Слуцк чыгуначны: учора і сёння

3
Реклама

95 гадоў таму ў Слуцку з’явілася чыгунка, быў узведзены вакзал. Горад далучыўся да ліку тых населеных месцаў, якія злучаліся між сабою створанай рукамі людзей артэрыяй, што звязвала іх з шырокім светам, давала штуршок да сапраўднага росту і росквіту. Аднак у выпадку са Слуцкам не ўсё аказалася так шчасліва.

Адзначым, што Слуцку з чыгункай з самага пачатку не шанцавала. Многія беларускія гарады карысталіся выгодамі, прадстаўленымі чыгункай, пачынаючы з 1870-х гадоў. Слуцк жа заставаўся ў баку ад гэтага дасягнення цывілізацыі аж да 1915 года, і такое адставанне яму дорага каштавала.

І нарэшце яна з’явілася — аднак час быў не той, бо ішла вайна, і Слуцк стаў прыфрантавым горадам. За вайной абрынулася рэвалюцыя з грамадзянскай вайной. А ў 1920 годзе вакзал быў разбураны адступаючымі са Слуцка польскімі войскамі. Пасля ўсталявання Савецкай улады чыгунка і вакзал былі адбудаваны, але цяпер горад апынуўся (да 1939 года) у прыгранічнай зоне, і гэта накладвала на жыццё свой адбітак.

Аднак, звернем увагу на тое, як усё пачыналася і як стала.

Пачатак лініі

Реклама

Пачаткам пракладкі чыгункі ад станцыі Асіповічы ў бок Слуцка паслужыла прыватная ініцыятыва. У 1894 годзе прадпрымальнік В. Дараган, які набыў занятыя лесам землі, звярнуўся ў Міністэрства шляхоў зносін і Міністэрства фінансаў з прапановай пабудаваць за свой кошт 39 вёрст чыгуначнага палатна ад станцыі Асіповічы, якая знаходзілася на Лібава-Роменскай дарозе, да Старых Дарог — мястэчка на Маскоўска-Брэсцкай шашы. З дапамогай чыгункі ён разам са сваякамі разлічваў наладзіць на сваіх землях прамысловую нарыхтоўку і вываз лесу.

Работы пачаліся ў лютым 1896 года і ў лістападзе таго ж года былі скончаны. 28 снежня 1896 года з Асіповіч да Старых Дарог адкрыўся рэгулярны пасажырскі і таварны рух.

А ў сакавіку 1901 года ў Міністэрства шляхоў зносін звярнулася мясцовая землеўладальніца А. Піменава з хадатайніцтвам аб будаўніцтве чыгуначнай веткі ад Старых Дарог да Урэчча. У раёне Урэчча яна мела занятыя лесам землі і разлічвала гандляваць драўнінай. Ініцыятыва знайшла водгук. Будаўніцтва вялося пад наглядам кіраўніцтва Лібава-Роменскай дарогі за кошт сродкаў прадпрымальніцы. Лінія Старыя Дарогі - Вярхуціна (17 вёрст) была адкрыта ў 1906 годзе, ад Вярхуціна да Урэчча (9,5 вёрст) лінію давялі ў 1907.

Слуцк апынуўся на шляху паміж чыгуначнымі станцыямі: з аднаго боку — у Старых Дарогах, з другога — у Баранавічах, якія знаходзіліся на знакамітай шашы Масква — Варшава. У 1908 г. у Слуцку было створана акцыянернае таварыства аўтобуснага руху, якое арганізавала сувязь паміж гэтымі чыгуначнымі станцыямі.

Слуцк чыгуначны

Ад Урэчча да Слуцка чыгуначная лінія была працягнута ў 1915 годзе. Тады ішла Першая сусветная вайна, і чыгунцы надавалася стратэгічнае значэнне. Работы цяпер вяліся пры непасрэдным удзеле сфарміраванай у 1886 годзе ў Баранавічах і падпарадкаванай ваеннаму ведамству чыгуначнай брыгады.

На заходнім ускрайку горада непадалёку ад шашы з’явіўся будынак вакзала. Пабудавалі яго з чырвонай цэглы ў стылі так званай «цаглянай архітэктуры». Падобныя па характару дарэвалюцыйныя вакзальныя будынкі і сёння можна сустрэць на лініі да Асіповіч, або ад Асіповіч да Мінска. Аднак у 1920 годзе вакзал і станцыя былі разбураны адступаючымі польскімі войскамі.

Пасля ўсталявання Савецкай улады Слуцк стаў прыгранічным горадам. Аднаўленне станцыі праводзілася сіламі Другога чыгуначнага палка, дыслацыраванага ў Жлобіне. На ранейшым месцы з’явіўся будынак вакзала, але цяпер ужо ён быў драўляны.

Станцыя Слуцк была тупіковая. Да вакзала з Пралетарскай вуліцы вяла кароткая дарога. Яна захавалася і цяпер, абапал яе стаяць два двухпавярховыя дамы № 92 і 94. Бліжэй да пуцей на яе баку стаяў драўляны дом начальніка станцыі, ён там стаіць і цяпер. Вакзал размяшчаўся насупраць цяперашняга пешаходнага пераходу. Пуць працягваўся да вёскі Крывадубаўка і на тым участку ў бок Малога Журава адыходзіў паваротны трохкутнік.

У 1937 годзе ад Слуцка была пракладзена ветка да Цімкавічаў, дзе знаходзіліся прыгранічныя войскі. Цімкавіцкая станцыя атрымала назву Слуцк-II. У 1939 годзе, пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, ветку са Слуцка, што ішла на Цімкавічы, працягнулі да Баранавіч.

У час Вялікай Айчыннай вайны вакзал зноў быў разбураны. Як часовы, з дрэва, яго аднавілі ў 1946 годзе. У 1949 годзе з’явілася ваданапорная вежа, якая разам з вадакачкай была неабходна для забеспячэння вадой паравозаў.

Сучасныя станцыя і вакзал

Мураваны будынак слуцкага чыгуначнага вакзала быў узведзены будаўнічым калектывам пад кіраўніцтвам Міхаіла Гарэцкага ў 1950 годзе. Яго пабудавалі ў невялікай адлегласці ад папярэдняга, у бок Баранавіч. Да новай вакзальнай плошчы з Пралетарскай вуліцы з’явіўся новы пад’езд. З боку перона, насупраць вакзала, акрамя галоўнага пуці паралельна былі пракладзены яшчэ тры, неабходныя для манеўраў і фарміравання саставаў. З’явіліся таксама чыгуначныя веткі да млынкамбіната і складскіх памяшканняў.

Вакзальны будынак узвялі па тыпавому праекту. Відавочны ўплыў класіцызму як на аб’ёмна-прасторавае рашэнне гэтага аб’екта, так і на характар дэкору. Сярэдзіна павернутага да Прывакзальнай плошчы фасада вылучаецца рызалітам з уваходным праёмам. Завяршаецца рызаліт франтонам, па вышыні роўным даху. Падобны франтон завяршае сярэдзіну сцяны пероннага фасада. Аконныя праёмы абрамляюць масіўныя ліштвы ў выглядзе пілястраў, якія падтрымліваюць сандрыкі, імітуючыя трохвугольныя франтоны з антаблементамі. З тарцоў меншых бакавых аб’ёмаў маюцца службовыя ўваходы. Раней у адным крыле размяшчаліся тэхнічная кантора, памяшканні дзяжурнага па станцыі, маняўровага дыспетчара, у другім знаходзіўся буфет. З сярэдзіны 1990-х гадоў, пасля з’яўлення новага трохпавярховага мураванага службовага корпуса, гэтыя памяшканні прыстасаваны пад іншыя мэты. Галоўны аб’ём займаюць зала чакання і білетныя касы.

У сувязі з неабходнасцю рыхтаваць у Слуцку вагоны і фарміраваць саставы пад пагрузку калійнай солі, на працягу 1970-х гадоў павялічылася тэрыторыя станцыі за кошт пракладкі новых пуцявых ліній. Для гэтага была выкарыстана тэрыторыя балота, размешчанага насупраць вакзала. Сёння станцыя налічвае 22 пуці і з’яўляецца вузлавой станцыяй першага класу. Кіраўніцтва чыгункі плануе ўвесці сістэму аўтаматычнага кіравання перавозачным працэсам, аўтаматызаваць працоўнае месца таварнага касіра. Намечаны і іншыя інавацыі. Чыгуначнымі лініямі Слуцк звязаны з Асіповічамі, Баранавічамі, Салігорскам. Начальнікам станцыі Слуцк у апошнія гады працуе Мікалай Цімафіевіч.

У лепшы бок змяніўся выгляд вакзала, Прывакзальнай плошчы і перона падчас падрыхтоўкі да Рэспубліканскага свята хлебаробаў «Дажынкі-2005». Рэканструкцыя будынка і прылеглай тэрыторыі пачалася 1 студзеня 2005 г. і працягвалася 8 месяцаў. Тут працавалі будаўнічыя калектывы з Мінска, Магілёва, Оршы, Асіповіч, Баранавіч, Брэста, Слуцка.

Паслугамі слуцкага чыгуначнага вакзала за год карыстаюцца прыкладна 300 тысяч чалавек. Зала чакання мае сучаснае абсталяванне, тут размешчаны білетныя касы, а таксама газетны і прадуктовы кіёскі. Правае крыло займаюць невялікая актавая зала, пункт транспартнай міліцыі, у левым — дадатковыя службовыя памяшканні. Калектыў работнікаў чыгуначнага вакзала ўзначальвае Алена Кобзева.

Жыццё сучаснага Слуцка цяпер ужо і нельга ўявіць без чыгуначнага вакзала, які разам з аўтавакзалам ствараюць агульны транспартны вузел і з’яўляюцца сапраўднымі варотамі ў наш горад.

Прыемная навіна

Па выніках работы за першае паўгоддзе 2010 года чыгуначная станцыя Слуцк Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі сярод участковых станцый краіны заняла першае месца, лідзіруючую пазіцыю займае калектыў станцыі і ў сваім аддзяленні.

Ігар Ціткоўскі

ВАРОТЫ ГОРАДА. Паслугамі слуцкага чыгуначнага вакзала за год карыстаюцца прыкладна 300 тысяч чалавек. Жыццё сучаснага горада цяпер ужо нельга ўявіць без чыгуначнага вакзала, які разам з аўтавакзалам ствараюць агульны транспартны вузел. Фота: Ігар Ціткоўскі

ВАРОТЫ ГОРАДА. Паслугамі слуцкага чыгуначнага вакзала за год карыстаюцца прыкладна 300 тысяч чалавек. Жыццё сучаснага горада цяпер ужо нельга ўявіць без чыгуначнага вакзала, які разам з аўтавакзалам ствараюць агульны транспартны вузел.

Реклама