У дзесяці кіламетрах на поўдзень ад горада Слуцка, на высокім беразе ракі Случ размясцілася вёска з прыгожай назвай Іграева. Тут спакон вякоў жылі працалюбівыя і дружалюбныя земляробы. Многія з іх былі закаранелымі рыбакамі. Але ў змрочныя часы 1930-х гадоў, калі праводзілася калектывізацыя сялянскіх гаспадарак і раскулачванне заможных сялян, аднасяльчане падзяліліся на варожыя лагеры.
Афіцыйна ўлады дзялілі сялян на тры катэгорыі: беднякі, сераднякі і кулакі. Але ў працэсе калектывізацыі з’явілася яшчэ адна катэгорыя-праслойка, якую іменавалі цвердазаданнікамі. Гэта сяляне, якія не хацелі ўступаць у калгас. На іх накладвалі цвёрдае заданне — выплаціць дзяржаве пэўную суму грошай. Такім чынам дзяржава націскала на сераднякоў з мэтай, каб яны ўваходзілі ў калгас. А калі селянін быў неплацежаздольным (так яно здаралася ў большасці выпадкаў), дык гаспадар цярпеў канфіскацыю маёмасці.
Пакрыўджаныя беднасцю
Гонар, улада і аўтарытэт у вёсцы належаў беднякам. З іх кагорты выдзяляліся «актывісты» савецкай улады. Гэта былі асобы, пакрыўджаныя беднасцю. Яны сталі лічыць сябе савецкай элітай, гаспадарамі становішча, лічылі, што ім усё дазволена.
Адным з такіх выскачкаў, па вясковаму выразу — галадранец і п’янчуга, быў “актывіст”, якога назначылі старшынёй Ісернскага сельсавета. Хтосьці з філосафаў гаварыў, што калі хочаш даведацца пра чалавека, яго характар і годнасць, то дай яму ўладу — ён поўнасцю пакажа сябе, хто ён ёсць. Узяўшы сельсаветаўскую ўладу ў свае рукі, старшыня стаў звычайным самадурам і нахабнікам. Ён не саромеўся прысвоіць сабе частку канфіскаванай кулацкай маёмасці. Гэта пра яго аднасяльчане казалі: «Ласы на чужыя каўбасы».
Ад злосці да даноса
У гэтыя самыя часы ў вёсцы жыла сям’я, гаспадаром якой з’яўляўся Сучок Сцяпан. Чатыры яго сыны і дзве дачкі з раніцы да вечара працавалі ў сваёй сялянскай серадняцкай гаспадарцы. Такой працавітасцю і ашчаднасцю яны сабралі грошай і купілі ветраны млын. З-за гэтага млына сям’я папала ў лік цвердазаданнікаў. Хаця ўсе жыхары вёскі і былі задаволены млынаром, але бывалі выпадкі, калі млынар або па няпамятлівасці, або па нядбайнасці малоў зерне няякасна, што вызывала ў яго кліентаў незадавальненне. Але звычайна спрэчкі заканчваліся мірна. Вось аднойчы жонка Леановіча Сідора паскардзілася мужу, што млынар дрэнна змалоў зерне, і гэтая мука непрыгодна для выпечкі хлеба. Зазлаваўся старшыня сельсавета: «Як гэта ён, цвердазаданнік і падкулачнік, асмеліўся мне, уладарнаму чынушу, няякасна змалоць зерне?!» І вось супадзенне лёсу. У той жа дзень у сельсавеце атрымалі пісьмо ад камандзіра кавалерыйскага палка, які дыслацыраваўся ў горадзе Мінску. У гэтым пісьме камандзір палка прасіў аб’явіць падзяку Сучок Сцяпану (млынару) за тое, што яго сын Сучок Іван сумленна і старанна служыць у радах Чырвонай Арміі і з’яўляецца выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі. У адказ на дэпешу камандзіра палка Леановіч Сідор, як старшыня сельсавета, адправіў данос, у якім паведаміў, што бацька Сучка Івана з’яўляецца падкулачнікам і лічыцца варожым элементам.
Выніка гэтага «паслання» доўга чакаць не прыйшлося.
Варожы элемент
Сучок Іван, як сын «варожага элемента», з радоў Чырвонай Арміі быў звольнены. З’явіўшыся дамоў, ён не мог нідзе ўладкавацца на працу. Нават у калгас яго не прымалі. Гэтыя пошукі работы і прыстанішча з’явіліся для яго «хождением по мукам».
У такіх абставінах ён вымушаны быў прыняць радыкальнае рашэнне — перайсці савецка-польскую мяжу і потым адтуль дабрацца да Амерыкі. Тым больш, што ў ЗША пражывалі яго сваякі, якія эмігрыравалі туды яшчэ да пачатку першай сусветнай вайны.
Польская мяжа знаходзілася ў 30-ці кіламетрах на захад ад вёскі Іграева. Нягледзячы на тое, што бальшавікі прапагандавалі тэзіс, што «граніца на замку», Івану лёгка ўдалося апынуцца на тэрыторыі Польшчы. А каб даехаць да ЗША, патрэбны былі долары, якія неабходна было зарабіць. Гэта выкарыстала польская тайная паліцыя — дыфензіва і прапанавала Івану здзелку: дыфензіва дае грошы для аплаты паездкі ў ЗША, а Іван абязуецца вярнуцца ў горад Мінск у свой былы полк, выкрадае там ваенныя дакументы, пасля чаго вяртаецца назад у Польшчу, а з Польшчы — у ЗША.
Ракавая памылка
На жаль, Іван згадзіўся з прапановай, што апасля прывяло да трагедыі.
З’явіўся Сучок Іван у Мінск з поўнай кішэняй грошай і прыбыў у свой былы полк. Былыя саслужыўцы сустрэлі яго радасна і дружалюбна і поўнасцю даверыліся яму. Дзякуючы гэтаму, Івану лёгка ўдалося выкрасці сакрэтная дакументы палка. Па душэўнай дабраце ён запрасіў пяць сваіх сяброў у рэстаран, каб «замачыць» удалую аперацыю. У гэты момант у штабе палка заўважылі прапажу дакументаў. Цераз якую-небудзь гадзіну Іван і яго пяць сяброў у рэстаране былі арыштаваны. Прысуд быў кароткім і суровым. Сучок Іван за шпіянаж на карысць Польшчы быў расстраляны. А яго прыяцелі, якія знаходзіліся з ім у рэстаране, атрымалі па дзесяць гадоў турэмнага зняволення, нягледзячы на тое, што яны зусім нічога не ведалі аб тым, што іх сябар аказаўся польскім шпіёнам.
Помста ўлады
У 30-х гадах у сувязі з калектывізацыяй, раскулачваннем і рэпрэсіямі ўлады супраць народа многія грамадзяне імкнуліся ўцякаць праз савецка-польскую мяжу на захад, а потым у ЗША ці Канаду. Людзі такім чынам ратаваліся ад сталінскіх рэпрэсій. Улада нічога разумнейшага не прыдумала, як зрабіць больш жорсткай кару за пераход дзяржаўнай граніцы. Так, у 1933 годзе быў выдадзены Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, згодна з якім за пераход дзяржаўнай мяжы, вінаваты асуджаўся да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, а яго сям’я і бліжэйшыя родзічы высылаліся ў аддаленыя месцы СССР.
Рэпрэсіўная помста перакінулася на сям’ю Сучка Івана і яго родных. На працягу адной ночы ў чэрвені 1935 года былі арыштаваны састарэлыя бацька і маці, две Іванавы сястры — Надзея і Алена, браты са сваімі сем’ямі — малалетнімі дзецьмі і жонкамі, малодшы брат Цімох, а таксама дзядзька Мікалай і муж цёткі Філіп.
Усіх іх ноччу пагрузілі на поезд і ў таварным вагоне выслалі ў Архангельскую вобласць.
Ліст з няволі
Пазней іх дачка Надзея прыслала ў вёску Іграева пісьмо, у якім апісала іх гаротнае жыццё ў далёкім халодным краі. Яна пісала аб тым, што іх бацька і маці не вытрымалі здзекаў і голаду і памерлі ад цынгі і нуды. Жылі ў бараках. Паміж дашчатымі сценамі былі засыпаны апілкі, і там усю ноч пішчэлі пацукі. Харчаванне было беднае, а працаваць у тайзе на лесаапрацоўках было вельмі цяжка. Першым ворагам з’яўлялася цынга — балелі дзёсны, выпадалі зубы. Надзея прасіла выслаць ім пасылку з цыбуляй і часнаком.
Вельмі ўсе сумавалі па радзімай старонцы. “Хоць бы раз укусіць іграеўскае яблыка ці бульбяныя камякі, хоць бы раз убачыць птушку з беларускага краю,” — пісала яна. Іграеўцы чыталі і плакалі, і былі незадаволеныя тым, што рабілася ў нашай дзяржаве. Яны не разумелі, як гэта можа быць: за правіннасць аднаго родзіча бяда і трагедыя напаткала ні ў чым невінаватых людзей.
***
Такая была тады ў СССР дзяржаўна-палітычная сістэма. Нідзе на свеце ў тыя часы такога крывавага рэжыму не было. Некаторыя робяць аналогію з гітлераўскім фашысцкім рэжымам. І як добра, што ні фашызму, ні сталінскага дэспатызму больш не існуе.
Дабро павінна дамініраваць над злом — такі Закон жыцця чалавечага грамадства.
Аляксей Новік, вёска Сярагі, Слуцкі раён
Интересно. С удовольствием почитал.
Рассказ достоин сценария многосерийного фильма.Главное,чтобы не было повторений описанных событий в нашей жизни.Мало ли что по мере старения придёт кому либо в голову при соответствующем диагнозе?