Не кідайце камяні ў цешчу

0

Мусіць, ні пра каго з чалавечай сямейнай радаслоўнай не расказваюць столькі анекдотаў, як пра цешч. Але ж трэба напомніць, што не ўсе яны заслугоўваюць гэтага.
Мне захацелася падзяліцца з чытачамі пра сваю цешчу, якая адышла ў іншы свет чвэрць стагоддзя назад. Родам яна была з беднай старадарожскай вёскі, у трынаццаць гадоў засталася сіратою, пасля смерці маці ад «іспанкі», што ў 1918 годзе выкасіла ва ўсім свеце мільёны людзей.
Болей дванаццаці гадоў у бацькі-ўдаўца была дзяўчынка, як самая старэйшая з дзяцей, за гаспадыню ў хаце, памочніцу ў двары, у полі. А ў хаце, акрамя яе, падрасталі яшчэ чатыры сястры і брат. Усіх трэба было накарміць, памыць, напаіць. Пра вучобу ў школе-пачаткоўцы не было і гамонкі, ды і вёску, што стаяла на вялікай дарозе, займалі то немцы, то палякі, то бальшавікі, і ўсе шукалі ў хатах нейкай пажывы.
А паведала яна мне ўсё гэта тады, як пасля рэгістрацыі шлюбу з яе дачкой мы сталі жыць пад адным дахам у маленькай драўлянай хаціне на ўскраіне горада. Пасля двух гадоў халасцяцкага жыцця, а да гэтага сямі гадоў службы ў арміі, новае жыццё прыйшлося мне па душы. Бо адчуў клопат і павагу да мяне, як зяця, з боку цешчы, тады яшчэ не вельмі старой жанчыны, муж якой загінуў у горадзе ў першыя дні вайны.
Яна ўмела добра гатаваць розныя стравы з таго набору гародніны, што расла за хатай на невялікім агародзе, купляла сёе-тое на рынку. Не ўмела яна ўлагоджваць у бяседах хатніх, была сціплай і стрыманай, ні разу за шмат гадоў сумеснага пражывання не папракнула мяне словам «дзярэўня», можа таму, што сама была да замужжа ў горадзе «вяскоўкай».
А калі ў хаце паявілася ўнучка, а праз два гады і ўнук, за якімі патрэбен быў уважлівы нагляд, бо мы з жонкай амаль цэлы дзень адсутнічалі па месцу работы, цешча праявіла сябе як чулая і клапатлівая нянька. Асабліва зімой, калі трэба было і ў печы выпаліць, і ў групцы паблізу падтрымліваць агонь, каб сагрэць хату. Дзіцячых садкоў тады ў горадзе не было, першы адкрыўся, калі нашай дачурцы было пяць гадоў. І мы з жонкай былі перакананы, што за час нашай адсутнасці з дзецьмі нічога дрэннага не здарыцца. Яны цяпер, самі ўжо дарослыя, з цяплынёй у голасе ўспамінаюць сваю бабулю.
Апошнія дваццаць гадоў жыцця яна жыла з намі ў гарадской «хрушчоўцы», дачакалася, што ўнукі сталі дарослымі, клапатлівымі, уважлівымі да яе. І зноў, як і раней, калі жылі ў цеснай хаціне, я адчуваў павагу да маёй прафесіі, клопат аб унуках.
Здаралася, што не пад настрой дазваляў сабе раздражэнне ў размовах з цешчай, але без абразаў. А калі потым прасіў прабачэння, яна, усміхнуўшыся, махала рукой і адказвала: «Ладна, не гарачыся болей, беражы нервы».
Кожнаму з тых, хто шукае грахі ў сваёй цешчы, перш чым кінуць у яе камень, трэба падумаць і пра свае грахі, бо не заўсёды і зяці пры сумесным пражыванні з цешчамі паводзяць сябе годна.

Мікалай Барысевіч

Малюнак: Вера Шут

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии