Уладзімір Басалыга: «Караткевіч называў мяне беларускім Каналетта»

0

Вядомы беларускі графік — ураджэнец Случчыны Уладзімір Басалыга 1 красавіка адзначыў 70-гадовы юбілей. Ягоны сябра Уладзімір Караткевіч называў яго Каналетта, праводзячы паралель з італійскім мастаком XVIII стагоддзя Джаванні Антоніо Каналь (вядомы таксама пад імем Каналетта), які маляваў віды палацаў і праславіўся як майстра гарадскога пейзажа. Наш зямляк ужо шмат гадоў жыве і плённа працуе ў Мінску. Карэспандэнт «Кур'ера» напрасілася ў госці да Уладзіміра Басалыгі. Мастак расказаў пра свой шлях да беларушчыны, пра сваё нешляхетнае паходжанне, страшны і цікавы свет свайго дзяцінства.

БЕЛАРУС З ГЛЫБОКІМІ КАРАНЯМІ. Уладзімір Басалыга ўсведамляе, што першымі сімваламі нашай культуры былі бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня. Фота з архіва У. Басалыгі

БЕЛАРУС З ГЛЫБОКІМІ КАРАНЯМІ. Уладзімір Басалыга ўсведамляе, што першымі сімваламі нашай культуры былі бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня. Фота з архіва У. Басалыгі

Реклама

Мае продкі мелі прозвішча ў гонар язычніцкага Бога

— У жыцці варта азірнуцца на тое, што пражыта. Часам пачынаеш разважаць, калі б лёс ці цуда дазволілі пражыць жыццё занава, то вось гэтага я б не зрабіў, а тое зрабіў бы па-другому. Аднак гэтага быць не можа, і ні ў кога так не было. Тым больш, што Бог даў чалавеку права выбару, а выбар зрабіў вялікі - як сёння шпалераў у краме. І чалавек губляецца, што ў гэтай процьме выбраць, каб яно прывяло да толку. Права выбару адказнае і цяжкае, і крыўдзіцца можна толькі на самога сябе. А ў людзей часцей адбываецца так: калі ў цябе штосьці не выйшла, значыць, вінаваты хтосьці.

Я пішу ўспаміны для сваіх дзяцей, каб яны ведалі, як маё жыццё складвалася, якія былі абставіны. Прыгадваю, што часта паўставала задача выбару, і разважаю, чаму з гэтага куточку на Случчыне трэба было на нейкую сцяжыну выходзіць далей. Сёння семдзесят гадоў цяжарам ляжаць на маіх плячах — час падводзіць вынікі. Але я думаю, што мы іх ніколі не падвядзем. Бо так не бывае, каб усё запісаў, злажыў рукі і чакаў смерці. Жыццё цячэ…

Нехта зараз шукае сваё паходжанне шляхетнае. Мне няма калі займацца радаводам. Ды я добра ведаю, што нікуды гэта не вывядзе. Я лічу, што вытокі маёй сям'і, этнасу майго — гэта сялянскі род. Мае карані - сяляне з вёсак Бокшыцы, Васілінкі, Заполле, Ленькі, Вынісцы, Кухты. У вытоках майго жыцця ляжаць два прозвішчы. Мой дзед па мацеры зваўся Палазнік. Пра паходжанне свайго прозвішча ён нічога не ведаў. Гадоў пяць таму з энцыклапедыі я даведаўся, што, аказваецца, у палякаў, славакаў, чэхаў, славенцаў, балгар, украінцаў у язычніцкім сонме багоў існаваў бажок не першага калібру. Ён першым заходзіў у дом на Новы год і прыносіў шчасце. І зваўся гэты бажок Палазнік. Я схамянуўся не ад таго, што адшукаў вытокі прозвішча. Мяне ўсхвалявала і ўзрадавала, што мае продкі прайшлі праз сіта асяроддзя, варожага да язычніцкай веры, і не адцураліся ад яго, так, як не адцураліся ад Купалля, ад Калядаў.

Я ўсведамляю сябе як беларуса з вельмі глыбокімі каранямі, як і тое, што мова маіх продкаў была беларуская, і першымі сімваламі нашай культуры былі бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня.

Беларускую мову вывучаў як замежную

Здаецца, хто мог паўплываць на маю свядомасць, на духоўную культуру? Вучыўся ў рускамоўнай школе ў Слуцку і шмат чаго не ведаў. Беларуская мова вывучалася на тым ўзроўні, што і ангельская, — дзве гадзіны на тыдзень. Гэта быў натуральны здзек. Духоўны генацыд. Мы раслі без Францыска Скарыны, без Еўфрасінні Полацкай. Пачыналі сваё знаёмства з Беларуссю з Багушэвіча і Дуніна-Марцінкевіча. Потым былі Цётка і Багдановіч, Купала і Колас. … У маёй 10-ай школе вучылася многа афіцэрскіх дзяцей. Калі я слова «тряпка» вымаўляў як «трапка», хоць па-беларуску правільна «ануча», яны заўсёды смяяліся (і так з кожнага беларускамоўнага вымаўлення). Слова гэтае кожны дзень прысутнічала, бо трэба ж дошку выціраць. І мяне кпіны аднакласнікаў так моцна крыўдзілі! Я стаў займацца самаадукацыяй. Толькі дзе ж было беларускую кніжку купіць у тыя часы?

Як Караткевіч не падрубіў мне крылы

…Але нягледзячы на ўсе перашкоды мы як народ адбыліся, не загінулі, не згінулі. Гэта вельмі значная кропка, да якой я дайшоў па жыцці, сустракаючы вельмі цікавых людзей. З Уладзімірам Караткевічам я пазнаёміўся, калі мы з братам рабілі ілюстрацыі да ягонай кнігі паэзіі «Мая Іліяда». Я чытаў яго вершы і чуў новага для сябе чалавека, з новым мысленнем, з новымі поглядамі і з новай паэтыкай. Калі я прынёс малюнкі ў выдавецтва «Мастацкая літаратура», рэдактар спужаўся: «Без дазволу Караткевіча я іх не пастаўлю». З сённяшняга пункту гледжання я і сам многа чаго перарабіў бы, але назад час не вернеш. Караткевіч запрасіў нас з братам да сябе дамоў. Калі госці разышліся, мы разгарнулі свае ілюстрацыі. І як ён мне неяк пазней прызнаўся: «Ведаеш, Валодзя, я табе шчыра скажу, і мне не спадабаліся ілюстрацыі, але я падумаў так. Я прайшоў такі складаны пачатак свайго жыцця, мяне ніхто не падтрымліваў. Калі я цябе на тваёй першай кніжцы падрублю, то, можа, у цябе гэтыя крылы на ўсё жыццё адніму. І я пагадзіўся». Потым кніжка выйшла, у крамах яе расхваталі за месяц.

Так у нас завязалася сяброўства, з якога я вельмі многа чаго вынес. Па-першае — непахісную волю і веру ў свой народ. Гэта трохі заштампаваныя фразы. Але калі яны ў чалавека сядзяць дзесьці глыбока, і ён рэагуе на кожны неабгрунтаваны выпад супраць сваёй культуры, сваіх знакамітых людзей, то гэта ўжо ёсць прыклад упэўненасці чалавека ў тым, што ён спавядае. Тады ён не дасць зняславіць ці пакрыўдзіць. Менавіта Караткевіч натхніў мяне на серыю «Помнікі дойлідства Беларусі». Я падараваў яму сваю работу з выявай Мірскага замку, яшчэ ў той час разбуранага. Ён паглядзеў і сказаў: «Валодзя, гэта твая тэма, і ты павінен яе далей развіваць». Мне доўга прыйшлося змагацца, каб маю творчасць прынялі. Калі я прапанаваў на выставу свае работы, мне сказалі: «Мы будуем камунізм, а дзе ён у цябе тут? Ты малюеш касцёлы і цэрквы». Работы ўсё ж такі прынялі, і яны неяк прагучалі. У мяне іх закупілі, і я пачаў працаваць у гэтым напрамку.

Выстаяў, дзякуючы помнікам дойлідства

…Памятаю, як Караткевіч замовіў мне экслібрыс. У ягоным прасторным кабінеце да паталка тры сцяны былі застаўлены полкамі з кніжкамі. «Калі пісаў „Каласы пад сярпом тваім“, вось бачыш, колькі кніжак, якія я вывучаў. Каб ты ведаў, колькі тут мураўёўшчыны… — звярнуўся да мяне Караткевіч. — Дык вось, ты мне зрабі экслібрыс з Каліноўскім, і я на гэтых кніжках пра Мураўёва настаўлю экслібрысаў з яго выявай, каб гэты вешальнік там у труне перавярнуўся».

Сяброўства наша доўжылася да яго апошняга дня. І ён мяне моцна падтрымаў, калі мяне за нацыяналізм мардавалі пры Саветах. Караткевічу спаўнялася пяцьдзесят год, і яго павінны былі віншаваць прадстаўнікі творчых саюзаў. Калі яму пазванілі напярэдадні юбілею, Караткевіч сказаў: «Я хачу, каб ад Саюза мастакоў мяне віншаваў толькі Басалыга». На той час я ўжо быў пакараны: меў партыйнае спагнанне і мяне звольнілі з работы. Проста выгналі на дзесяць год беспрацоўя… Насамрэч гэта былі лепшыя мае гады, хоць спачатку мы з жонкай былі напалоханыя. Я пачаў маляваць помнікі дойлідства. Яны добра раскупляліся. Я зрабіў серыю і змог пракарміць дзяцей да таго часу, калі разваліўся Саюз. А ўжо ў 1991-м пайшоў выкладаць у Акадэмію мастацтва. Дзякуючы гэтым помнікам я выстаяў.

…Яшчэ адзін чалавек, які паўплываў на маю духоўную культуру, — мастак Лявон Баразна. Нядаўна святкавалі яго ўгодкі - 80 гадоў з дня нараджэння. Ён быў вельмі моцны і не дараваў нікому ні слова заганы ў бок беларушчыны. Яго забілі нажом у сэрца насупраць пракуратуры. Забойцаў злавілі, спачатку далі расстрэл, потым 15 гадоў. Праз шэсць гадоў іх выпусцілі. А чалавека не вернеш.

Сакрэт ігрушавай настойкі Караткевіча

Караткевіч называў мяне Каналетта, бо італійскі мастак таксама, як і я, пісаў гарады, архітэктуру. Тэлефануе мне неяк: «Ну, Каналетта, што ты там робіш?». —  Я кажу: «Перакладаю паперкі з аднаго вугла ў другі». — «Ай, кінь ты гэтыя паперкі, усё роўна яны пойдуць у макулатуру. Заходзь, Валянціна сёння зрабіла харошы халаднік, паабедаем». — Кажу: «Я зайду. Толькі ў мяне адна ўмова: ты і я піць не будзем». — «Не буду, не, і Валянціна забараніла».

Прыходжу. Селі мы. Стол накрыты па-рэстараннаму. Караткевіч гаворыць: «Валодзя, няўжо ты будзеш есці гэты халаднік от так от ні з чым?». Я кажу: «Мы ж дамовіліся…». — «Слухай. Я не буду, бо даў слова, а ты зачыні вочы». Калі я расплюшчыў вочы, толькі пазнаў, што такое Караткевіч. Стаіць пляшка. Гарэлка такая зеленаватая, як гэта бэхераўка, а ў сярэдзіне пляшкі - груша з хвосцікам. Я пытаюся: «Валодзя, як там гэта груша апынулася?». — «А ты, — кажа, — што, піў з такое пляшкі?» — «Не». — «Дык што такое — налівай». Ён мне налівае, а сабе — нарзан. Пасля кавы ён раскрыў сакрэт ігрушавай настойкі. «Ты ведаеш, у мяне ў Воршы ёсць свой сад, і там расце груша. Я чалавек неахайны і пляшкі не здаю. За лета іх набіраецца вельмі многа. Як толькі грушка завяжацца, я яе — у бутэлечку, прывязваю пляшку, і яна там расце. Павешу бутэлек дваццаць. У палове вырасце груша, а ў астатніх па розных прычынах засохне. Потым пляшкі абмываю і заліваю гарэлку. Як у госці сам іду, стаўлю на стол такую пляшку — і …гамонка канчаецца. Усе ляцяць да гэтай пляшкі, кожны хоча выпіць. Гэта цырк! І ўсе да мяне, я цэнтр увагі. У гэтую пляшку я разоў пяць наліваю гарэлку. Першы раз яшчэ грушай аддае, а потым — проста гарэлка».

Як я шукаў дываны Алены Кіш

Маё дзяцінства праходзіла пад дываном, які намалявала Алена Кіш. Ён з’яўляўся мне ў снах. Калі стаў сябрам Саюза мастакоў і ўзначаліў камісію па рабоце з народнымі майстрамі, вырашыў расшукаць яе творы і звесткі аб ёй. Мы нават прозвішча мастачкі не ведалі. Мы выехалі на Случчыну, і я завітаў да сваіх цётак. Вось што цікава, усе мае цёткі ўмелі ткаць і вышываць, разумелі прыгажосць і падбор колераў. Ва ўсіх іх захавалася Алена Кіш, а ў астатніх — прайшла мода і выкінулі. Мне мая цётка сказала, што Алену Кіш усе лічылі вар’яткай за тое, што яна вельмі заступалася за сабак і катоў. Яна хадзіла фарбаваць школу, малявала па вёсках у нямецкі час. Плацілі ёй збажыной, салам, яйкамі. Яе брат Мітрафан працаваў старастам у слуцкай царкве на кладах, якая згарэла.

Я напісаў папу Мар’янскаму, які ў Уздзе меў прыход. Ён мне падказаў, па якому шляху шукаць звесткі пра мастачку. Так я знайшоў малодшую сястру Алены Кіш — апошнюю яе блізкую сваячку. Даведаўся, што мастачка скончыла жыццё самагубствам. Утапілася ў рэчцы, таму што пасля вайны яе дываны перасталі прадавацца. З’явілася новая мода: малявалі на паперы, лакам пакрывалі і фарбы блішчэлі. Алена сядзела на гарбу ў родных, нічога не зарабляла. Яна аставіла пасля сябе спадчыну, і я кінуўся на яе пошукі. Мне ўдалося знайсці 13 дываноў. Уся гэтая калекцыя зараз захоўваецца ў Заслаўскім музеі. Некалькі дываноў я пакінуў сабе. Гэта шэдэўры. Мы зрабілі выставу яе дываноў у Мінску, выдалі кніжачку. Імя Алены Кіш — адзінае з Беларусі - трапіла ў «Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва». Гэта як прыклад: тое, што ляжыць пад нагамі, — заўтра будзе забыта, калі не звернеш увагі.

Няверуючы чалавек — шлях у нікуды

Самае галоўнае прызначэнне чалавека — працягнуць жыццё. Ён і сам працягам з’яўляецца, і павінен ушаноўваць тое пакаленне, якое было да яго, нітачку тую, якая вядзе ў глыбінь. Чалавек павінен у штосьці верыць. Калі ты не верыш у Бога, ты мусіш верыць у прыроду, у лёс. Чалавек, які не верыць ні ў ва што і здзекваецца над верай, — гэта шлях у нікуды. Калі мы з братам былі піянерамі, а пасля камсамольцамі, маці мая казала: «Я прашу: ніколі не адцурайцеся ад Бога, бо з Ім людзі жылі да вас». Я выконваў матчын запавет. Нас трое было ў матулі. Жылі мы бедна, але маці прыклала шмат высілкаў, каб не давесці сям’ю да жабрацкай торбы. Памятаю, як маму запрасілі на вяселле. Мяне там вельмі ўразіла, як яна танцуе. Я не верыў сваім вачам, так хораша яна танцавала полечку. Мацеры ў той час было 42 гады…

Страшны і цікавы свет майго дзяцінства. У мяне была адна грунтоўная мара, якая мяне не пакідала ніколі, — вяртанне бацькі з вайны. Потым, назіраючы за птушкамі - ластаўкай, якая ляціць як куля, бацяном, які лунае над зямлёю ў паднябессі - нарадзілася мара, як было б добра, каб чалавек навучыўся лятаць. Мары нараджалі ў маёй душы нешта чалавечае, моцнае, ад якога потым і адмовіцца нельга.

Вялікую ролю ў маім дзіцячым светаўспрыманні адыграў Уладзімір Садзін. Пяць гадоў, якія мы з братам займаліся ў яго, ён вазіўся з намі, пашыраў наш кругагляд, адкрываў для нас цэлы сусвет. Што значыць з нашай раўніннай Беларусі паехаць у Карпаты — гэта ўсё роўна, што да Бога ў госці. Садзін зацікавіў нас так, што мы ад яго не адыходзілі. Ён нам як бацька быў.

Перад развітаннем Уладзімір Басалыга паказаў мне альбом з эскізамі новых работ — графічнай гісторыка-архітэктурнай серыяй, у якой будуць адлюстраваны помнікі дойлідства Случчыны. Пра многія з гэтых храмаў не захаваліся выяўленчыя матэрыялы. Іх выгляд мастаку даводзіцца ўзнаўляць па сціплых пісьмовых звестках кшталту таго, што «на замчышчы стаяў сабор, а пяці главах».

Троіцкі касцёл іезуітаў, царква нараджэння Багародзіцы, Варварынская і Стэфанаўская цэрквы — гэтыя і іншыя храмы Случчыны, пра якія засталіся толькі згадкі, мы зможам пабачыць у бліжэйшы час. Мастак плануе закончыць серыю да восені і спадзяецца адкрыць выставу ў галерэі мастацтваў.

Даведка «Кур'ера»

Уладзімір Басалыга — мастак-графік. Нарадзіўся 1 красавіка 1940 г. ў Слуцку. Займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва гарадскога Дома піянераў і школьнікаў (кіраўнік Уладзімір Садзін). Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава і Дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Сябра Беларускага саюза мастакоў. Працуе ў тэхніках літаграфіі, афорта, лінагравюры, акварэлі. З 1989 года — на выкладчыцкай рабоце ў Акадэміі мастацтваў, дацэнт кафедры графікі. З 1995 г. — дэкан мастацкага факультэта Акадэміі мастацтваў. У 2001 г. абраны старшынёй Беларускага саюза мастакоў. У 2004 г. на гэтую пасаду абраны паўторна. За асабістыя дасягненні ў галіне выяўленчага мастацтва ў 1991 г. узнагароджаны медалём імя Францыска Скарыны. Творы мастака экспаніраваліся як у краіне, так і за яе межамі: у ЗША, Кітаі, Польшчы, Расіі, Германіі, Францыі, Алжыры, Індыі, Анголе і іншых. Жанаты. Мае траіх дзяцей і чацвярых унукаў.

Таццяна Гусева

ptitsina1.livejournal.com

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.