Замест танкістаў прыйдуць рыбакі

0

У хуткім часе колькасць аб’ектаў для экатурызму на Любаншчыне павялічыцца яшчэ на адзін. У такі аб’ект ператворыцца каскад штучных вадаёмаў на рацэ Няжаўка непадалёку ад гарадскога пасёлка Урэчча — былы вададром, дзе раней танкісты адпрацоўвалі навыкі пераадольвання водных перашкод.
Нядаўна гэтыя вадаёмы (а ўсяго іх тры) з агульнай плошчай воднай люстры дзесяць гектараў узяло ў арэнду прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Слівец і К».
У гутарцы з Віталем Сліўцом, дырэктарам згаданага прадпрыемства, любанскім бізнесменам, карэспандэнт нашай газеты высвятляў перспектыву развіцця былога вададрома.

Цудоўны куток

Па яго словах, вададром — адно з самых прыгожых месц раёна. Але, на жаль, апошнім часам сажалкі імкліва зарастаюць, ператвараючыся ў балота, а іх берагі становяцца сапраўднай звалкай. «Нам захацелася захаваць гэты цудоўны куток Любаншчыны. Таму і ўзялі ў арэнду вадаёмы. Аднак шлях да таго быў складаным. Пачалося з аўкцыёна, вынікі якога адмянілі. Аказалася, што адзін кіламетр Няжаўкі знаходзіўся ў рэспубліканскай схеме. Давялося звяртацца ў Дэпартамент меліярацыі і воднай гаспадаркі. У рэшце рэшт Дэпартамент сваім рашэннем перадаў той участак ракі ў распараджэнне раённых улад. Толькі пасля прадпрыемства атрымала аб’ект у арэнду ад райвыканкома», — адзначыў Віталій Слівец.

Прыкметы цывілізацыі

Планы ў арэндатара вялікія. Тут зробяць зону для рыбалоўства і адпачынку. Ужо зараз на аб’екце ідзе ачыстка берагоў вадаёмаў ад смецця. Днямі пачнецца абсталяванне лодачнай і катамараннай станцыі, каб жадаючыя маглі ладзіць водныя прагулкі. Хутка разгорнецца ўзвядзенне камфартабельнай базы для аматараў лова рыбы, якую назавуць «Бабрыная хатка». Акрамя таго, непадалёку, на трасе Р-57, з’явяцца тры аб’екты прыдарожнага сервісу: кафэ, невялікая гасцініца і кемпінг з абсталяванымі месцамі для палатак і развядзення вогнішчаў.

Реклама

Зарыбленне вадаёмаў

Цяпер самы малы з трох вадаёмаў рыхтуецца да зарыблення белым амурам і карпам. Таму лоў рыбы там забаронены. Дазволена будзе хіба толькі ўладальнікам спецыяльных пуцёвак. Сачыць за такім рэжымам карыстання даручана некалькім ахоўнікам. На дзве астатнія сажалкі (і ў іх сёлета намераны запусціць па дзесяць тысяч малькоў сома і шчупака) забарона пакуль не распаўсюджваецца: тут рыбу зможа лавіць кожны. У наступным жа годзе і там для аматарскай рыбалкі давядзецца набываць пуцёўкі. Плату ўстанавіць плануецца памяркоўную.

Каму выгадна

Камерцыйная выгада ад рэалізацыі задуманага прадпрыемствам праекта, па словах Віталія Сліўца, гэта справа перспектывы.
«Пакуль у праект трэба ўкладваць грошы. Сёлета, напрыклад, намячаем патраціць каля сямідзесяці мільёнаў рублёў. Увогуле ж за камерцыйнай выгадай не гонімся: будзем рады, калі ўдасца працаваць з нулявой рэнтабельнасцю. Іншымі словамі, за рэалізацыю задуманага мы ўзяліся хутчэй з патрыятычных памкненняў, чым з камерцыйных, — сказаў суразмоўнік.

Сяргей Любшын

СУЧАСНЫ СТАН. Момант навядзення парадку на вададроме работнікамі малога прадпрыемства "Слівец і К". Фота: Сяргей Квіткевіч
СУЧАСНЫ СТАН. Момант навядзення парадку на вададроме работнікамі малога прадпрыемства «Слівец і К». Фота: Сяргей Квіткевіч

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии