Музей пад адкрытым небам стварыў жыхар вёскі Грэск

0

Жыхар вёскі Грэск Алесь Новік адпрацаваў настаўнікам гісторыі амаль 40 гадоў. Але выйсці на пенсію яму пакуль няма магчымасці. Грэская школа ніяк не можа знайсці замену гісторыку. Вось і выкладае свой прадмет да гэтага часу 60-гадовы дзядзька Алесь. Менавіта так завуць яго ў вёсцы ўсе жыхары — ад малых да дарослых. У вольны час забаўляе дзяцей расказамі пра старажытнае жыццё беларусаў. І не толькі распавядае. На ўчастку каля свайго дома Алесь Новік змайстраваў экспазіцыю з прадметаў сялянскага быту. Менавіта гэты своеасаблівы музей пад адкрытым небам наведалі карэспандэнты «Кур'ера» і пагаварылі з яго стваральнікам.

— Як да вас прыйшла ідэя стварэння музея пад адкрытым небам?
— Калісьці, яшчэ студэнтам, я ездзіў у Варшаву. Мне вельмі спадабалася, як палякі ўпрыгожваюць кафэ ды бары. Яны не саромяцца выстаўляць у якасці прадметаў інтэр'ера старыя рэчы. Вельмі прыгожа атрымоўваецца. Можа з тых гадоў у мяне і засела ў галаве задумка зрабіць нешта падобнае для людзей.
Беларуская вёска — крыніца старажытных рэчаў. Сёння на сяле атрымоўваецца такая сітуацыя: жыхары адыходзяць у лепшы свет, іх старыя хаты застаюцца нікому не патрэбныя, а зараз іх наогул пачалі зносіць бульдозерамі. Бывае зойдзеш у закінутую хату, глядзіш, а там такія старажытныя рэчы гінуць! Спачатку сцягваў гэтыя сялянскія рарытэты ў свой хлеў на лецішчы. А пазней вырашыў выставіць іх на агляд людзям.
Прывёз ступу, потым яшчэ і яшчэ. Заняўся дэкаратыўным упрыгожваннем. Атрымаўся такі вось музейчык.

— Суседзі і знаёмыя як адрэагавалі на такую задумку?
— Вельмі станоўча. Паглядзелі, паназіралі і пачалі самі прапаноўваць нейкія рэчы, што засталіся ў хатах ад продкаў. Як бы не мяняўся свет, а чалавеку ўласціва такое пачуццё, як настальгія. Асабліва аб гадах маленства. Гэта вельмі заўважна, калі тыя ж суседзі ці просты мінак падыходзяць сюды і пачынаюць успамінаць: вось у бабулі такая прылада была, а ў прабабулі - такі вось сундук…
Дзеці - асноўныя наведвальнікі гэтага музейчыку. Я рады, што ім цікава тут знаходзіцца. Няхай цешацца, вывучаюць сялянскі быт продкаў. Яны, дарэчы, прапануюць тут усё пафарбаваць і просяцца ў памочнікі.

Реклама

— Далей за стварэнне музея пад адкрытым небам вашыя планы пойдуць?
— Я лічу, што няма лепшых каштоўнасцей, чым старадаўнія рэчы. Гэта я як гісторык лічу і як чалавек.
Вось у мяне ёсць першы каляровы тэлевізар. Ёсць старая радыёла, прыёмнік, іншая бытавая тэхніка. Я ўсё гэта зберагаю. Прыйдзе час, і з гэтых рэчаў можна будзе стварыць цудоўны музей бытавой тэхнікі, каб на прыкладах расказваць дзецям, як яна развівалася.
У мяне ёсць і такая задумка. Можа адкрываю сакрэт, але я мару закапаць клад.
Калісьці ў аднаго дзядзькі я выдурыў за чырвонец куфар, акованы жалезам. Сапраўдны старажытны куфар. Зараз гэты сундук я напаўняю. Туды паклаў сваю ўласную калекцыю значкоў (іх можа тысяча сёння), манеты, іншыя цікавыя рэчы. Вось напоўню даверху, абгарну цалафанам, каб не пагніў, і закапаю. Потым складу карту знаходжання клада. І калі-небудзь пад старасць дзецям гэтую карту падсуну. Няхай шукаюць!

Вераніка Пыка

РУКАМІ ЧАПАЦЬ. Маша Неўмержыцкая, Насця Каляда, Егор Дземаш і Васіліса Федаровіч гавораць, што падобны музей ёсць у мясцовай школе. Але ж у "музеі" пад адкрытым небам усё можна чапаць рукамі. "Мы тут гуляем амаль што кожны дзень, ужо ведаем усе рэчы і для чаго яны выкарыстоўваліся. Аб чым не ведаем, пытаем дзядзьку Алеся", - гавораць дзеці. Фота: Алесь Дастанка
РУКАМІ ЧАПАЦЬ. Маша Неўмержыцкая, Насця Каляда, Егор Дземаш і Васіліса Федаровіч гавораць, што падобны музей ёсць у мясцовай школе. Але ж у «музеі» пад адкрытым небам усё можна чапаць рукамі. «Мы тут гуляем амаль што кожны дзень, ужо ведаем усе рэчы і для чаго яны выкарыстоўваліся. Аб чым не ведаем, пытаем дзядзьку Алеся», — гавораць дзеці. Фота: Алесь Дастанка

АЛЕСЬ НОВІК: “Калісьці закапаю ў зямлю куфар з усялякімі дзіўнымі рэчамі, састаўлю карту і падсуну яе дзецям: хай шукаюць!”. Фота: Алесь Дастанка
АЛЕСЬ НОВІК: «Калісьці закапаю ў зямлю куфар з усялякімі дзіўнымі рэчамі, састаўлю карту і падсуну яе дзецям: хай шукаюць!». Фота: Алесь Дастанка

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.