Як адвучалі ад роднай мовы

1

Я затрымаўся на аўтобусным прыпынку, таму ў прыёмную дырэктара ўстановы культуры зайшоў запыхаўшыся. За сталом сядзела сакратарка, не першай маладосці кабета, а цераз стол — яе сяброўка.
— Спадар дырэктар у кабінеце? — запытаў я. — Ён прасіў мяне аб неадкладнай сустрэчы.
— Присядьте, отдохните. У него заместитель директора по идеологии одного городского предприятия, — па-руску адказала сакратарка. І, звяртаючыся да сяброўкі, дадала:
— Не знаю, чтобы я делала, если б ввели белорусский язык, как бы я переучивалась.
Я не ўтрымаўся і засмяяўся:
— А так, як адвучалі нас ад роднай мовы.
-А как вас отучали от «родной мовы?» — зацікавілася кабета. — Это было трудно?
— Часам крыўдна і смешна. У 1952 годзе пасля вясковай сямігодкі падаўся ў горад. На экзамен па вуснай матэматыцы прыйшоў, калі пад дзвярамі стаяў натоўп. Заняў чаргу. Адкрываюцца дзверы, выходзіць абітурыент і плача. З натоўпу пытанне: «Ну, як?» А той у адказ толькі махнуў рукою: «Два!» — і пабег са слязамі. І пакуль не дайшла мая чарга, я не бачыў шчаслівага.
У класе за сталом сядзеў мужчына-экзаменатар гадоў за сорак, на шчацэ шрам да самага падбародка. Калі я ўзяў білет, шэсць вучняў дружна падняліся і пераселі на адзін стол бліжэй да экзаменатара. Я зразумеў, што мне садзіцца трэба за апошні стол. Не паспеў я тры разы перасесці ў бок настаўніка, як адказы на ўсе пытанні білета былі гатовыя. Я вырашыў паслухаць папярэднікаў. Большасць з іх па білету адказвала правільна. Але калі экзаменатар гаварыў: «Теперь давайте побеседуем», — абітуры-енты пачыналі хвалявацца і несці лухту. «Са мною такога не будзе!» — цвёрда вырашыў я. Калі падышла мая чарга, экзаменатар пасадзіў мяне з правага боку ад сябе.
— Фамилия, имя, — спытаў ён, узяў ручку і стаў запісваць. — Читайте вопрос и сразу говорите ответ. Я чытаў пытанні білета і гаварыў адказы на іх. Ад экзаменатара чуў: «Правильно, правильно…». Але калі той сказаў: «Давайте побеседуем», — адчуў, як з-пад правай рукі па рэбрах пакаціўся пот і так гучна, быццам па барабану.
— Скажите, сколько будет три процента от числа три?" - і паглядзеў на мяне.
— А вы скажите мне, что такое процент? —  у адказ па-руску запытаўся я. Тут экзаменатар не вытрымаў, падхапіўся з-за стала. — Вы не знаете, что такое процент, а пришли сдавать математику?" - закрычаў ён. «Я спадзяюся, вы хацелі спытаць, колькі будзе тры адсоткі ад ліку тры? Калі так, дык будзе …»
У гэты момант адчыніліся дзверы, і ў клас зайшоў худы высокі мужчына. Мой экзаменатар рэзка павярнуўся да яго і спытаў: «Как будет по-белорусски процент?». Увайшоўшы збянтэжана паглядзеў на мяне, пасля на экзаменатара і спакойна так адказаў: «А черт его знает».
— Тогда надо спросить у него, — і паказаў на мяне.
Той экзамен я здаў на пяцёрку. Пазней, калі ля дошкі я нешта гаварыў па-беларуску, мой настаўнік матэматыкі, Уладзімір Пятровіч Канода, смеючыся папраўляў: «Не „адсотка“, а процент», — і часам гладзіў па галаве, ад чаго я ўзлятаў адразу на сёмае неба. Шрам на шчацэ быў ад вайны. Ён быў дырэктарам Бабруйскага аўтатэхнікума, а той высокі худы дзядзька, што зайшоў у час экзамена, — завучам, таксама франтавік. Праз паўгода большасць студэнтаў добра размаўляла на рускай мове.
…Дзверы кабінета дырэктара адчыніліся. Гаспадар кабінета развітаўся з намеснікам дырэктара па ідэалогіі і звярнуўся да мяне: «Будзьце ласкавы, заходзьце, чакаю вас».

Уладзімір Амяльчэня

Реклама

Замест пасляслоўя: 3 студзеня 1959 года на ўрачыстым сходзе Вярхоўнага Савета БССР і ЦК КПБ, які быў прысвечаны 40-й гадавіне ўтварэння БССР, Першы сакратар ЦК КПБ Кірыла Мазураў выступіў па-беларуску ў прысутнасці Мікіты Хрушчова. Пасля даклада Мікіта Хрушчоў дапякаў Мазурава і казаў: «Чым хутчэй усе мы будзем размаўляць на рускай мове, тым хутчэй пабудуем камунізм». Пасля гэтага выпадку руская мова шпаркімі тэмпамі пачала выцясняць мову беларускую.

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
wolf
wolf
24 июня 2010 23:18

З 1996 года таксама лысы дзядзька пачау нас зноу адвучать ад роднай мовы. Трэба уводзiць «трасянку» у ранг дзяржаунай мовы.