Якое жыццё — такія прыпеўкі

0

Я ехаў у Доўгаўскі сельскі савет Салігорскага раёна па журналісцкіх справах. На з’ездзе з Мікашэвіцкай дарогі на Доўгае жанчына папрасілася падвезці.«Калі вы журналіст і вам патрэбна цікавая тэма, напішыце пра нашу Святланку, загадчыцу клуба ў вёсцы Жоўты Брод. Яна сапраўдны „Светлячок“ у нялёгкім вясковым жыцці. Часам так цяжка стане, што рукі апускаюцца. Пойдзеш у клуб, пагаворыш са Святланкаю, прыпеўкі яе паслухаеш і зноў жыць хочацца. Вось яе крайняя хата з белай цэглы. Яна якраз у гэты час будзе дома», — паведаміла пасажырка.

На бразгат металічнай брамкі з хлява выйшла жанчынка ў гумавых ботах. Здзіўлены, але з лагоднай усмешкаю погляд быццам пытаўся ў мяне, чаго я турбую несвоечасова: жанчына чысціла свіны катух, выгляд не самы лепшы. А з хлява чулася рохканне свінней. Калі я расказаў пра мэту завітання, — жанчына рассмяялася: «Ёсць больш цікавыя ў нашых вёсках жанчыны, напрыклад, Ананчыцкі знакаміты хор».

«Мне патрэбна Святланка, якая для вясковых жанчын жыве «Светлячком», — паўтарыў я словы пасажыркі.
«Я звычайная Святлана Якаў-леўна, ды к таму «Супербабушка». У мяне пяцёра дзяцей, пяцёра ўнукаў і адзін хворы на стакан Іван, ды гаспадарка: тры свінні, карова (да нядаўняга часу было іх тры), конь Орлік, курэй не злічана, гусей чарада, індыкоў пятнаццаць і вывадак маладых, яшчэ пяць катоў і сабака Палкан. Дзеці жывуць у горадзе, сваіх кватэр не маюць, таму мне трэба трымаць гаспадарку і дапамагаць дзецям, бо з майго заробку на пасадзе загадчыцы вясковага клуба не надта дапаможаш. Вось перапну на свежую траўку Орліка, ды зойдзем у хату.
Толькі гаспадыня выйшла на вуліцу, як з лугавінкі цераз дарогу ад хаты адазваўся Орлік.
У хаце яна паказала мне кіпу розных дыпломаў.

Реклама

«У 1974 годзе я скончыла Магілёўскае культпрасветвучылішча і прыехала ў вёску Жоўты Брод на пасаду загадчыцы клуба. З цягам часу вёска стала «неперспектыўнай», сёння тут значыцца 78 жыхароў. Але фактычна пражывае яшчэ менш. У клуб людзі ходзяць, ладзім самадзейнасць, я спяваю прыпеўкі. Мае прыпеўкі людзям падабаюцца. Якое жыццё — такія прыпеўкі. На розных конкурсах узнагароджваюць дыпломамі. У Рэспубліканскім тэлевізійным конкурсе «Залатыя ключы» я стала дыпламантам у намінацыі «Прыпеўкі». У 2008 годзе ў горадзе Нясвіж на абласным конкурсе «Іграй гармонь» я ўзнагароджана дыпломам другой ступені за свае прыпеўкі. З імі я аб’ездзіла амаль усю Беларусь. У кастрычніку 2009 года на Рэспубліканскім конкурсе супрацоўнікаў культуры, які праходзіў у Старобіне, я заняла першае месца, і мне прысвоілі званне «Супербабушка». У вясковых жыхароў найбольшая бяда — празмерная п’янка. Не мінула гэта бяда і маю сям’ю».

На стале стаіць стакан,
Пад стаканам — таракан.
Гэты рыжы таракан
Ну якраз як мой Іван.

А мой Ваня самы лепшы
І прыгожы ён такі.
Я яго купіла ў Слуцку
За расійскія рублі.

То з канцэртам куды еду,
То на танцах дапазна.
Свайго беднага Івана
Да інфаркту давяла.

У гэты момант адчыніліся дзверы, і праз парог у хату чуць пераступіў яе Ваня — «самы лепшы».
«Вось бачыце, якое жыццё. Пра яго і прыпеўкі. А калі людзям яны падабаюцца — я рада. Жыццё многіх вясковых жанчын, як і маё, часта залежыць ад стакана».
На развітанне Святлана Якаў-леўна запрасіла прыехаць на канцэрт у вясковы клуб. Тады прыпевак можна будзе паслухаць больш.

Уладзімір Амяльчэня

“СВЕТЛЯЧОК” З ЖОЎТАГА БРОДУ. Святлана Рудакоўская са сваім канём Орлікам. Фота: Уладзімір Амяльчэня
«СВЕТЛЯЧОК» З ЖОЎТАГА БРОДУ. Святлана Рудакоўская са сваім канём Орлікам. Фота: Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии