Трапны стралок

0

Цудоўная пара — лета. У школу хадзіць не трэба — канікулы. Вольны прастор для гульняў і адпачынку. Мы, малыя хлопцы, бавілі вольны час у незамыславатых гульнях. Здаралася такое нячаста, бо трэба было дапамагаць бацькам па гаспадарцы і ў калгасным полі. У асноўным, гэта была праполка буракоў. Шпарка ішла работа там, дзе было многа памочнікаў. Хацелася хутчэй закончыць, каб было больш вольнага часу.

Вечарамі дарослыя хлопцы і дзяўчаты ладзілі дыскатэкі: хтосьці прыносіў пласцінкі і радыёлу, іншы раз танцавалі пад магнітафон. У нас, малых, былі свае захапленні. Раскажу пра адзін выпадак, які адбыўся ў нашай вёсцы.
Жылі ў той час у вёсцы мужык са сваёю жонкай. Быў ён інвалідам, хадзіў на пратэзах. Меў свайго каня і вазок, на якім ездзіў па справах. Гаспадарка іх была небагатай, але парсючка ўсё ж трымалі. А для таго, каб было ў чым захоўваць сала, мяса і каўбасы, у гаспадароў меліся цэбрыкі, кублікі, бочачкі і іншыя рэчы. Усе яны былі драўляныя і  мелі такую ўласцівасць, як усыхаць. Таму іх напаўнялі вадой ці клалі ў ваду.

Менавіта так і зрабіла цётка Галя. Яна замачыла свой цэбрык у вялікай лужы, што была ў канцы яе агарода. За агародамі як раз праходзіла гравейка, на якой мы гайсалі на веласіпедах. Вось той цэбрык, што выглядаў з вады, і прыцягнуў нашу ўвагу. Мы пачалі кідаць па ім каменьчыкамі. Хтосьці падаў ідэю разбіць цэбрык — і вось тады «снарады» пачалі падрастаць, паляцелі хутчэй і часцей, пакуль на паверхні не з’явіліся дошчачкі ад цэбрыка. Калі справа была закончана, па дарозе ехаў дзядзька Павел і бачыў вынікі нашай «работы». Але чыя гэта была рэч, ён не ведаў. Ужо потым, калі вестка пра здарэнне стала вядома, ён і падказаў, хто гэта зрабіў. І калі цётка Галя прыйшла запытаць, навошта мы разбілі яе цэбрык, мы моўчкі стаялі, апусціўшы голавы.

Реклама

Анатоль Станіслаўчык

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии