Бібліятэка адзначыць угодкі з дня нараджэння Альгерда Абуховіча

0

У межах выставы «Літаратурны каляндар» на абанеменце Слуцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі ўвазе чытачоў прадстаўлена літаратура пра жыццё і творчасць нашага знакамітага земляка Альгерда Абуховіча.
Як паведаміла карэспандэнту «ІК» Галіна Пенязь, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Слуцкай ЦРБ, на выставе чытачы таксама будуць мець магчымасць пазнаёміцца з матэрыяламі друку пра літаратара, якога называюць беларускім Крыловым.

6 жніўня спаўняецца 170 год з дня нараджэння Альгерда Абуховіча, паэта, перакладчыка, аднаго з заснавальнікаў жанраў байкі, мастацкай прозы і мемуарыстыкі ў нацыянальнай літаратуры. У якасці перакладчыка Альгерд Абуховіч узбагаціў беларускую літаратуру творамі Гётэ (Фаўст"), Шылера (Разбойнікі"), Байрана, Дантэ, Гюго і інш. На жаль, большая частка ягоных тэкстаў была знішчана пасля ўсталявання савецкай ўлады.

Год таму на чарговых угодках з дня нараджэння Абуховіча Алесь Пашкевіч, старшыня старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, у размове з карэспандэнтам «ІК» прызнаўся, што марыць напісаць пра яго раман-біяграфію.

Реклама

«Альгерд Абуховіч мне вельмі сімпатычны. Найперш крэўнай спалучанасцю са сваім народам, які ён хацеў бачыць нацыяй, а да ўсяго рамантычна ўзнёслым, творчым, нават аптымістычным позіркам на жыццё. Гэта чалавек-легенда, на жаль, да сённяшняга часу напоўніцу не вывучаная, не даследаваная і не ўганараваная».
Случчане могуць уганараваць памяць Альгерда Абуховіча, наведаўшы яго магілу на слуцкіх могілках. Дарэчы, магілу нашага славутага земляка знайшоў даследчык яго творчасці краязнаўца Рыгор Родчанка.

Таццяна Гусева

ДАВЕДКА «Кур'ера». Альгерд Абуховіч (псеўданім Граф Бандынэлі) нарадзіўся 6 жніўня 1840 года ў вёсцы Калацічы Бабруйскага павета. Памёр 22 жніўня 1898 года ў Слуцку. Гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў лічыць Альгерда Абуховіча найбольш каларытнай і экстравагантнай асобай у нашай літаратуры ХІХ стагоддзя. Абуховіч паходзіў са шляхецкай сям'і, звязанай з вядомым італьянскім графскім родам Бандынэлі. Вучыўся ў Слуцку, Жэневе і Парыжы. Удзельнічаў у паўстанні 1863 года. Быў сасланы ў Сібір. Пасля вяртання хацеў перадаць усю сваю зямлю сялянам. З-за супраціву сям'і пакінуў маёнтак і пасяліўся ў Слуцку. Зарабляў на жыццё рэпетытарствам. «Ён бліскуча валодаў італійскай, французскай, англійскай і нямецкай мовамі, аднак для ўласных твораў, якія падпісваў псеўданімам „Граф Бандынэлі“, абраў беларускую. Пры жыцці ён не ўбачыў ніводнага свайго тэксту надрукаваным…» (Паводле кнігі Уладзіміра Арлова «Імёны свабоды».)"

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии