Нечаканая сустрэча

1

У дні, калі святкавалася 65-я гадавіна Перамогі над фашыстскай Германіяй, успомніў выпадковую сустрэчу з немцам у адным невялічкім, па германскім меркам, магазіне…

Я, як сёння кажуць, дзіця вайны, і добра памятаю той дзень, калі ў сонечную раніцу нядзелькі 22 чэрвеня 1941 года на суседнюю нафтабазу ўпала першая бомба, а другая — на ваенны гарадок у мястэчку Урэчча. Так для нас пачалася вайна. Зімой 1941 — 42 гадоў упершыню сустрэўся блізка з немцам. З суседскім хлапчуком, старэйшым за мяне гады на два, мы ішлі на станцыю паглядзець, з чым там стаяць вагоны. На першай стрэлцы сустрэў часавы. Яго вобраз добра помніцца і сёння: пілотка нацягнута на вушы, на ботах лапці з саломы. Ад яго пазнаў першы ўрок нямецкай мовы: «Кіндэр, кальт!». Я здагадаўся, аб чым ён гаворыць, бо не зразумець было немагчыма. Немец стукаў нагою аб ногу, хлопаў сябе па баках лёгкай шынелькі, яго аўтамат на рэмні боўтаўся па грудзях, як тая калодка, што вешалі надворнай свінні, каб далёка не забегла. І такім немец мне запомніўся на доўгія гады.
Мінулі дзесяцігоддзі, выраслі мае дзеці. Старэйшы сын стаў ваенным, грамадзянінам Расіі, а самая малодшая дачка жыве замужам за немцам у Германіі. Сярэдняя дачка ў гэтыя дні знаходзіцца ў доўгатэрміновай камандзіроўцы ў Еўропе. Яна валодае польскай, нямецкай, англійскай і шведскай мовамі, таму някепска ведае, якія яны там, еўрапейцы, як ставяцца да нас. Вось пры такіх жыццёвых маіх акалічнасцях у сакавіку 2008 года адбылася нечаканая сустрэча ў невялікім магазіне горада Рэгенсбург.
Паміж прылаўкаў ішла дачка, здымала і клала рэчы ў каляску, якую я піхаў перад сабою. І калі каляска стала напамінаць капу сена, якую беларусы кладуць у час сенажаці, нечакана нехта пастукаў мяне па плячы. Я аглянуўся. За мною стаяў пажылы чалавек, глядзеў на мяне і пасміхаўся. Паказваючы пальцам на каляску, ён спытаў: «Рус?»
«Найн, беларус, вайсрус, — горда адказаў я і дадаў: Мінск». Пасля слова «Мінск» з маім немцам стала рабіцца нешта страшнае: ён увесь затросся, з вачэй паліліся слёзы… Я не стаў разумець яго гаворку і пазваў на дапамогу дачку.
«У 1944 годзе нас, маладых нямецкіх юнакоў, прывезлі ў Мінск, правялі праз горад і вывезлі ў поле, у акопы. Мы павінны былі стрымліваць наступленне Савецкай Арміі. Калі той час наступіў, нас проста рэзалі, як баранаў. Мы, 28 чалавек, зрабілі вось так, — і немец падняў рукі ў верх. — Ужо ведалі, што вайна скора скончыцца. Нас, палонных, трымалі ў полі. Да вечара савецкія салдаты нярэдка напіваліся, ігралі на балалайцы. Аднойчы, калі п’яныя ахоўнікі спалі, мы ў траіх уцяклі. У мяне быў компас, які дапамагаў арыентавацца. Праз пяць месяцаў я быў дома, у Баварыі. Мая радзіма была акупавана амерыканцамі. Пасля вайны я працаваў электрамеханікам, вырасціў траіх дачок. Адна працуе ў Ізраілі доктарам, другая — інжынерам у горадзе Рэгенсбург, збірае аўтамашыны БМВ, трэцея — бухгалтар». Нечакана немец спытаў у мяне: «Ты цяжка жывеш?» — «Не», — адказаў я.
«А навошта так многа бярэш?» — спытаў ён, паказваючы на каляску. У адказ я ляпнуў першае, што прыйшло на язык: «Каб жыць яшчэ лепш!»
Немец вылупіў вочы, не разумеючы мяне. Але перапытаў, ці патрэбна мне дапамога. Вядома, ад усякіх дапамог я адказваўся, запрасіў яго прыехаць у Мінск. Абяцаў дапамогу ў Мінску, але немец скардзіўся на дрэннае здароўе, хоць вельмі хацеў бы паглядзець на Мінск, на тое поле, дзе здаўся ў палон савецкім войскам і адкуль пасля ўцёк. Мы абмяняліся адрасамі, фатаграфіраваліся.
Прайшло больш за два гады з той сустрэчы. Я ўспамінаю цябе, Герман Непл, і спадзяюся, што ты па — ранейшаму бадзёры, жадаю здароўя. Жыві і не забывай тую страшную бойню.

Уладзімір Дамель

Реклама

ПАЛОННЫЙ. Герман Непл, які пад Мінскам здаўся ў палон і пасля збег з яго. Фота: Уладзімір Дамель
ПАЛОННЫ. Герман Непл, які пад Мінскам здаўся ў палон і пасля збег з яго. Фота: Уладзімір Дамель

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Павел
Павел
12 мая 2010 15:44

Ці не найлепшае, што давялося прачытаць апошнім часам з нагоды юбілею. Ніякага бразгату зброяй і крыважэрных лозунгаў. Здароўя ўсім, хто ваяваў ці проста выжываў у тыя нялёгкія часы.