Служылі два сябра

0

Хачу распаведаць пра нашых землякоў-лётчыкаў, случчан, якія абаранялі Радзіму пад час Вялікай Айчыннай вайны. Расказ я запісаў са слоў іх родных, якія беражліва ахоўваюць памяць аб сваіх продках.

Трухан Аляксей Яўсеевіч нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Ісерна. Здольны быў хлапчук да вучобы і марыў пра неба. Мара ягоная збылася. У 1940-м годзе ў складзе выдатнікаў вучобы і прайшоўшы медыцынскі іспыт, быў напраўлены ў лётную школу ў горад Ташкент, дзе сустрэўся з земляком, родам з вёскі Хлебны Клін, Казела Віктарам Паў-лавічам. Закончылі хлопцы школу лётчыкаў у 1942 годзе і прынялі разам баявое хрышчэнне ў небе блакаднага Ленінграда. Шмат было баявых вылетаў, бамбілі перадавыя пазіцыі немцаў пад шалёным агнём фашысцкіх зенітак. У адной такой аперацыі самалёт Трухана быў падбіты, але экіпаж вырашыў дацягнуць да сваіх. Падбітая машына не слухалася, садзіліся на ўзлесак, не дасягнуўшы аэрадрома. Добра што скінулі ўсе бомбы на варожыя пазіцыі. Ламаючы маладыя бярозкі і хмызняк, лётчыкі прызямліліся, як кажуць, на «жывот». Аляксей ужо не змог вылезці самастойна, бо былі паранены ногі, ён страціў прытомнасць. Самалёт быў увесь як сіта ад прабоін, нават тэхнікі потым дзіву даваліся, як ён не разваліўся ў небе ці пры такім прызямленні. Яны налічылі ў самалёце больш за сорак прабоін.
А лейтэнант Трухан апынуўся ў шпіталі. Трохі падлячыўшыся, быў напраўлены на курсы штурманаў і з сакавіка 1944 года біў фашыстаў у складзе трэцяга Беларускага фронта. Так разышліся франтавыя шляхі-дарогі землякоў-лётчыкаў Віктара Паўлавіча Казела і Трухана Аляксея Яўсеевіча.

Землякі нашы абодва дажылі да Перамогі, былі ўзнагароджаны ардэнамі Чырвонай зоркі, ордэнам першай ступені Айчыннай вайны, медалямі за абарону Ленінграда і іншымі ўзнагародамі. Дэмабілізаваўся капітан Трухан Аляксей з войска ў 1945 годзе па раненню, а капітан Казела Віктар працягваў службу. Загінуў ён у 1947 годзе пры іспытах новага парашута.

Реклама

Да гэтай гісторыі трэба дадаць і яшчэ адзін цікавы момант. Дваюрадны брат Аляксея Трухана жыў у ЗША. Звалі яго Іван Самусевіч, а на амерыканскі лад Джон Самсон-Сід. Ён пад час перабудовы ў 1991 годзе прыязджаў на радзіму бацькі, каб праведаць магілы продкаў. Беларускія родзічы прынялі сваяка і яго жонку Ніколь, як у нас водзіцца, — шчыра. Джон і Ніколь былі вельмі ўражаны такой гасціннасцю. За сталом дваюрадныя браты Джон і Аляксей даведаліся, што пад час вайны абодва былі лётчыкамі. Джон ваяваў у 1943 годзе ў эскадрыліі знішчальнікаў, а Аляксей Трухан у бамбардыровачнай авіяцыі. Размовам не было канца… Перад ад’ездам у ЗША Джон Самсон-Сід атрымаў ад Аляксея Трухана ў падарунак ордэн Чырвонай зоркі на памяць. Вось так, удалечыні адзін ад аднаго, два браты -беларусы-лётчыкі знішчалі аднаго ворага — фашызм.
На жаль, не дажылі нашы землякі-лётчыкі да юбілею 65-ай гадавіны Перамогі над фашысцкай навалай, але ратны подзвіг іх будзе жыць у нашай памяці.

АДНАПАЛЧАНЕ-ЗЕМЛЯКІ. Случчане, Аляксай Трухан і Віктар Казела (на фота стаяць злева), каля свайго бамбардыроўшчыка Пе-2. Фота з сямейнага архіва Труханаў. 1944 год.
АДНАПАЛЧАНЕ-ЗЕМЛЯКІ. Случчане, Аляксай Трухан і Віктар Казела (на фота стаяць злева), каля свайго бамбардыроўшчыка Пе-2. Фота з сямейнага архіва Труханаў. 1944 год.

Не забывайце нас…

Ізноў прыходзяць у снах уначы
З тых вёсак спаленыя душы,
І попел Іх мне сэрца точыць.
Нават іх словы мне б’юць у вушы.
Крычаць яны — не дай забыцца
Пра тых, хто ў вогнішчах Вайны загінуў,
І сэрца пачынае моцна біцца,
І пажар слоў Іх гне мне спіну.
Прашу, даруйце Вы мяне,
Бо я ж не быў на той вайне,
І чую словы ў адказ:
— Ты пішаш? — дык пішы пра нас,
Бо зноў з’яўляюцца «пісакі»,
Што подзвіг хочуць прымаліць.
Да Вас звяртаемся, нашчадкі,
Без памяці Вам нельга жыць.
У адказ Вам водпаведзь даём:
Нішто ў нас тут не забыта
І кожны з Вас тут не забыт.
І будзе памяць жыць аб Вас
Пакуль мы тут жывём.

Мікола Корань

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии