Першыя ўрокі беларускай мовы паслу Швецыі дала случчанка

0

Стэфан Эрыксан, кіраўнік Шведскай амбасады ў Мінску, расказаў карэспандэнту «Кур'ера» пра тое, што беларускую мову пачаў вывучаць у Пецярбургу у 2005 годзе. Першай настаўніцай мовы шведскага амбасадара стала случчанка Наталля Боева, якая выкладала ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце на кафедры ўсходнеславянскіх моваў. Журналісты называюць Эрыксана самым беларускім шведам за бездакорнае валоданне мовай. Менавіта ён пераклаў на шведскую мову творы Васіля Быкава і Уладзіміра Арлова. Напрыканцы мінулага году пасол Швецыі узначаліў клуб беларускамоўных амбасадараў.

Пасол Швецыі 14 траўня наведаў Слуцк і Салігорск разам з групай шведскіх і беларускіх літаратараў. У Салігорску ўпершыню адбыліся літаратурна-музычныя чытанні ў рамках Дзён культуры Швецыі ў Беларусі. У Слуцк госці завіталі на экскурсію. Гідам выступіў Ігар Ціткоўскі, краязнаўца, аўтар некалькіх кніг па гісторыі Случчыны, сябра рэдкалегіі «Кур'ера».
Пасля экскурсіі Стэфан Эрыксан прызнаўся, што яго ўразіла слуцкая гімназія. «Гімназія майго роднага гораду — старэйшая ў Швецыі - заснавана ў 1632 годзе. Яна маладзейшая крыху за вашую, — сказаў амбасадар. — Увогуле, нягледзячы на тое, што шмат помнікаў архітэктуры у Слуцку знішчана, склалася уражанне, што мы пабывалі ў старажытным горадзе. Дзякуючы аповеду Ігара Ціткоўскага, гісторыя ажыла. Для сябе я зразумеў, што гэта горад асаблівы для Беларусі».
Ідэя правесці ў Салігорску літаратурна-музычныя чытанні належыць Марыі Сёдэрберг, шведскай журналістке і аўтару дакументальнага фільма пра салігорскіх шахцёраў. «Я сем разоў была ў Салігорску, але, на жаль, ніколі не атрымлівалася спусціцца ў шахту, — падзялілася Марыя Сёдэрберг. — Я не разумею, чаму так адбываецца».
На сустрэчу з удзелам беларускіх і шведскіх літаратараў ў Салігорскую дзіцячую бібліятэку прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек. Вёў імпрэзу Андрэй Хадановіч, кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтра. У прамове на пачатку вечарыны Стэфан Эрыксан падкрэсліў, што гэты культурны праект для амбасады вельмі важны. «Мы лічым, што гэта вельмі добры спосаб збліжэння нас з вамі. Таму мы дзевяты год праводзім літаратурныя чытанні. Мне здаецца, што менавіта такія сустрэчы дапамагаюць нам лепш адзін аднаго разумець. Літаратура збліжае людзей». Пасол Швецыі выказаў падзяку Салігорскаму райвыканкаму за дапамогу ў арганізацыі сустрэчы і падараваў бібліятэцы кнігу «Малы і Мядзведзік» шведскіх дзіцячых пісьменнікаў Юі і Томаса Вісландэраў, якая днямі выйшла ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва».
Чаму беларусы так любіць рабіць самагонку, як журналіст «СБ» узяў інтэрв'ю у цырульніка аграгарадка, чаму, каб забыць адну вар’ятку патрэбна другая, каго часцей сустракаюць маладыя паэты — каханне, прыгажосць ці лася. Пра гэта публіка даведалася з твораў філосафа Валянціна Акудовіча, літаратаркі Анкі Упалы, празаіка Барыса Пятровіча і паэта Віталя Рыжкова.
Дарэчы Віталь Рыжкоў - наймаладзейшы ўдзельнік шведскіх дзён — упершыню упершыню ўзяў удзел у літаратурных чытаннях. «У мінулагоднім мерапрыемстве я быў гледачом, а гэтым разам — паўнавартасны удзельнік, і гэта вельмі прыемна, — сказаў Віталь у інтэрв'ю „Кур'еру“. — Мне даспадобы атмасфера бібліятэкі, і я з радасцю выступіў для людзей, гатовых слухаць».
Пачула салігорская аудыторыя вершы Марыйкі Мартысевіч пра Бога, смерць і каханне і бэрлібры Андрэя Хадановіча. Шведскія аўтары гучалі як у арыгінале, так і ў перакладах на беларускую мову ў выкананні Алены Іваннікавай, акторкі Купалаўскага тэатра.
Мацей Зарэмба, журналіст і пісьменнік, расказаў салігарчанам, што мае беларускія карані. «Тут жылі мае продкі. Калі раптам хтосьці ведае людзей, якія маюць тое ж прозвішча, што і маё, скажыце мне абавязкова», — заклікаў пісьменнік.
Кранальным для слухачоў стаў аповед шведскай пісьменніцы і перакладчыцы Азар Махлуян. На пачатку 89-х гадоў яна працавала ва Універсітэцкай бібліятэцы Тэгерана. «У той час у Іране была вельмі моцная цэнзура. Пасля рэвалюцыі 1979 года бібліятэкары пратэставалі супраць цэнзуры», — расказала Азар Махлуян. Яна перакананая, што бібліятэкары гэта не проста людзі, якія сядзяць і выдаюць кніжкі. Гэта людзі, якіх цікавіць лёс пісьменніка, лёс выдаўца. З-за сваёй актыўнасці Азар вымушана была ў хуткім часе пакінуць краіну, таму што да яе ў бібліятэку прыйшлі людзі, якія збіраліся яе арыштаваць. «Я схавалася ў людзей у Тэгеране, якіх я не ведала, і жыла нелегальна ў схованцы паўгады, — успамінала пісьменніца. — Урэшце ўсе мае рэсурсы скончыліся. Людзям, якія хавалі мяне, пагражала небяспека. Таму я ў 1982 годзе з’ехала ў Швецыю. Праз колькі гадоў я напісала кніжку, дзе распавяла пра пабег з Ірана і жыццё ў выгнанні ў Швецыі».
Андрэй Сямёнаў, кіраўнік салігорскага літаб'яднання, прадставіў гасцям лепшых мясцовых паэтаў, якія пачыталі свае вершы. Адна з паэтак настойліва прапанавала перакладчыцы патлумачыць шведскім літаратарам сэнс сваіх твораў.
«Я задаволены, што мы змаглі сабраць аўдыторыю у цудоўнай дзіцячай бібліятэцы. Публіка усё добра успрымала, як мне здаецца», — рэзюмаваў Стэфан Эрыксан. На пытанне, у якія гарады завітаюць дні шведскай культуры у наступным годзе, амбасадар выказаў жаданне праводзіць мерапрыемствы і ў Мінску, і ў рэгіёнах. «Не выключана, што вернемся ў Салігорск», — дадаў Стэфан Эрыксан.

Таццяна Гусева

Реклама

Беларускія і шведскія літаратары сфатаграфаваліся на памяць у гістарычным цэнтры Слуцка. Фота: Таццяна Гусева

Госці каля помніка ахоўніцы края Сафіі Слуцкай. Фота: Таццяна Гусева

Шведская журналістка Марыя Сёдэрберг фатаграфуе выпускніцу 1941 года старэйшай слуцкай школы Любоў Бродкіну. Фота: Таццяна Гусева

На літаратурна-музычныя чытанні з удзелам шведскіх і беларускіх пісьменнікаў у Салігорскую дзіцячую бібліятэку прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек. Фота: Таццяна Гусева

Пасол Швецыі выказаў падзяку Салігорскаму райвыканкаму за дапамогу ў арганізацыі сустрэчы. Фота: Таццяна Гусева

Шведскія аўтары гучалі як у арыгінале, так і ў перакладах на беларускую мову ў выкананні Алены Іваннікавай, акторкі Купалаўскага тэатра. Фота: Таццяна Гусева

Пісьменнік Барыс Пятровіч зачытаў фрагменты з кнігі “Жыць не страшна”, якія найболей падабаюцца шведскім калегам. Фота: Таццяна Гусева

Яніна Арлоў на імпрэзе прадстаўляла Саюз пісьменнікаў Швецыі. Фота: Таццяна Гусева

Кранальным для слухачоў стаў аповед шведскай пісьменніцы і перакладчыцы Азар Махлуян. Фота: Таццяна Гусева

Марыйка Мартысевіч чытала вершы пра Бога, смерць і каханне. Фота: Таццяна Гусева

Андрэй Сямёнаў, кіраўнік салігорскага літаб’яднання, прадставіў гасцям мясцовых паэтаў. Фота: Таццяна Гусева

Салігорская паэтка прапанавала перакладчыцы патлумачыць шведскім літаратарам сэнс сваіх твораў. Фота: Таццяна Гусева

Паэт Віталь Рыжкоў – наймаладзейшы ўдзельнік шведскіх дзён. Фота: Таццяна Гусева

Мацей Зарэмба, шведскі журналіст і пісьменнік, мае беларускія карані. Фота: Таццяна Гусева

Літаратарка Анка Упала чытала ў Салігорску камедыйны трылер пра курку Рабу і эсэ пра інтэрв’ю журналіста СБ з цырульнікам аграгарадка. Фота: Таццяна Гусева

Філосаф Валянцін Акудовіч: “Самагонку беларусы робяць, таму што любяць хавацца. Хованкі – наша нацыянальная забава, частка нашага вечнага партызанскага руху”. Фота: Таццяна Гусева

Вёў імпрэзу Андрэй Хадановіч, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра. Фота: Таццяна Гусева

Стэфан Эрыксан (на фота справа): “Менавіта такія сустрэчы дапамагаюць нам лепш разумець адзін аднаго”. Фота: Таццяна Гусева

Пасля літаратурна-музычнай вечарыны салігарчане змаглі набыць кнігі шведскіх і беларускіх аўтараў. Фота: Таццяна Гусева

Супрацоўнікі Салігорскай дзіцячай бібліятэкі пказалі шведскім гасцям дзіцячы тэатр. Фота: Таццяна Гусева

Шведскія пісьменніцы даведаліся, што на святы салігорская бібліятэкарка апранаецца ў касцюм Карлсана. Фота: Таццяна Гусева

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии