Паліўныя гранулы зробяць ва Урэччы

0

На Любаншчыне ў гарадскім пасёлку Урэчча адкрыўся цэх па выпуску паліўных гранул. Іх выпуск наладзіла таварыства з абмежаванай адказнасцю «Біяэнергія-Цэнтр».

Спецыяльнае абсталяванне літоўскай вытворчасці, паводле слоў Рустэма Станкевіча, дырэктара ТАА, абышлося малому прадпрыемству амаль у сто тысяч долараў. Яно ўстаноўлена ў памяшканні былога цэха па вырабу травяной мукі мясцовай гаспадаркі СВК «Урэцкі». Імпартная апаратура здольна выпускаць восемсот кілаграмаў паліўных гранул з пілавіння і драўніннай шчапы (а можна і з саломы — рапсавай або каласавых культур).

Сыравіну сюды пакуль пастаўляюць з суседняга Старадарожскага раёна. А ўвогуле ТАА плануе забяспечваць сябе сыравінай самастойна: малое прадпрыемства мае ўласную шчэпкадрабільную машыну і зараз рыхтуе дакументы на атрыманне ліцэнзіі, якая дазволіць займацца лесанарыхтоўкамі.

Реклама

Паліўныя гранулы карыстаюцца попытам на Захадзе. Таму рэнтабельнасць іх выпуску дасягае трыццаці працэнтаў і вышэй. Для Урэчча ж гэта больш двух дзесяткаў дадатковых рабочых месц. На поўную магутнасць цэх выйдзе праз месяц.

Сяргей Любшын

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии