Успамінаючы бацькавы расказы

0

Усе дзеці любяць слухаць расказы сваіх бацькоў, дзядуль і бабуль. Адным падабаюцца казкі, другія з задавальненнем слухаюць аб прыгодах і здарэннях. Нямала такіх расказаў чуў і я ад свайго бацькі. А яму ў свой час расказваў іх яго бацька, мой дзед. Быў ён ветэранам, лячыў хатнюю жывёлу. Сведкам некаторых падзей бацька быў сам, калі ў маленстве пасвіў кароў. Разам з каровамі пасвіліся і авечкі. У тых месцах, дзе яны жылі, былі густыя лясы, у якіх вадзіліся ваўкі. Лес там ёсць і цяпер, але ўжо не такі, якім быў раней. Менавіта пра ваўкоў я і любіў слухаць. Даволі часта яны нападалі на свойскую жывёлу, якую потым прыходзілася дзеду ратаваць.

Добра памятаю расказ аб тым, як ваўкі палявалі на коней. На тым полі, дзе яны пасвіліся, з аднаго боку быў лес, з другога боку працякала невялічкая рэчка, у якой жывёлы пілі ваду. Адбывалася гэта позна, бо ўжо пачынала цямнець. Драпежнікі выбіраюць сабе ахвяру і пачынаюць паляванне. Ззаду яны не нападаюць, бо разумеюць, што там небяспечна. Адзін з драпежнікаў мочыць шэрсць у вадзе, затым, выкачаўшыся ў пяску, накіроўваецца да ахвяры. Падбегшы зусім блізка да каня, ён страсае з сябе пясок з намерам зацерусіць жывёле вочы. І калі конь задзірае галаву, драпежнік хватае яго зубамі за горла, а заднімі лапамі ўпіраецца ў персні. Калі яму ўдаецца вырваць у ахвяры кусок мяса, то яна скача. Астатнія нападаюць, хто дзе можа.

Асабліва любілі нападаць ваўкі на авечак. Адбывалася такое часцей за ўсё пасля дажджу, калі запах ад жывёл разносіўся даволі далёка. На такое паляванне ваўкі хадзілі па аднаму.
І вось аднойчы нагледзеў сабе воўк барана, схапіў яго за бок, спрытна ўскінуў на сябе і павалок у лес. Ноша аказалася цяжкаватай, ды і сабакі пастухоў пачулі (баран пачаў бэкаць) драпежніка. На дапамогу ім кінуліся самі пастухі. Прышлося шэраму кінуць ахвяру і ратавацца самому. Доўга потым дзед выходжваў небараку. Некалькі разоў прыходзілася ўскрываць зашытую бачыну, вычышчаць гной, прамываць і зноў зашываць. Праз пэўны час жывёла была ў статку.

Реклама

Расказваў бацька і аб тым, якія хітрыя бываюць ваўкі, не проста заманіць іх у пастку. Здох аднойчы ў калгасе конь, было гэта зімой. Рашылі паляўнічыя зрабіць на ваўка засаду. Выкапалі штосць накшталт зямлянкі, замаскіравалі яе. Тушу выкінулі на ўскрайку лесу, а самі схаваліся ў зямлянцы. Прасядзелі ў засадзе ўсю ноч, а драпежнік не з’явіўся. Воўк чуе пах пораху даволі далёка, асабліва, калі знаходзіцца з паветранага боку.
Калі ж прыйшлі на другую ноч, то ад каня засталіся адны косці.

Самы цікавы выпадак з паводзін ваўкоў расказваў дзед майму бацьку. Адбывалася гэта напрыканцы зімы. Многа развялося тады ваўкоў, шмат шкоды яны нарабілі. Было прынята рашэнне аб адстрэле драпежнікаў. Высачылі месца іх знаходжання і абклалі чырвонымі флажкамі, каб драпежнікі не разбегліся. Калі ўсе паляўнічыя былі гатовы да абстрэлу, пачалі прачэсваць абложаную зону. Ішлі ціха, каб не напужаць звера, з ружжамі на ўскідку, гатовыя ў любы момант пачаць абстрэл. Паляўнічы, які ішоў крайнім у шарэнзе, убачыў, як ваўкі, адзін за адным, пакідаюць небяспечную зону. Ён нават не паспеў выстраліць, бо перашкаджалі кусты. Як аказалася потым, адзін з ваўкоў адважыўся пераскочыць цераз флажкі, і за ім пабеглі астатнія. Вось так, без адзінага стрэлу, закончылася гэтая аперацыя. Ваўкі зышлі з гэтага лесу, але ўсё ж зрэдку забягалі, каб крыху нашкодзіць.
Даўгавата потым успаміналі мужыкі такі выпадак, бо ў чалавечым асяроддзі такое называецца неверагодным.

Анатоль Станіслаўчык

Малюнак: Вера Шут

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии