Мікалай Крывальцэвіч. Археалагічных помнікаў няма там, дзе іх не шукаюць

0

Асноўнай падзеяй акцыі «Міжнародная Ноч музеяў», праведзенай ў Любані 15 мая, стала сустрэча любанчан з Мікалаем Крывальцэвічам, археолагам, кандыдатам гістарычных навук, старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Радзіма Мікалая Крывальцэвіча — Любаншчына — стала тым месцам, адкуль беларускі археолаг пачаў свой шлях даследвальніка. Таму на сустрэчы з землякамі шмат увагі гісторык надаў сваім археалагічным адкрыццям, якія ён зрабіў на Любаншчыне.

АРХЕАЛАГІЧНЫЯ ПОМНІКІ ЗНІШЧАЮЦЦА.
«Я з жалем праходжу па некаторых мясцінах Любаншчыны, якую пачаў вывучаць з 1980-ых гадоў, калі яшчэ быў студэнтам, — пачаў свой расказ Мікалай Крывальцэвіч. — Сёння іх ужо няма — яны знішчаны. Мясціны гэтыя былі багацейшыя: там можна было капаць і капаць, і на кожным метры зямлі знаходзіць вельмі каштоўныя для гісторыі рарытэты. Нават за дзве гадзіны свайго шпацыру ўздоўж Арэсы я паспеў знайсці прама пад нагамі рэшткі старажытных рэчаў, якія датую 3−5 тысячагоддзямі да нашай эры».

ЗНАХОДКІ Ў ЛЮБАНСКАЙ ЗЯМЛІ. Па словах Мікалая Крывальцэвіча, на Любаншчыне ёсць помнікі ад каменнага веку да 19-га стагоддзя. «Частка з іх ужо даследавана, — зазначыў гісторык. — Дзякуючы раскопкам, былі зроблены вельмі значныя высновы аб жыцці старажытных людзей на тэрыторыі Беларусі, аб іх гаспадарцы, культуры.
Зараз падручнікі гісторыі дзецям расказваюць, што дзе-небудзь у эпоху бронзавых стагоддзяў на тэрыторыі Беларусі з’явілася вытворчая гаспадарка. Я зацвярджаю, што гэтыя звесткі вельмі застарэлыя. Можна смела казаць, што нават мяркуючы па знаходкам на Любаншчыне, з 4-га тысячагоддзя да н.э. (каменныя стагоддзі) на тэрыторыі Беларусі людзі пачалі займацца земляробствам і жывёлагодоўляй. Гэтую выснову падцвярджаюць матэрыялы раскопак у вёсках Кузьмічы, Сарачы, Старыя Юрковічы і каля возера Вячэра Любанскага раёна».

ВЁСКІ-ПОМНІКІ.
«Месца, дзе зараз стаяць Старыя Юрковічы, было заселена прыкладна ў 7−6 тысячагоддзях да нашай эры, — распавядае Мікалай Крывальцэвіч. — Пад час раскопак там была сабрана вялікая колькасць матэрыялаў з каменнага, бронзавага і жалезнага стагоддзяў: наканечнікі стрэл, гарпуноў, крэмневыя і жалезныя вырабы, прылады для земляробства і гаспадаркі. Каля Старых Юрковічаў было знойдзена і даследавана славянскае жытло 6 стагоддзя — адно з самых ранніх ў Беларусі.
Каля высыхаючага возера Кузьміцкае, побач з вёскай Кузьмічы, было знойдзена старажытнае паселішча, якое адносіцца да 4−3 тысячагоддзяў да н.э. Прыкметна, што жытло жыхары гэтага паселішча будавалі на слупах прама над вадой. Там жа была знойдзена велікая колькасць костак хатніх жывёл — свіней, кароў, авечак, коз. Гэта дазваляе гаварыць аб тым, што старажытныя людзі ў тыя часы займаліся жывёлагадоўляй.
Вельмі цікавае паселішча было знойдзена побач з возерам Вячэра. Гэта вялізарная стаянка старажытных людзей была даследавана толькі на плошчы ў 700 квадратных метраў. Я пакідаў яго на будучыню для больш дасканалых раскопак. Але пару гадоў таму яго ўзаралі і пасадзілі лес. Чым жа было цікава гэта месца? Тут таксама фіксіраваўся матэрыял ад каменных стагоддзяў і пазней».

Реклама

ШТО ХАВАЕЦЦА НА ДНЕ ВЯЧЭРЫ. Як паведаміў слухачам Мікалай Крывальцэвіч, самыя багатыя сюрпрызы Любанскай зямлі чакаюць не на берагах возера Вячэра, а ў ім самім, на дне. «Вялізарную колькасць артэфактаў ужо ўдалося здабыць, але возера і зараз чакае больш сур’ёзных падводных раскопак, — лічыць археолаг. —  Менавіта на дне сённяшняга возера месцілася паселішча 4−3 стагоддзяў да нашай эры. Атрымалася падняць са дна калекцыю са 120 касцяных вырабаў з унікальнымі малюнкамі і арнаментам, таксама фрагменты керамікі, крамянёвыя вырабы. Сярод знойдзеных на дне Вячэры мастацкіх вырабаў найбольшай увагі заслугоўвае кампазіцыя з выявамі чалавека на рэштках апрацаванай косткі лася. Гэта самы старажытны малюнак чалавека, знойдзены калі-небудзь у Беларусі. Любанцы могуць ганарыцца гэтым фактам».

СЛУЧ ДАЛА НЕЗВЫЧАЙНЫЯ ПОМНІКІ. Пасля заканчэння сустрэчы з любанцамі карэспандэнт «Кур'ера» пацікавілася ў Мікалая Крывальцэвіча, ці адбываліся аналагічныя любанскім даследванні на Случчыне.
«Сам Слуцкі раён асабіста мяне, як археолага, цікавіць у меншай ступені. У асноўным я займаюся Палессем, — распавёў гісторык. — Хаця, напрыклад, саму раку Случ (да Слуцкага раёна) я даследваў. Цікавасць да ракі вялікая, і ўзнікла яна ў сувязі з вывучэннем засялення паўночнага Палесся. Усе прытокі Прыпяці - Пціч, Случ, Цна і іншыя — я вельмі ўважліва даследваў. На іх берагах удалося знайсці вялікую колькасць незвычайных помнікаў ад каменнага і бронзавага стагоддзяў да больш пазнейшых. Гэта і курганы, і гарадзішчы, і магільнікі. Многія гэтыя помнікі зараз пачынаюць перадаследваць. Не выключаю, што работы зноў будуць разгортвацца і на Случы».

Жанна Аўдзеева
Zaklin@tut.by

РАРЫТЭТ. Самы старажытны малюнак чалавека, знойдзены калі-небудзь у Беларусі, ляжаў на дне любанскага возера.
РАРЫТЭТ. Самы старажытны малюнак чалавека, знойдзены калі-небудзь у Беларусі, ляжаў на дне любанскага возера.

АРХЕОЛОГ. Мікалай Крывальцэвіч, ураджэнец Любаншчыны, распавёў землякам аб артэфактах, знойдзеных у любанскай зямлі. Фота: Сяргей Любшын
АРХЕОЛОГ. Мікалай Крывальцэвіч, ураджэнец Любаншчыны, распавёў землякам аб артэфактах, знойдзеных у любанскай зямлі.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии