І ваяр, і аграном, і пчаляр

1

Міхаіл Апанасавіч Падліпскі - старэйшы жыхар вёскі Сярагі. Яму ўжо 92 гады. У маладосці жыццёвых нягодаў, як кажуць, хапіла на дваіх. Калі я ехаў на сустрэчу з ім, то пабойваўся, што многае з перажытага ён забыў ужо. І памыліўся! Міхаіл Апанасавіч адкрыўся такім гаваркім, шчырым і дабраахвотным на гутарку дзядулем, што яго споведы расцягнуліся аж на паўтары гадзіны.

Фота: Андрэй Бяляеў

Бабруйскі рубеж

Міхаіл марыў стаць аграномам. Сам выбраў такі жыццёвы накірунак. Прынялі ў Мар'інагорскі сельгастэхнікум, але ў 1939 годзе яго і іншых студэнтаў прызвалі ў войска. Накіравалі ў Бабруйск вучыцца на вадзіцеля трактарных цягачоў для гарматаў. Там і вайна ў 41-м застала. Калі немцы падышлі да горада, камісар вучылішча Усанаў вывеў за раку Бярэзіну звыш тысячы курсантаў і адступаючых чырвонаармейцаў. Загадаў заняць абарону ля вёскі Зялёнка.

— Што ўрэзалася ў памяць з тых дзён?

Реклама

— Драўляны мост праз раку, і па ім на ўсход спяшаюцца аўтамашыны, павозкі, пешыя салдаты, мірныя жыхары. Танкі Гудэрыяна ўжо ўваходзілі ў горад. Калі наблізіліся да таго маста, на іх наляцела пяць нашых самалётаў. Адбамбіліся, але аднаго немцы збілі. Мы занялі абарону далей ад шашы, па якой пайшлі нямецкія танкі, так што дзён дзесяць адбівалі атакі іхняй пяхоты. Памятаю, як да нашых траншэй пад’ехала палутарка з дзевяццю лётчыкамі ў кузаве. Спыталі, куды едуць. Адказалі: да горада Арла, там павінна быць іх часць. Камісар загадаў злазіць, браць вінтоўкі і займаць месцы стралкоў у абароне. Яны запратэставалі.

«Калі не злезеце — перастраляю як дэзерціраў», — падаў голас камісар. Паслухаліся…

Немцы даймалі нас агнём з мінамётаў, мяне параніла асколкамі ў абедзьве нагі. На плашчпалатках двое байцоў зацягнулі ў бліжэйшую хату. Там медсястра Вера разарвала прастыню і перавязала раны. Гаспадар хаты Пятрусь параіў мне пераапрануцца ў цывільную вопратку, бо вось-вось у вёску могуць прыйсці немцы. Такое і здарылася. Немец спытаў у гаспадара хаты, хто я. Той адказаў, што родны брат, параніла асколкамі міны ў двары. Пазней стараста хацеў мяне і абгарэлага нашага лётчыка, які прыйшоў у вёску, адправіць у раённую бальніцу. Але мы адмовіліся, бо баяліся, што трапім у лагер для ваеннапалонных.

Дамоў - за статкам кароў

Калі я крыху ачуняў ад сваіх ран, то даведаўся, што з Бабруйска на Слуцк немцы адпраўляюць статак залыганых кароў з калгасных ферм. Адшукаў пастухоў, тыя былі з падводай. Угаварыў іх узяць мяне ў падводчыкі. За два дні даклыпалі да вёскі Амговічы. Там даведаўся, што на мастах праз рэчкі Вясейка і Случ немцы паставілі блок-пасты. Таму злез і пайшоў у абход. Бацькі ўжо не чакалі мяне. Стаў дапамагаць ім па гаспадарцы разам з братамі Барысам і Сяргеем. З вясны 1942 года немцы праз вясковых старастаў сталі набіраць маладых людзей на працу ў Германію. Тых, хто недзе меў месца работы, не чапалі. Пайшоў заўгасам у вясковую школу, якая з восені адкрылася.

Шантаж з двух бакоў

Неспадзявана праз паўгады стараста прынёс мне позву для ўступлення ў слуцкую паліцыю. Мяне туды зусім не цягнула. Калі запярэчыў, што служыць немцам не пайду, стараста адказаў: «Тым горш зробіш для сваёй сям'і. Могуць усіх вывезці ў канцлагер». Пайшоў з кійком у правай руцэ ў Слуцк і завітаў да начальніка паліцыі. Гавару, што ў мяне незажыўшая рана на назе. Які з мяне салдат? А ён адказвае: «Пойдзеш у каравульную роту, ідзі шукай у горадзе кватэру». А я махнуў дадому і сяджу сабе спакойна, пакуль ад старасты не завітаў яго пісар і прыгразіў, што мая няяўка ў паліцыю дорага абыдзецца для бацькоў. Адным словам — шантаж з двух бакоў.

Прызыўны ўзносак

Выручыў партызан з нашай вёскі Лукаш Пратасевіч. Неяк пры сустрэчы ён мне сказаў, каб па магчымасці я перадаваў ім у атрад імя Суворава не толькі звесткі аб маючых адбыцца аперацыях паліцыі, а і патроны. Іх тады ў партызан было не густа. Склад пры паліцэйскай часці меў дзверы не надта трывалыя, і я пранікаў туды, набіваў кішэні абоймамі з вінтовачнымі патронамі і прыносіў у вёску, перадаваў Пратасевічу.

Даведаўся ад яго, што мяне ўжо залічылі ў 4-ую роту іх атрада. Палітрук яго, наш вясковец Іван Гупаловіч, наведаў неяк вёску і сказаў мне: «Хопіць адседжвацца тут. Вазьмі пару вінтовак, штук дзесяць ручных гранат, паболей патронаў - і да нас. Гэта будзе твой прызыўны ўзносак». Пайшоў у Слуцк, надвячоркам зайшоў на склад са зброяй, набраў у запазуху чатырнаццаць ручных яйкападобных нямецкіх гранат, у кішэні мо сотню патронаў, адставіў да выхаду дзве савецкія вінтоўкі. І выйшаў, каб агледзецца. І тут з’яўляецца немец, прыпісаны да ўчастка паліцыі ад палявой жандармерыі. Мусіць, ён заўважыў адстаўленыя мною вінтоўкі, бо закрычаў: «Бандыт! Нікога са двара не выпускаць!» І пабег у кантору. Я тым часам хутчэй да ўборнай, што была ў глыбіні двара. Высыпаў у жыжу патроны, гранаты — і назад. А насустрач ужо ідуць двое паліцаяў і загадваюць мне ісці да ўборнай. Яны далі мне дзве палкі і загадалі дастаць тыя плаваючыя паверх жыжы гранаты. Што я і зрабіў. У кабінеце старшага паліцэйскага Самусевіча я выклаў іх яму на стол. Той немец з усёй сілы ўрэзаў мне нагой у жывот так, што я ўпаў. Надзеі на тое, што выжыву, не было. На цэлы месяц кінулі ў слуцкую турму.

Вязень нацызма

Як стала мне вядома пасля вайны, выручыў мяне паліцай Лістапад з вёскі Варкавічы, намеснік таго Самусевіча. Мяне і яшчэ дзесяць арыштаваных мужчын пасадзілі ў грузавік і даставілі ў Мінск. Загналі ў цялячы вагон і выгрузілі аж у Саарскай вобласці на захадзе Германіі, у горадзе Юшкінген. Трапіў у канцлагер. Там у доўгім бараку ўтрымліваліся людзі розных нацыянальнасцей. Вадзілі на розныя будаўнічыя работы, працавалі па дзесяць гадзін у дзень. Раніцай давалі дзвесце грамаў хлеба і кубачак кавы, у абед — баланда з бручкі ці капусты кальрабі з кавалачкам хлеба. Шмат людзей памерла з голаду, хвароб. А я неяк выжыў. Вызвалілі нас вясной 45-га года амерыканцы. Прайшоў фільтрацыю ў савецкай камендатуры, і мяне адправілі дадому. Пяць гадоў таму атрымаў пасведчанне «Вязень нацызму».

Сяражскія будні

Па вяртанні ў вёску зноў паехаў у Мар'іну Горку, каб працягваць вучобу, балазе там у архівах адшукалі неабходныя звесткі пра маю даваенную вучобу. Скончыў тэхнікум і паехаў працаваць аграномам у Капыльскую райсельгастэхніку. Там і ажаніўся. Рашылі з жонкай, яна таксама была аграномам па прафесіі, вярнуцца ў мае Сярагі. Дваццаць пяць гадоў адпрацаваў брыгадзірам садова-агародніцкай брыгады, пятнаццаць гадоў загадваў калгаснай пчолапасекай. І жонка працавала аграномам, пяць гадоў таму памерла, пражыла 82 гады. У нас двое дзяцей. Дачка Галя працуе медсястрой ў Жодзіна, сын Міхаіл скончыў радыётэхнічны інстытут, жыве ў Лепелі.

На маё пытанне, што спрыяла яго даўгалеццю, Міхаіл Апанасавіч, падумаўшы, сціпла адказаў, што ніколі не курыў, алкаголь ужываў толькі ў дні святаў, любіў сваю работу, жонка была клапатлівай і працавітай. А мой знаёмы Сяргей Дзмітрыевіч Шахновіч, які добра ведае Міхаіла Апанасавіча, дадаў, што яго ў вёсцы паважалі за дабразычлівасць да людзей, а старыя далі мянушку «Ленін».

Міхась Тычына

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
wolf
wolf
23 августа 2010 23:38

Повезло человеку в годы войны не погибнуть в боях и в концлагере. Вот пример для тех, кто хочет жить долго-вести здоровый образ жизни и быть доброжелательным. Дай Бог Михаилу Афанасьевичу здоровья!