Вячаслаў Дубінка: «Выцінанка лічылася дурыкамі, а не мастацтвам»

0
Реклама

Наш зямляк случчанін Вячаслаў Дубінка ў сваім жыцці быў цеслем і мулярам, будаўніком і кухарам, геолагам і механікам, фотажурналістам і пераплётчыкам. Майстра на ўсе рукі, ён праславіўся сваімі выцінанкамі - выразанымі з паперы аплікацыямі.

Гэта традыцыйны для многіх народаў від мастацтва са сваім характэрным узорам і спалучэннем колераў. Па даследаваннях мастацтвазнаўцаў, на Беларусі выцінанкі ў сваім традыцыйным выглядзе выйшлі з ужытку ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, саступіўшы месца іншым сродкам дэкору. Адрадзіў гэтае мастацтва ў нашай краіне Вячаслаў Дубінка. Пра тое, як наш зямляк знайшоў сябе ў творчасці, як нараджаецца ў ягоных руках казка і шмат пра што іншае Вячаслаў Андрэевіч распавёў карэспандэнту «Кур'ера» у сваёй утульнай майстэрні, што месціцца ў самым цэнтры Мінска.

Выразаў казку і трапіў у пастарунак

— Калі я пачынаў займацца выцінанкай, гэта лічылася не мастацтвам, а дурыкамі, у літаральным сэнсе. Так мне па-простаму «ўрэзаў» адзін з маіх калегаў па газеце «Звязда». Цяпер жа «дурыкамі» займаюцца мо сотня аматараў гэтага віда народнай творчасці. Ці знайшоў сябе ў выцінанцы? А ў ёй я не шукаў, я проста цешыў душу.
А пачалося… Працуючы ў «Звяздзе» фотапамагатым партыі, шмат паездзіў па рэспубліцы і за яе межамі. А часу марна трацілася. На пераезды, у чаканні цягніка, самалёта. Вось і знайшоў занятак, крышыў нажніцамі паперу. Спачатаку простыя «зімовыя» сняжынкі, а пасля ўзяўся і за сюжэтныя. Пад час выцінання ў Жлобіне, калі чакаў цягніка, да мяне прычапіўся дзяжурны міліцыянт з пытаннем: «Што вы робіце?». - «Выразаю казку», — адказваю. — «Для чаго?» — насядае служывы. — «Для душы». - «Пройдземце са мной», — цягне мяне ў пастарунак і тлумачыць дзяжурнаму капітану: «Падазроны. Бачыце, усе людзі як людзі - сядзяць, піва п’юць, семкі плююць, у карты рэжуцца… А гэты ненармальны — з нажніцамі…».
Выцінанкі ў такім выглядзе, як цяпер, даўней і не было. Выцінанкай упрыгожвалі хату да Каляд, на Вялікдзень. Сціплыя фіранкі на вокны, разеткавыя рушнічкі для абразоў, палічак. Сюжэтных кампазіцый не рабілі, хіба культавыя — для касцёлаў. На жаль, узораў амаль не захавалася.

— З кім з вучняў Уладзіміра Садзіна Вы падтрымліваеце сувязь? З кім сябруеце?
— Я сам не лічу сябе вучнем Садзіна, паколькі займаўся не маляваннем, а выпілоўваў лобзікам карункавыя кампазіцыі з трохміліметровай фанеры, майстраваў палічкі, табакеркі.
Вучняў Садзіна з адзнакай якасці можна пералічыць па пальцах: Уладзімір і Міхась Басалыгі, Уладзімір Цеслер, Георгій Скрыпнічэнка. Да іх трэба прылічыць Мікалая Карзова. Ён выдатны рысавальшчык, аднак, на жаль, не знайшоў у сабе мужнасці, каб крочыць да мэты гэтак жа апантана, як, напрыклад, браты Басалыгі. З усімі падтрымліваю творчыя і дзелавыя стасункі.

Дзецям мабільнік цікавейшы за выцінанку

Реклама

— Чула пра тое, што Вы перадавалі свае мастацкія сакрэты выцінанкі дзецям? Ці прыносіла Вам гэта задавальненне?
— Мая спроба займацца з дзецьмі, каб навучыць іх майстэрству выцінанкі, поспехаў не мела. І прычын таму шмат. Сучасныя дзеткі ўжо цалкам сапсаваныя тэлевізіяй, кампутарам, мабільнымі тэлефонамі. Як крыўдна было бачыць фанабэрлівых, нахабных, безтактоўных шасцікласнікаў, якія кідалі адзін аднаму па мабільніках пахабныя анекдоты. Якія тут заняткі па мастацкай выцінанцы! Дасі заданне — ён, нахабна пазіраючы ў вочы, парэжа паперу на аскабалкі, зробіць «прабойчык» і шпурляне ў патыліцу дзяўчыне. Мы ў свой час для настаўнікаў былі анёламі, якія з маленства прывучаліся да працы.
Немагчыма навучыць таму, да чаго не ляжыць душа. А сучасныя дзеці не прывучаны мазальком нешта ствараць. Давай ім гатовенькае, як дзіцячая раскраска, — бяры і малюй. Але і гэта хутка надакучыць: на мабіле цікавей.

