На Любаншчыне адсвяткавалі тры Спасы адразу

1

На Прачыстую – праваслаўнае свята Унебаўзяцця Маці Божай – на Любаншчыне адбылося рэгіянальнае свята народнай музыкі “Грай, гармонік”. Каля сарака гарманістаў, прыпевачніц і народных ансамбляў з’ехаліся 28 жніўня ў вёску Рачэнь Любанскага раёна. Мясцовыя жыхары сустракалі гасцей на вуліцы Міра. Гаспадары частавалі музыкаў са спасаўскіх сталоў, якія ламіліся ад прысмакаў – бліноў, кавуноў, прасяной кашы, печыва, дранікаў, каўбас і сала. А каб гралі весялей, налівалі гарманістам піва, самагон і вішнёвую настойку.

“У нашай традыцыі тры Спасы – Макавей, Яблычны Спас і Хлебны Спас — святкуюць на Прачыстую. Успенне на Любаншчыне, як Дажынкі, — кажа Сяргей Выскварка, рэжысёр свята. – Прыбрана ўсё, што было ў коласе. Засталіся толькі бульба і буракі. У гэты дзень у нас асвячалі горстку зямлі і пасыпалі па агародзе, каб на наступны год добры ўраджай быў. Яшчэ ў гэты дзень першы раз з новага ўраджаю варылі прасяную кашу і стараліся ўсіх пачаставаць, каго сустрэнуць”.

Пасля шэсця па вуліцы Міра музыкі рушылі да Рачэньскага Дома культуры, дзе на пляцоўцы пад адкрытым небам адбыўся святочны канцэрт. Гарманістаў і прыпевачніц частавалі мёдам, печанымі яблыкамі з грэцкімі арэхамі, бульбай, запечанай з мясам, пірагамі з макам. Сталы для гасцей накрылі і гаспадыні з суседніх вёсак.

Реклама

Васіль Каткавец, начальнік аддзела культуры Любанскага райвыканкама, у размове з карэспандэнтам “Кур’ера” адзначыў, што традыцыйныя народныя святы варта ладзіць менавіта ў невялікіх вёсачках. “Пагэтаму сёння мы святкуем Прачыстую ў аграгарадку Рачэнь. Мясцовы калгас — адзін з лепшых у раёне па вытворчасці зерня. Лета было спякотнае, гарачае. Зараз пачнецца ўборка бульбы. Народу патрэбныя такія святы, мясцовыя, самадзейныя. Як кажуць, нам без песні, ну хоць трэсні. Мы запрасілі гасцей – і сваіх, і з суседніх валасцей — са Слуцка, Салігорска, Старых Дарог, Петрыкава і Жыткавіч. Канешне, вельмі рады нашым гасцям з братняй Украіны, якія сёння на нашым свяце віруюць і не гаруюць. Гармонь грае – усіх на свята запрашае”.

Рачэньскія прыпевачніцы Валянціна Войцік і Марыя Бондарава ўспамінаюць, як, калі яны былі малыя, прыпеўкі спявалі на кожнай прызбе. “Цяпер ужо гэтак не сабіраюцца, а раней у адном канцы вёскі песні гучаць, у другом, — гавораць жанчыны. — Уся вёска была ў прыпеўках, у песнях. Прыгожа жылі. А як мужыкі на гармоніках гралі! Цяперака баян падавай, а гармоніка не чуваць. І дзяцей вучаць іграць на баяне ці акардэоне” (стыль гутаркі суразмоўцаў захаваны – прым. аўт.).

Валянціна Войцік спявае з маленства. З 17 год — на сцэне. “Мне пець нравіцца, — прызнаецца жанчына. — Мая мама ўсю жызнь пела і мяне навучыла. Калі мне таскліва стане, я іду і спяваю”. Яе сяброўка Марыя Бондарава ведае прыпеўкі на любы выпадак жыцця – і пра суперніц, і пра мілага, і пра каханне. “З неба пляшачка ляцела, нібы зорка зіхацела, а мой мілы не злавіў і ўсю ночку галасіў”, — спяваюць жанчыны і смяюцца.

Ганаровых гасцей свята – дэлегацыю з горада Любяшова Валынскай вобласці – лёгка можна было пазнаць па адмысловых чырвоных шараварах. Кіраўніка дэлегацыі – старшыню раённага Савета дэпутатаў таксама немагчыма было не заўважыць – самы мажны мужчына ў вышыванцы. Валерый Панасюк лічыць, што межы не перашкаджаюць беларусам і ўкраінцам жыць разам і супрацоўнічаць. “Улада – гэта атрыбут дзяржавы, а народы цягнуцца адзін да аднаго, — разважае ён. – Прымусіць іх сябраваць ці раз’яднаць немагчыма”.

Я запыталася ў госця, хто, на ягоную думку, жыве больш заможна – украінцы ці беларусы. “Мы сёння прайшліся па адной вясковай вуліцы і пабачылі, што жывуць людзі па-рознаму, — дыпламатычна заўважыў суразмоўца. — У Бібліі – самай мудрай кнізе – ёсць такая прытча. Калі вы паглядзелі ў агарод суседа і вам падалося, што ў яго лепш, абыйдзіце сваю хату тры разы, і ў вас будзе тое ж, што ў суседа. Адзін пытаецца: “Я вось абыйшоў хату тройчы, і колькі мне яшчэ хадзіць?”. А яму адказваюць: “Хадзі, пакуль не навядзеш у сябе парадак, і тады ў цябе будзе тое ж самае, што і ў суседа”.

— Беларускі горад Любань і ўкраінскі Любяшоў маюць адзін корань. Чаму вы не станеце гарадамі-пабрацімамі? – спыталіся мы на развітанне ва ўкраінскага галавы рады.

— Калі хлопец з дзеўкай сустракаюцца, яны ж не адразу жэняцца, прыглядаюцца адзін да аднаго. Вось і мы гады два прыглядаемся. Але ж гарады жывуць даўжэй, чым людзі. (Смяецца).

Таццяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

Фото: Татьяна Гусева

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
wolf
wolf
1 сентября 2010 00:45

Хачу выпiць самагонкi,закусiць салам i каубасою (пальцам пханай) i танцаваць пад гармонiк з любанскай кабетай.