Большасць навучэнцаў сельскіх агульнаадукацыйных устаноў у нашым рэгіёне вучацца па-беларуску, а гарадскіх — па-руску. Выключэнне з агульнай тэндэнцыі — Любаншчына.
Таццяна Камароўская, начальнік аддзела адукацыі Любанскага райвыканкама, у размове з карэспандэнтам «Кур’ера» адзначыла, што ўсе школы, акрамя трох, на Любаншчыне беларускамоўныя. «Пачынаючы з 1995 года, мы паступова пераходзілі на навучанне на беларускай мове. З трыццаці любанскіх школ на рускай мове вучацца ў гарадской гімназіі і дзвюх школах ва Урэччы. Гімназія засталася з рускай мовай як навучальная ўстанова новага тыпу, а ва Урэччы шмат прыезджых, дзяцей вайскоўцаў, таму і навучанне вядзецца на рускай мове».
Вучні адзінаццаці сельскіх школ на Старадарожчыне атрымліваюць адукацыю на беларускай мове. Чатыры гарадскія школы — з рускай мовай навучання. Па словах Таццяны Маркоўнік, намесніцы начальніка аддзела адукацыі Старадарожскага райвыканкама, раней на беларускай мове вучыліся ў першай школе, але бацькі вучняў выступілі ініцыятарамі перахода на рускую мову навучання. «З боку аддзела адукацыі мы хацелі захаваць гэтую школу як беларускамоўную, але нам не ўдалося», — сказала суразмоўца.
З сарака агульнаадукацыйных школ у Салігорску і раёне 25 -беларускамоўныя. Усе яны знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. У Салігорску, г.п. Старобін і Красная Слабада навучанне вядзецца на рускай мове. «Выключэнне — два класы Краснаслабодскай школы. Па жаданню бацькоў вучняў дзеці вывучаюць прадметы на беларускай мове», — удакладніла Ала Бародзіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі Салігорскага райвыканкама.
Іван Дзерман, загадчык аддзела адукацыі Слуцкага райвыканкама, сказаў, што ўсе сельскія школы на Случчыне — беларускамоўныя, а гарадскія — рускамоўныя. Выключэнне — Лучнікоўская школа. Па ініцыятыве бацькоў вучняў, школьнікаў пачалі абучаць на рускай мове. Пераходны працэс працягнецца некалькі гадоў.
Таццяна Гусева
Любаньцы-малайцы!Iнiцыятыве бацькоу вучняу Лучнiкоускай школы-ганьба!Скора зусiм забудзем родную мову.Жыве Беларусь!