— Дзе Вы знаходзіце тэмы для сюжэтаў выцінанкі? Што Вас натхняе?
— Сюжэты для выцінанкі ўсюды — куды ні кінь вокам. Старая каплічка ў засені хвойкі. Магутны дуб на ўзлеску. Збуцвелы ветрачок у голым полі, які ветру жаліцца. А колькі казачных герояў просяцца на паперу! Тут і лесавік, і вадзянік, і ліса-хітруха, заяц-круцялей, конік. А ў бабуліным агародзе героі на кожным кроку. Пявун на плоце. Каток у разоры. Не лянуйся, працуй, цешся, што нажніцы вострыя, паперы ўдосталь, а сонейка не лянуецца, падсвечвае і па-добраму пацвельвае, натхняючы.
За гады творчасці героямі маіх выцінанак красаваліся і птушкі-павы, снягуркі, канькі-гарбункі, былінныя волаты — усіх і не пералічыць. Выцінанкі - усмешка душы. Як працую з нажніцамі - душа спявае!

Мастак жыве. Каго корміць банк, а каго — алігарх

— Ці плануеце паказаць у родным Слуцку выставу сваіх выцінанак?
— Гэтае пытанне найперш супрацоўнікам Слуцкай галерэі мастацтваў. Была прапанова. Як я зразумеў слуцкіх галерэйшчыкаў, дык павінен сам набыць рамкі са шклом, зарамаваць работы, прывезці іх у Слуцак, а арганізатары паставяць «птушку». Не, дарагія таварышы, так робіцца хіба ў слабаразвітых краінах. Мы ж жывем у краіне, дзе стабільна і «Дажынкі» праводзяць, і Лядовыя палацы будуюць. Таму будзем рабіць гэта цывілізавана. Давайце 40−50 шкляных рамак 40Х60 см, дасылайце ў Мінск свайго чалавека. Усе работы рыхтуем да выставы, выпускаем каляровы буклет, назначаем дзень адкрыцця. Па маіх падліках, выстава ў Слуцку будзе каштаваць каля 1,5 млн рублёў. Столькі каштуе, наколькі ведаю, добрая хакейная клюшка…

— Вячаслаў Андрэевіч, як на вашу думку, ці магчыма сёння мастаку пражыць, зарабляючы толькі ўласнай творчасцю?
— На сучасным этапе мастак жыве, нягледзячы ні на якія катавасіі. Каго корміць банк, а каго — алігархі. Каму як пашанцуе, калі па шчырасці. За свае выцінанкі я не пражыў бы, як бы не пнуўся. Аформіў некалькі кніжак паэзіі, дзіцячыя казкі, паэтычны дзіцячы зборнік А. Вольскага «Жывыя літары». Некалькі маіх работ набыў Беларускі Нацыянальны музей.
Хіба сесці на Камароўцы і рэзаць профільныя партрэты, як гэта робяць дзядзькі на Поўдні - у Крыму, Ялце, Сочы. Тысяча — галоўка, але… міліцыя ў пастарунак пацягне, падатнікі лыткі парвуць!

Саюз аблазіў з «лейкай» і блакнотам

— Чула пра тое, што падарожжы — адзін з вашых улюбёных заняткаў. Вы шмат вандравалі па свеце. А ў які куточак Беларусі Вам хацелася б вярнуцца яшчэ раз?
— Матуля жартавала: цікава зазірнуць, як расце боб, гарох ці сланечнік па суседству, а скокнуць па небу на 14 тысяч кіламетраў і апынуцца на Калыме — яшчэ большае дзіва. А такіх дзівосаў у маім жыцці - безліч!
Падарожнічаю аж з сёмага класа. Абабраў у суседа яблыньку, напакаваў мяшок і ўранні зацягнуў на слуцкі сокавы завод, атрымаў чырвонец, набыў білет на Урэчча. А там «зайцам» на даху цягніка пагазаваў у Адэсу, пераначаваў на беразе Чорнага мора і да хаты. Атрымаў і «ганарар» — матуліных розгаў. З тае пары і падарожнічаў па свеце. Савецкі Саюз аблазіў з «лейкай» і блакнотам. Сплаўляў платы па Енісею, ганяў коней па Алтаі, скуб жывіцу ў Краснаярскай тайзе. Пасля кожнага падарожжа з радасцю вяртаўся дадому, А Беларусь абхадзіў уздоўж і ўпоперак, здымаючы, занатоўваючы, дзівячыся родным мясцінам. А ў Беларусі ўсе куткі цікавыя, хай сабе Клецк, Капыль, Бабоўня, Старобін.

Я паліў дзённікі з двойкамі пад Чортавым мастом

— Якім запомніўся вам Слуцк вашага дзяцінства?
— Слуцак майго дзяцінства… Пятая сярэдняя школа, рачулка Случ, Чортаў мост, дзе я прагульваў урокі, паліў дзённікі з каламі і двойкамі. Сваю адзіную пяцёрку за пяць гадоў вучобы я атрымаў за верш Кандрата Крапівы «Падзяка Сталіну», які і цяпер памятаю. Бегалі на кінасеансы ў 1-ы гарадок. Прасціну нацягвалі паміж двух слупоў, салдаты сядалі з правага боку, а мы, пацанва, — з «тылу». Але цешыліся. «Чапаева» глядзелі ўсё лета.
Шмат працавалі, дапамагалі бацькам ужо з чацвёртага класа. Білі шашу, разгружалі вагоны са шчэбнем на чыгунцы, пасвілі кароў, коней.

Фотарэпарцёры былі пекарамі фотабулак

— Як так атрымалася, што Вы змянілі прафесію будаўніка на працу фотакора?
— Пайшоў вучыцца на будаўніка пасля заканчэння сярэдняй школы. Атрымаў дыплом тэхніка-будаўніка, два гады працаваў прарабам будаўнічага ўпраўлення № 15, будаваў ракетныя пляцоўкі на Палессі.
Душа гарнулася да журналістыкі. Набыў старэнькі фотаапарат «Зеніт» і засынаў з ім, каб уранні кінуцца ў новы фотазабег, здымаючы ветрачок у Вялікай Сліве, сівых дзядоў у Кляпчанах, заход сонейка, сіверны ранак… З тае пары, як толькі зрабіў першы фотаздымак і надрукаваў яго ў слуцкай раёнцы, зразумеў, што мая сцежка не ў прараба, а ў журналістыку. І так разагнаўся, што апынуўся ў цэнтральнай «Звяздзе». А там усё бягом! Тэрмінова ў нумар! Святы, партканферэнцыі, фестывалі, з’езды маленькія і гістарычныя. Тысячы фотаздымкаў ударнікаў, перадавікоў, акадэмікаў, дзяржаўных дзеячоў.
За сваю творчую эпапею мне давялося працаваць фотакорам любанскай, салігорскай, лагойскай раёнак. Калі быць шчырым, дык фотарэпарцёр раёнкі тае пары — пекар фотабулак. Так у нас называлі фотаздымкі ўдарнікаў калагснае нівы, лепшых даярак, свінарак, механізітараў. Без фотаздымкаў раёнка нагадвала акопную праўду часоў вайны.

— Ці прыходзілася Вам выконваць недарэчныя рэдакцыйныя заданні?
— Шмат было пустога, аднадзённага, на патрэбу аднаго дня, дзеля пустамельства, дэмагогіі. А вось прыклад. Салігорская газеты. 1963 год. Гукае мяне сакратар па перадавой прапагандзе і загадвае: «Газуй у Старобін, адтуль у Гарохавічы. Так здымі цэркаўку, каб яе разбурылі, не шкадуючы… Выбірай тое, самае-самае негатыўнае, усёк?». Без сораму і цяпер не магу прыгадваць тую паездку. Мае здымкі спатрэбіліся камісіі як доказ, што цэркаўка ледзьве дыхае!

— Якія гісторыі з вашай журналісцкай практыкі вартыя мемуараў?
— Ужо пішу і збіраю цікавыя прыгадкі, сустрэчы з выбітнымі людзьмі. У маладыя гады я меў нахабства паехаць аж у Маскву да вялікага лялечніка Сяргея Абразцова, пісьменніка Барыса Палявога, танцоўшчыка Махмуда Эсамбаева.

Калекцыянаванне як лекі для душы

— Гавораць, што ў вас шыкоўная калекцыя значкоў і марак. Што з’яўляецца гонарам вашай калекцыі?
— Дзякуючы калекцыянаванню паштовых марак і запалкавых налепак, я прызвычаіўся бачыць прыгожае, многа чытаў, трэніраваў зрокавую памяць, а гэта спатрэбілася ў прафесійнай фотажурналістыцы. Калекцыянаванне — цудоўныя лекі для душы.
Мая калекцыя значкоў не захавалася, а вось паштовыя маркі берагу, хоць калекцыя звычайная, да шыкоўнай не хапіла ў свой час грошай. Я з дзяцінства быў памешаны на збіральніцтве. Збіраў фанцікі, абгорткі ад цукерак, ад карабкоў папярос, запалкавыя налепкі, календары… Дзякуючы паштовым маркам, я знайшоў шмат прыяцелеў за межамі Саюза, па ўсіх кантынентах, меў шчыльную перапіску. А гэта вялікі клопат для кэдэбэшнікаў Слуцка. Яны сачылі за мной доўгі час, ускрывалі маю пошту, выклікалі на «бяседу».

Прапанову мне зрабіла будучая жонка

— Хто адыграў у вашым жыцці самую вялікую ролю?
У сваім жыцці варта пакланіцца матулі. Яна і ёсць той чалавек, які вёў па жыцці сваім прыкладам, шчырасцю і мацярынскай пяшчотай. Матуля вучыла цярплівасці, ашчаднасці, дабрыні і спагадзе. Шасцярых дзяцей выгадавала, паставіла на ногі.

— Дзе і як Вы пазнаёміліся са сваёй жонкай? Як рабілі прапанову?
— Сваю палавіну я сустрэў на тлумнай вуліцы Мінска, узяў адрас і …з'ехаў аж на Цяньшань, у горы, адкуль даслаў ёй рамантычнае пасланне, якое пакарыла яе. Журналіст жа, насабачыўся красіва пісаць! А прапанову зрабіла яна. А я ўсцешыўся! І ўжо трыццаць гадоў цешуся.

— Вашыя ўяўленні пра сямейнае шчасце.
— Чым менш мы будзем гаварыць пра сямейнае шчасце, тым яно больш будзе ўтульным і шчырым. Сямейная ідылія — свой рабочы куточак, паліца з кнігамі любімых аўтараў, дубовы стол з лаўкамі на кухні, роўныя адносіны паміж роднымі. Адзін раз на год магчымасць скокнуць у Грэцыю альбо Іспанію, пагрэць хрыбет на цёплым жвіры, пацешыцца еўрапейскімі прысмакамі і адчуць сябе шчаслівым. Мы ж зусім не ведалі таго, як маркотна, нецікава і бедна мы жылі.

— Кажуць, што вы майстра на ўсе рукі. Для дзяцей і ўнукаў рабілі калі-небудзь цацкі hand-made?
— У сваім жыцці я быў цеслем, мулярам, брыгадзірам комплекснай брыгады, тэхнікам-пуцейцам, прарабам, кухарам на кацеры, механікам на рыбалоўным тралеры, геолагам па «прымусу», пераплётчыкам. Даводзілася рабіць штучныя кветкі на продаж. Мо і даволі. А цацкі рабіў са школьнае пары… Сваім дзецям пры дапамозе выцінанкі майстраваў казачныя церамочкі, лялькі са скуры, а сябрам — куфэркі, нататнікі. Не прападу без кавалка хлеба! Бо рамяство — не вясло: за плячыма не цягаць.

Усе мы жывем, чакаючы дзіва

— Пра што з няздзейсненага вы ў сваім жыцці шкадавалі?
— Шмат растраціў жыццёвага запалу, працуючы фотапамагатым партыі, здымаў шмат пустога, а побач жылі выбітныя людзі, людзі сапраўднага Духу, духу Адраджэння. Перабіраю свае негатывы і шмат якія без шкадавання кідаю ў сметнік. Хоць ты пачні жыццё спачатку. Але цягнік пагнаў за небакрай.

— Калі б вы рабілі інтэрв'ю з самім сабой, якое пытанне задалі б сабе?
— Інтэрв'ю з самім сабой? А яно — кожны дзень, пачынаючы са світання. Толькі «пытальнікі» самыя розныя — у сэнсе субяседнікі. І тыя, хто пайшоў з жыцця, кідаюць нязручныя пытанні, адказ на якія не знаходзіцца. Усе мы жывем, чакаючы дзіва, грошай, новай кватэры, чарговае свята, падарожжа ў дзівосную краіну…

Таццяна Гусева
ptitsina1.livejournal.com

МАЙСТАР І ТВОРЫ. За гады творчасці героямі выцінанак Вячаслава Дубінкі красаваліся птушкі-павы, канькі-гарбункі, былінныя волаты - усіх не пералічыць.  Фота з архіва Вячаслава Дубінкі
МАЙСТАР І ТВОРЫ. За гады творчасці героямі выцінанак Вячаслава Дубінкі красаваліся птушкі-павы, канькі-гарбункі, былінныя волаты — усіх не пералічыць. Фота з архіва Вячаслава Дубінкі

Реклама