду са студні, летам — палоў градкі, збіраў клубніцы. Урокі мусіў рыхтаваць вечарам пры святле керасінавай лямпы.

І тут — такая прыемная вестка. Назаўтра раніцой я пешша дайшоў да школы-сямігодкі ў вёсцы Мялешкі. Фізрук Міша Сыцька, малажавы хлопец гадоў васемнаццаці, пасадзіў мяне на свой веласіпед і завёз у Слуцк. У райкаме камсамола такіх як я экскурсантаў з сельскіх школ набралася чалавек восем. На легкавіку з адкідным верхам нас завезлі на чыгуначны вакзал, пасадзілі ў вагон пасажырскага цягніка. З намі ехала прыгожая і ласкавая жанчына-важатая, і пад вечар мы былі ў Мінску. Пасялілі нас у гасцініцы ў цэнтры горада. У нумары на чатырох ложках былі чыстыя прасціны, коўдры. Для мяне гэта было навіной.

Реклама

Што запамятавалася з першай сустрэчы са сталіцай? Прыгожыя шматпавярховыя дамы ў цэнтры, даволі частыя на вуліцах легкавікі «эмкі» чорнага колеру. Парадавалі трамваі, у якіх нас вазілі на экскурсію. Упершыню ў жыцці ў сталовай, што месцілася на першым паверсе гасцініцы, я еў «фабрычную» каўбасу з рысавай кашай, піў раніцой какаву з малаком і белым хлебам. Самым яркім уражаннем быў дзень, калі нас у ліфце ўзнялі на самы вышэйшы паверх сталічнага Дома ўрада, і мы ўбачылі з агляднай пляцоўкі панараму горада ўшыркі, з помнікам Леніну ўнізе. Радасным было і наведванне цырка, дзе з затаенным дыханнем мы пазіралі на практыкаванні клоўнаў з навучанымі сабакамі, катамі, канямі. Два разы нас вадзілі ў кінатэатр, дзе я ўпершыню ўбачыў фільмы «Сямёра смелых», «Граніца на замку», «Гукавыя».

Тры дні я жыў у абстаноўцы, калі мяне, хлапчука, сагравалі ласка і дабразычлівасць нашай важатай, адносіны з такімі ж як я школьнікамі-аднагодкамі. Вяртаўся дамоў цягніком, на палустанку ля вёскі Паўстынь развітаўся з маімі папутчыкамі і праз гадзіну хады быў у двары бабулі. Убачыўшы мяне, яна нічога не спытала пра маю паездку, па старой хатняй завядзёнцы, у клопатах і цяжкай працы ў полі, яна толькі сказала: «Садзіся паеш і гані на выган свінню, толькі тыдзень як апарасілася». І пайшла ў агарод.

Мне стала так крыўдна, што я не стрымаў слёз, яны раўчуком ліліся з вачэй — ад гэтай абыякавасці да мяне, ад успамінаў тых трох дзён волі ў сталіцы, якія, напэўна, і абудзілі маю свядомасць, нібы падказалі, што далей, на правах пастушка, домработніка, жыць нельга.

І я пайшоў у сваю хату, што знаходзілася ў нейкіх двухстах метрах ад бабулінай. З маім прыходам у сям'і прыбавілася ядакоў, абедзены стол на шэсць душ не быў раскошным: кіслае малако ў вялікай місцы, суп з лебядой, зрэдку — яечня і малако з хлебам на вячэру. Але было ўжо весялей з трыма братамі і сястрой.

Ужо пасля дэмабілізацыі з флоту ў 1951 годзе я аднойчы на вуліцы вёскі Мялешкі сустрэўся з Мішам Сыцькам, які калісьці вазіў мяне на веласіпедзе за васемнаццаць каламетраў у Слуцк. Ён паведаў тады, што ў 1939 годзе быў прызваны ў армію, вясной 1942 года іх полк трапіў у акружэнне пад Харкавам — як і дзве савецкія арміі. Там немцы толькі палоннымі ўзялі 152 тысячы чалавек, у ліку іх быў і Міша Сыцька. Завезлі ў вагонах-цялятніках у Германію, на шахтах здабываў вугаль. А трымалі палонных у бараку, які акружалі калючы дрот і вышкі з кулямётамі. Вярнуўся дамоў восенню 1945 года. Болей нічога ён тады мне не паведаў.

Рашыў цяпер навесці даведкі пра далейшы яго лёс. Ад адной 85-гадовай мялешкаўскай жанчыны, з якой калісьці вучыўся ў школе-сямігодцы, даведаўся, што Міша Сыцька шмат гадоў працаваў фізруком у Вясейскай сярэдняй школе.
Некалькі гадоў таму раптоўна памёр, на вуліцы здало сэрца: знасілася ад перажытага на вайне і ў няволі, на чужыне.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии