Шлях са Слуцка да Іаганесбурга

0

6 ліпеня спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння аўстрыйскага мастака, ураджэнца Слуцка Іегуды Эпштэйна (1870 — 1945). Гэты таленавіты і шматгранны жывапісец у свой час быў добра вядомы, ды і сёння на еўрапейскіх аўкцыёнах можна сустрэць яго творы, яны карыстаюцца папулярнасцю.
МАСТАК. Іегуда Эпштэйн быў папулярны, яго карціны выстаўляліся ў Вене, Берліне, Дрэздэне, Дзюсельдорфе. Гульня ў шахматы. 1892 год. Рэпрадукцыя з сайта de.wikipedia.org
МАСТАК. Іегуда Эпштэйн быў папулярны, яго карціны выстаўляліся ў Вене, Берліне, Дрэздэне, Дзюсельдорфе. Гульня ў шахматы. 1892 год. Рэпрадукцыя з сайта de.wikipedia.org

ІІегуда Меір Эпштэйн перш за ўсё праявіў сябе як майстар бытавога жанру. Тэмай яго твораў было пераважна яўрэйскае жыццё невялікіх правінцыйных гарадкоў Аўстра-Венгрыі. Працаваў таксама ў жанры партрэта, звяртаўся да гістарычных біблейскіх сюжэтаў, пісаў пейзажы.

Іегуда наведваў у дзяцінстве школу — хедэр, і магчыма што яго першым настаўнікам быў бацька — выкладчык іўрыта. Аднак аказаўся ён больш здольным не ў навуках, а ў маляванні, таму, дасягнуўшы пэўнага ўзросту, паехаў у Вільню і паступіў у мастацкую школу пры Віленскім універсітэце. Там вучыўся нядоўга: вырашыў зрабіць рызыкоўны і нават авантурны крок — не маючы ніякіх рэкамендацый, без ведання нямецкай мовы накіраваўся ў сталіцу Аўстра-Венгрыі Вену.
У 1888 годзе паступіў у Венскую Акадэмію прыгожых мастацтваў, дзе вучыўся да 1894 года. За прадстаўленую ў тым жа годзе работу «Саул і Давід» атрымаў стыпендыю для паездкі ў Італію, дзе ўдасканальваў майстэрства. Пабываў у Рыме, Венецыі. Вынікам вандроўкі сталі італьянскія пейзажы, жанравыя сцэнкі, партрэты.
Яшчэ раз мастак наведаў Італію ў 1900 годзе, пабываў такама ў іншых еўрапейскіх краінах, у Палесціне. У 1920 годзе ў Венскім Доме мастака Эпштэйн арганізаваў вялікую персанальную выставу, па заканчэнні якой атрымаў прэмію, а праз тры гады — званне прафесара Акадэміі мастацтваў. Яго імя стала папулярным, карціны выстаўляліся ў Вене, Берліне, Дрэздэне, Дзюссельдорфе.
Дзейнасць мастака прыпадае не толькі на мяжу стагоддзяў (ён згадваецца як мастак ХІХ і ХХ стагоддзяў), але і на эпоху важных і цікавых перамен у еўрапейскім мастацтве. Гэта адбілася на яго творчасці, на манеры выканання работ у розныя перыяды і на розныя тэмы. Сказвалася, верагодна, і тое, што атрымліваў прафесійную падрыхтоўку ў Вільні і Вене — мастацкіх цэнтрах, якія кіраваліся ў нейкай меры рознымі мастацкімі прынцыпамі. Некаторыя яго творы, пераважна на біблейскія сюжэты, утрымліваюць прыкметы акадэмічнага мастацтва, а пейзажы і жанравыя кампазіцыі з’яўляюцца ўзорамі класічнага еўрапейскага рэалізму, у многіх партрэтных работах адчуваецца разняволены подых французскага імпрэсіянізму, іншыя напісаны пад уплывам мадэрну.
Знаходзячыся ў Вене, Іегуда наўрад ці не ўспамінаў радзіму.

Реклама

Калі правесці аналогію з іншым мастаком — Маркам Шагалам, які назаўсёды захаваў у сваім сэрцы родны Віцебск, што знайшло адлюстраванне ў яго творах, і таму сёння імя Шагала немагчыма без узгадвання і Віцебска, то Слуцк побач з імем Іегуды Эпштэйна фактычна не гучыць. Акрамя мастацтва, Эпштэйн звяртаўся і да літаратурнай творчасці. У 1929 годзе ў Штутгарце выйшла яго аўтабіяграфічная праца «Мой шлях з усходу на захад», у якой ён апісаў і сваё дзяцінства, і жыццё яўрэйскай абшчыны невялікага, якім быў тады Слуцк, гарадка. На жаль, пераклады назвы нашага горада з нямецкай на іншыя еўрапейскія мовы рабіліся няўдала, і цяпер у рознамоўных даведніках можам назіраць разнабой і нават блытаніну. Адны пішуць, што яго родным горадам быў Sluzk у Беларусі, iншыя — Slouk і нават Слоньск. Часам згадваецца, што яго радзіма Slouk у Мінску, з-за чаго месцам нараджэння можа ўвогуле быць Мінск. Некаторыя прыводзяць, што нарадзіўся ён пад Мінскам, або ў Мінскай губерніі, а памылкова — і ў Магілёўскай. У адных крыніцах знойдзем, што яго радзіма — Sluzk у Расіі, у іншых — што ён выхадзец з Польшчы, а ў некаторых нават і з Украіны. Прычынай тут, верагодна, сталі не толькі недакладнасці з перакладам, але і недасведчанасць еўрапейскіх аўтараў у геаграфіі колішняй Расійскай імперыі.
Для мастака ж урэшце галоўнае прызванне — творчасць, і гэта блытаніна з назвамі, магчыма, не дужа важная. Але калі цяпер ужо няма такой спрэчкі наконт прыналежнасці або прычаснасці да творчай спадчыны Марка Шагала- ад яе не адмаўляюцца сёння і беларусы са сваім Віцебскам, і расіяне са сваім Пецярбургам, і тым больш французы, якія лічаць яго безумоўна сваім мастаком (не будзем забываць пра яўрэяў, для якіх гэта асоба ўвогуле стала культавай), то з Іегудай Эпштэйнам усё дакладна — гэты мастак адназначна разглядаецца як аўстрыйскі. Такім ён падаецца ў даведніках і выданнях. Размытасць жа назвы месца яго паходжання адыходзіць на другі план. Аднак нам, несумненна, трэба помніць пра мастака — нашага земляка, які праславіўся ў Еўропе.

Эпштэйн быў мастаком-падарожнікам. Выехаўшы са Слуцка ў Вільню, пазней накіраваўся далёка на захад, што адбілася і ў назве яго аўтабіяграфіі. Між іншым, рыхтаваў яму лёс яшчэ адну, яшчэ больш далёкую вандроўку — на поўдзень.
Падчас актывізацыі ў Еўропе нацыстаў, напрыканцы 1934 года, ён пакінуў Аўстрыю і аказаўся ў Паўднёвай Афрыцы, у Іаганесбургу. Там пражыў дзесяць гадоў, памёр 16 лістапада 1945 года. А ў 1949 годзе урна з прахам мастака была прывезена ў Вену і пахавана на яўрэйскім квартале гарадскіх могілак.

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии