Падарожжа ў забыццё

0

Так здарылася, што мы, паэт і асветнік Яўген Гучок і я, адначасова змовіліся выехаць з Мінска і Баранавічаў у сталіцу былых залатых слуцкіх паясоў на сустрэчу да Альгерда Абуховіча — «каларытнай, цікавай фігуры», як адзначыў наш вучоны Алег Лойка, і да даследчыка яго жыцця і творчасці Рыгора Родчанкі.
Яўген Гучок — ураджэнец Слуцка, 4 лістапада яму споўніцца 70. Я ж на пяць гадоў маладзей. Так сталася, што тры гады я таксама пражыў ля ракі Случ. Дамовіліся мы сустрэцца каля Белай Брамы, паблізу якой і знаходзіцца магіла Альгерда Абуховіча (1840−1898). Як пісаў той жа Алег Лойка: «Мемуары Абуховіча стаяць ля вытокаў нацыянальнай беларускай прозы. Яны напісаны яркай мовай чалавекам, схільным да досціпу, сумленным».
Мы стаялі ля яго магілы і адчувалі страшныя пакуты, горыч, боль, сорам за горад Слуцк, яго насельнікаў, адукаваную частку — інтэлігенцыю, бо месца вечнага адпачывання творцы стаяла за межамі нейкай маралі, адказнасці. Я пачаў апытваць гараджан, але ніхто не мог сказаць мне, дзе жыў, што рабіў, што напісаў гэты Рамантык. Я ўжо не запытваў пра нейкія літаратурныя маршруты ў гонар творцы «Графа Бандзінелі», мемарыяльныя шыльды.
У Слуцку ёсць краязнаўчы музей, бібліятэкі, аддзел культуры, якія, як ніхто іншыя, павінны мець клопаты, турботы і аб прапагандзе творчасці Альгерда Абуховіча, і, відавочна, аб яго магіле… Не ведаю, мо за гэта адказвае, як і за ўсё, жылкамунгас?! Здаецца, у горадзе ёсць і настаўнікі гісторыі, беларускай мовы і літаратуры… Але аб чым я пішу, калі ёсць такая з’ява, як раўнадушша, абыякавасць.
… Не было мемарыяльнай шыльды і на доме, дзе жыў і памёр Вялікі Краязнаўца Случчыны Рыгор Родчанка. Мы памкнуліся ў яго кватэру, але добрыя людзі - мужчына і дзве жанчыны (маці і дачка) — сказалі, што ў ёй жывуць зусім чужыя людзі, а потым ціха і радасна пачалі ўспамінаць, які гэта быў выдатны чалавек і працаўнік…
І Яўген Гучок, і я добра ведалі Рыгора Родчанку, у яго і ў мяне захавалася шмат сведчанняў - публікацыі, лісты, вершы, кнігі.
У 1988 годзе я быў прызначаны начальнікам ваеннага універсітэта марксізму-ленінізму (у Слуцкім гарнізоне — Заўв.рэд.) і пры азнаямленні з жыццём і з творчымі здабыткамі Рыгора Родчанкі прапанаваў яму ўзначаліць факультатыў па гісторыі, культуры і літаратуры Беларусі. З гэтай задачай ён выдатна справіўся і на працягу некалькіх гадоў красаваў універсітэт і беларускай мовай, і далучэннем афіцэраў і прапаршчыкаў да любові да роднага краю, да Белай Русі.
Таксама, як і з Абуховічам, колькі я не звяртаўся да гараджан Слуцка, найболей моладзі, імя гэтага Чалавека забыта.
Словам, прыехалі мы да забыцця. А на развітанне Яўген Гучок перадаў мне сваё чатырохрадкоўе:
Быць у Слуцку пахаваным
Не хацеў Рыгор,
Бо той Слуцак толькі раны
Нёс душы яго ва ўпор.

АД РЭДАКЦЫІ. Можна па-рознаму адносіцца да меркаванняў, выказаных аўтарам. Але трэба згадзіцца, што гісторыя Случчыны і памяць пра людзей, якія праславілі нашу зямлю, заслугоўваюць больш паважлівых адносін нашчадкаў. Пакінем убаку матэрыяльныя сведчанні мінулага, якія яшчэ захаваліся ў горадзе. Адзначым толькі, што іх — адзінкі. Міхась Маліноўскі ў чымсьці правы: рэдка хто сёння назаве імёны нават трох вялікіх і славутых случчан. Ведаюць пра Сафію Слуцкую (дзякуючы помніку), княгіню Анастасію (глядзелі фільм). Каго яшчэ? Узгадвайце?
Сорамна, але імёны многіх случчан, што назаўсёды ўвайшлі ў летапіс чалавецтва, гучаць за мяжой часцей, чым на радзіме, у Слуцку. Чаму? Гэта ж наша гісторыя, яна значна шырэйшая і багацейшая гісторыі КПСС.
Ці ж не заслужыла княгіня Анастасія таго, каб яе імем была названа цэнтральная плошча горада? Тым больш, што падчас яе княжання яна і ўзнікла. Не маем мы права забыць імя князя Аляксандра Алелькі, які кіраваў слуцкімі ваярамі ў Грунвальдскай бітве (дарэчы, 15 ліпеня будзем адзначаць яе 600-годдзе).
Не павінны быць забытыя князі Сімяон Алелькавіч, Януш і Багуслаў Радзівілы, Юрый ІІІ, этнограф Аляксандр Сержпутоўскі, дзяржаўны дзеяч і мецэнат Эдвард Вайніловіч, астраном Вітольд Цэраскі, вучоны-падарожнік Канстанцін Валасовіч, стваральнікі слуцкіх паясоў і шмат хто іншы.
Пра ўвекавечванне памяці Альгерда Абуховіча трэба сказаць асобна. Некалькі год таму была выраблена мемарыяльная дошка, але пытанне яе ўстаноўкі рашыць не ўдалося. У Слуцку не знайшлося ані добрай волі, ані месца для ўшанавання памяці славутага земляка. Такі ж лёс і ў памятнага знака ў гонар слуцкіх ткачых, услаўленых Максімам Багдановічам.

Міхась Маліноўскі, правадзейны член Геаграфічнага таварыства

Реклама

АПОШНІ ПРЫТУЛАК. Прах Альгерда Абуховіча пахаваны на Слуцкіх могілках у 1898 годзе. За 112 год у горадзе нічога не зроблена для таго, каб ушанаваць яго памяць. Фота: Алесь Дастанка
АПОШНІ ПРЫТУЛАК. Прах Альгерда Абуховіча пахаваны на Слуцкіх могілках у 1898 годзе. За 112 год у горадзе нічога не зроблена для таго, каб ушанаваць яго памяць.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии