Барыс Батура: Патрабаванні да ўладкавання Мінскай вобласці будуць вельмі высокімі

0

Прэс-канферэнцыя Барыса Батуры, прызначанага месяц таму новым кіраўніком Мінскага аблвыканкама, якая адбылася ў пятніцу, 25 чэрвеня, адрознівалася дынамічнасцю правядзення і лаканічнасцю адказаў, без напаўнення іх нуднымі дыпламатычнымі абаротамі, пазначэннем тэрмінаў-арыенціраў вырашэння тых ці іншых праблем сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці. На канферэнцыю былі запрошаны дзяржаўныя і недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.

Губернатар Міншчыны паабяцаў, што па пытаннях уладкавання вобласці патрабаванні будуць высокімі, а вынік гэтай працы можна будзе заўважыць праз гады два-тры. Фота Алесь Дастанка

ХАРАКТАРЫСТЫКА І НАМЕР. Адна з журналістак прывяла словы магілёўскіх калег, якія за час папярэдняга кіраўніцтва Барысам Батурай Магілёўскай вобласцю зрабілі свае высновы аб дзелавых якасцях гэтага чалавека: «Ён даў энергічным дзелавым людзям свабоду дзейнасці, шукаў магчымасці развіваць прыватны бізнес, прывёў у паказальны парадак малыя гарады, прымусіў усіх працаваць без датацый і ніколі не пакараў ні аднаго журналіста за крытыку». На пытанне, ці мае намер новы губернатар захаваць гэту схему працы і надалей, Барыс Батура сказаў: «Калі працуеш — можа здарацца рознае: бываюць і памылкі, але іх трэба прызнаваць. Паверце, патрабаванні да ўладкавання Мінскай вобласці будуць вельмі высокімі. Праз гады два-тры, мяркую, вынікі заўважым».

Реклама

ЗАРПЛАТА І ЎТРЫМАНСТВА. Самы высокі ўзровень сярэдняй заработнай платы па краіне, па словах губернатара, у Мінскай вобласці: за паўгоддзе ён дасягне 1,080 млн рублёў. Аднак трэба ўлічваць, як растлумачыў Барыс Батура, што гэта менавіта сярэдняя заработная плата, якая складаецца з заробку і працаўнікоў «Белкалія» ды «БелАЗа», і з заробку ў сацыяльнай сферы, культуры, адукацыі, медыцыне, сельскай гаспадарцы. Праводзіцца праца па скарачэнню існуючай розніцы. Насцярожвае, па яго прызнанню, што даведзены ўзровень прагнозных паказчыкаў па году не дазволіць выйсці нават у сярэднім па вобласці на 500 долараў. На гэтай падставе зараз дадаткова рыхтуюцца заданні для рэгіёнаў, каб былі ўвязаны рост прамысловай вытворчасці, сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай прамысловасці з улікам абавязку выйсці на пазначаную лічбу сярэдняга заробку. Час яшчэ ёсць, як сказаў губернатар, аднак задачу ў першую чаргу павінны ўсведамляць органы мясцовай выканаўчай улады і разумець, што з улікам патэнцыялу і развіцця раёнаў лічба-арыенцір не можа аўтаматычна пераносіцца на любы раён, як не можа быць аднолькавым для розных раёнаў і рост паказчыкаў. Тут пакуль не хапае, як было адзначана, заклапочанасці і разумення, пераважае вельмі часта нават на ўзроўні кіраўніцтва раённай улады ўтрыманства, якое ў нас захавалася з савецкіх часоў.

ЛІДЭРСТВА І ЗАДАЧЫ. Што рабіць, каб цэнтральны рэгіён быў у лідэрах? На думку губернатара, у адначассе ўсё з запланаванага не зробіш. Але існуючая дынаміка выканання прагнозных паказчыкаў усё ж унушае давер і, па яго меркаванню, у той пакрокавай стратэгіі, што была зацверджана ўрадам, асноўныя паказчыкі вобласць выканае. Гэта прыйдзецца зрабіць, як пазначыў кіраўнік, нягледзячы на існуючыя складанасці аб’ектыўнага і суб’ектыўнага характару, асабліва ў сельскай гаспадарцы і ў жыллёвым будаўніцтве, прырост якога, дарэчы, павінен скласці амаль 30% у параўнанні з мінулым годам. Адной з задач ён лічыць пераход на індустрыяльнае домабудаўніцтва з паралельным стварэннем яшчэ аднаго буйнога домабудаўнічага камбіната ў Мінскім раёне.

ІНВЕСТЫЦЫІ І БІЗНЕС. Аб’ём інвестыцый у вобласць, па прызнанню Барыса Батуры, можна павялічыць на 30−40% толькі за кошт зусім другога падыходу да патэнцыяльных інвестараў: «Складваецца вельмі часта ўражанне, што мы не зусім добразычліва адносімся да іх. Гэта не дазваляе выкарыстаць усе перавагі геаграфічнага становішча вобласці. Сама ж існуючая нарматыўная база сёння стварае спрыяльныя магчымасці будаваць нармальную працу ў гэтым накірунку».

Доля малога і сярэдняга бізнесу ў эканамічнай складаючай бюджэту вобласці, як сказаў губернатар, павінна быць не сённяшнія 23%, а каля яго паловы: «Добрыя надзеі ўскладаем на створаны ў вобласці Савет па прадпрымальніцтву, у склад якога ўвайшлі актыўныя прадпрымальнікі, здольныя праяўляць і патрыятызм, і прыцягваць тых жа інвестараў, гатовыя падказаць пра недахопы ў працы выканаўчай улады. Кіраўніцтва вобласці мае намер прыдаць новы імпульс для стварэння ў раёнах вобласці сваіх бізнес-інкубатараў, гатовых аказаць дзейсную дапамогу пачынаючым прадпрымальнікам».

ВЁСКА І ГОРАД. Губернатар спакойна аднёсся і да праблемы магчымага банкруцтва некаторых сельгаспрадпрыемстваў, пазначыўшы, што пры сённяшняй базе выпрацоўка ў сельскай гаспадарцы павінна складаць не менш за 50 млн рублёў у год на аднаго чалавека, інакш цяжка весці размову пра рэнтабельнасць гаспадаркі, яе нармальнае функцыяніраванне.

Кранаючы пытанне пра аграгарадкі і «неперспектыўныя» вёскі, губернатар перасцярог, што назва «неперспектыўныя» не зусім прыстойная, бо паралельна з развіццём цэнтральнай сядзібы аграгарадка павінна надавацца належная ўвага і астатнім яго вёскам. Немэтазгодна і распрацоўваць нейкія асобныя праграмы па ліквідацыі ці ўкрупненню вёсак — у кожным выпадку патрэбен свой падыход.

Наогул, важна кожнаму райцэнтру і нават невялікаму гарадку Міншчыны мець сваё адметнае аблічча. Пры гэтым слова архітэктара павінна быць законам для стварэння свайго «шарма». Тут павінны брацца ў разлік не каманды раённага кіраўніка ці яго намесніка, а менавіта прафесійнае заключэнне спецыяліста.

ПЛАНАВАСЦЬ І ДАКЛАДНАСЦЬ. Адсутнасць гарачай вады ў летні перыяд у раённых цэнтрах Мінскай вобласці губернатар назваў нечаканасцю, з якой ён сутыкнуўся, пераняўшы кіраўніцтва вобласці. А падрабязней кранаючы пытанне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, губернатар пазначыў, што сістэмнай структуры яе кіравання, на жаль, у вобласці няма даўно, пры тым, што самі камунальныя службы і іх кіраўніцтва на месцах з’яўляюцца, як правіла, кампетэнтнымі службамі. У бліжэйшы час, па яго словах, тут усё будзе расстаўлена па сваіх месцах, і ўсё будзе зроблена ў рамках існуючага бюджэту: «Галоўнае — утрымліваць тое, што зроблена, дамагчыся планавасці абслугоўвання ўсіх аб’ектаў. Важная задача і ў тым, каб ў жыллёвым сектары была двухбаковая адказнасць, напрыклад, за пашкоджаныя пад’езды: своечасовы якасны рамонт пад’езда раз у пяць гадоў і адказнасць за ўсе бягучыя пашкоджанні з боку саміх жыльцоў. На жаль, „недарэмонты“ за гэты час складаюць ужо 40 гадоў, і людзям патрэбна растлумачваць, што адначасова гэтую розніцу пераадолець не ўдасца — прыйдзецца камусьці чакаць крыху больш, але ад службаў патрабуецца пазначаць дакладныя тэрміны. Без гэтага не скараціць тую колькасць скаргаў, якую структуры ЖКГ атрымліваюць цяпер».

КАНСТРУКТЫЎНАСЦЬ І АДКАЗНАСЦЬ. «Нікога душыць мы не збіраемся. Запрашаем вас да канструктыўнага дыялогу і аб’ектыўна адказнага асвятлення і поспехаў, і праблем Міншчыны», — сказаў губернатар. Адказваючы карэспандэнту газеты «Борисовские новости», ён пазначыў, што аддасць каманду, каб зняць умяшальніцтва ідэалагічных службаў у пытанні распаўсюджвання недзяржаўнай прэсы і прадастаўлення ёй інфармацыі.

Паабяцаўшы праводзіць падобныя сустрэчы з прэсай рэгулярна, Барыс Батура напрыканцы папрасіў, каб адпаведныя службы адмовіліся ад неэфектыўнай практыкі папярэдняй падрыхтоўкі і размеркавання пытанняў сярод журналістаў: размова павінна быць жывой і на самыя актуальныя тэмы.

ЗВАНІЦЕ. Аб чым Вы хацелі запытаць губернатара Міншчыны? Званіце па тэл. 5−24−07

Барыс Батура

Даведка «Кур'ера»:

Барыс Васільевіч Батура нарадзіўся 28 ліпеня 1947 года ў Ваўкавыску Гродзенскай вобласці. У 1970 годзе закончыў Беларускі палітэхнічны інстытут. Да 1987 года працаваў на Гродзеншчыне, займаючыся жыллёва-камунальнай гаспадаркай вобласці. У 1987 годзе прызначаны намеснікам міністра, а з 1990 па 1999 гады займаў пасаду міністра ЖКГ Рэспублікі Беларусь, затым стаў намеснікам прэм’ер-міністра. З 2000 па 2008 гады ўзначальваў Магілёўскі аблвыканкам, з 2008 года з’яўляўся старшынём Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У маі 2010 года ўзначаліў Мінскі аблвыканкам.

Сяргей Станкевіч

Ранее:

Прэс-канферэнцыя Барыса Батуры: дынамічнасць правядзення і лаканічнасць адказаў

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии